Галоўны ідэоляг Мядзельшчыны забараніла дзіцячаму прытулку браць падарункі ад БНФ.

Галоўны ідэоляг Мядзельшчыны забараніла дзіцячаму прытулку браць падарункі ад БНФ. Ад сёлетняй вясны Партыя БНФ зьбірае ад людзей патрэбныя цяжка хворым дзецям і дзецям‑сіротам рэчы і перадае гэтую дапамогу малым пацыентам анкалягічных дыспансэраў і аддзяленьняў, іншым дзецям у бядзе. У Мядзеле прыняць дапамогу адмовіліся, але не кіраўніцтва тамтэйшага прытулку, а «вэртыкаль».
Апавядае Вінцук Вячорка:
«Перад 20‑й гадавінай Чарнобыльскай катастрофы мы абвясьцілі збор рэчаў для малых пацыентаў дзіцячага онка‑гематалягічнага дыспансэру ў Бараўлянах. Людзі прыносілі рэчы літаральна штодня. Мы завезьлі іх у Бараўляны, а потым вырашылі, што гэтая справа не павінна быць разавай кампаніяй. Пасьля гэтага мы перадавалі сабраную дапамогу хворым у тры мэдычныя ўстановы розных абласьцей. Але сутыкнуліся з чаканаю праблемаю. Пэўныя кіраўнікі мэдычных установаў, шчыра дзякуючы за дапамогу, баяліся, што факт яе аказаньня будзе вядомы іхнаму начальству і пашкодзіць ім. Мы стаміліся ад такой кансьпірацыі. Вырашылі дзейнічаць адкрыта. Высьветліўшы, што Мядзельскаму прытулку патрэбная дапамога, перш напісалі тамтэйшай адказнай за ідэалёгію Надзеі Герновіч. І яна… забараніла дзіцячаму прытулку атрымліваць дапамогу на той падставе, што там і так усё добра!»
«Але ж нідзе ў сьвеце, нават у самых заможных краінах, установы для дзецяў‑сіротаў не раскашуюць і ахвотна прымаюць дапамогу! Акрамя таго, мы павінны цаніць шчыры парыў нашых людзей, якія такую дапамогу хочуць даць. Дык няўжо Мядзельскі дзіцячы прытулак купаецца ў раскошы?!», — рытарычна пытаецца Вінцук Вячорка.
Каментары