Магілёвец дамогся ліквідацыі будаўнічага браку ў сваёй кватэры праз 4 гады пасля наваселля
Магілёвец Анатоль Кляцко праз суд дамогся ліквідацыі будаўнічага браку ў сваёй кватэры і выплаты матэрыяльнай шкоды у Br14 млн праз чатыры гады пасля наваселля.
Падрабязнасці гэтага рэзананснага здарэння паведаміў тэлеканал АНТ.
Вердыкт па справе вынесла калегія Магілёўскага абласнога суда, якая разглядала касацыйны зварот на рашэнне суда першай інстанцыі, што абавязвала адказчыка — арганізацыю-забудоўшчыка (Бабруйскі завод буйнапанельнага домабудавання) не толькі ліквідаваць праблемы волкасці і цвілі на сценах кватэры Анатоля Кляцко, але і спагнаць з яе ж маральную шкоду ў Br50 млн.
Прадстаўнік Бабруйскага завода буйнапанельнага домабудавання Аляксандр Лабейка ў час пасяджэння калегіі прасіў зменшыць пазоўныя патрабаванні, пагадзіўшыся на ліквідацыю будаўнічых недаробак.
Магілёўскі абласны суд, вывучыўшы матэрыялы справы, прыняў рашэнне ў пазове аб пакрыцці маральнай шкоды адмовіць са спасылкай на закон «Аб абароне правоў спажыўцоў».
Суд палічыў, што заканадаўчая норма распаўсюджваецца на дамоўную аснову. Па справе ж атрымліваецца, што паміж грамадзянінам Кляцко і заводам БПД ніякай дамовы не было заключана. Як высветлілася, дамова ў гаспадара кватэры Анатоля Кляцко сапраўды была заключаная не з бабруйскай будаўнічай арганізацыяй, а са сваім жыллёва-будаўнічым кааператывам. Па словах гаспадара кватэры, атрымаўшы ключы ад яе 4 гады таму, ён беспаспяхова спрабаваў вырашыць праблемы волкасці і цвілі на сценах з дапамогай старшыні свайго ЖБК.
Начальнік юрыдычнага аддзела гарадскога таварыства абароны спажыўцоў Мінска Юрый Варапай лічыць, што ў дадзенай сітуацыі, калі спажывец звярнуўся па гарантыі ў арганізацыю і па гарантыі яго правы не былі выкананыя, то ўступае ў сілу права на якасць, якое дае спажыўцу фактычную падставу звярнуцца па кампенсацыю маральнай шкоды.
Толькі ў працэсе суда будаўнічая арганізацыя нарэшце ўзялася за ліквідацыю недаробак:
уцяпліла сцены паміж кватэрай і лесвічнай пляцоўкай, умацавала гідраізаляцыю. Да гэтага Анатолю Кляцко давялося прайсці чатыры экспертызы і пастаянна перапісвацца з чыноўнікамі. Ці працягне ён судзіцца з патрабаваннем кампенсацыі маральнай шкоды, пазоўнік вырашыць пасля кансультацыі з адвакатам.
Каментары