А вось пельмені і сырнікі са школьнага меню выключаць.

Новыя стравы з’явяцца ў меню сталічных школ пасля вясновых канікулаў. Пра гэта паведаміла Мінск-Навінам дырэктарка Камбіната школьнага харчавання Людміла Крупская.
КШП распрацоўвае двухтыднёвыя рацыёны паводле сезонаў. Якраз цяпер — вясновы. І з пачатку чацвёртай вучэбнай чвэрці дзецям прапануюць абноўленае меню.
Так, з яго выключаць сырнікі і пельмені. Пасля правядзення анкетавання вучняў ва ўсіх школах стала зразумела, што гэтыя стравы хоць і падабаюцца дзецям, але ўжо здаюцца даволі звыклымі і будзённымі.
— Таму прапануем дзецям альтэрнатыву — нагетсы з соусам «Казка», — распавяла Л. Крупская.
Яшчэ адна навінка — катлета «Банзай». Яна таксама складаецца з курынага філе з даданнем натуральных спецый, напрыклад часнаку. Падавацца страва будзе ў форме сэрца.
— Гэтыя пазіцыі ўвойдуць у меню школьнікаў 1— 11‑х класаў, — удакладняе Л. Крупская. — Рацыён вучняў сярэдняй і старшай школы таксама будзе дапоўнены курынымі каўбаскамі ў натуральнай абалонцы.
Паводле слоў суразмоўцы, КШП штодня адсочвае колькасць харчовых адкідаў, што застаюцца пасля прыёмаў ежы. Гэта дазваляе прааналізаваць, якія стравы падабаюцца дзецям, а ад якіх варта адмовіцца. Безумоўна, «з’ядальнасць» порцый залежыць і ад часу прыёму ежы, і ад майстэрства кухараў.
— Але агульныя тэндэнцыі ёсць, і мы іх адзначаем. Па-першае, дзеці засумавалі па мясных стравах.
Таму ў меню вяртаем біточкі курыныя з сырам.
Па-другое, звярнулі ўвагу, што меншай папулярнасцю ў дзяцей карыстаюцца гарніры. У меню ўключаны бульбяное пюрэ, запечаныя бульбяныя долькі, кашы — грэцкая і рысавая. Таксама быў булгур, які дзецям не вельмі спадабаўся. У наступным двухтыднёвым рацыёне мы заменім яго на іншую крупу, — адзначыла Л. Крупская.
Добрая навіна: у меню застануцца бліны, працэнт адходаў па якіх мінімальны і не перавышае 10 %.
— Зараз вучні атрымліваюць гэтую страву з рознымі начынкамі: тварагом, вішняй, а з новай чвэрці будуць яшчэ і з яблыкамі і карыцай. У перспектыве прапрацоўваецца пытанне ўвядзення бліноў з вяндлінай і сырам, — удакладніла дырэктар КШП.
У топе любімых страў у дзяцей — тартылья з двума начынкамі: сырам і яйкам, сырам і каўбасным вырабам. І ў новым меню яна застанецца.
— Правялі сярод школьнікаў дэгустацыю нута. Ён дзецям спадабаўся, і мы ўключылі яго ў меню вясновых аздараўленчых лагераў. Гэта вельмі карысны прадукт з высокім утрыманнем бялку. Таксама ёсць задума ў будучыні прапанаваць дзецям дранікі, — падзялілася Л. Крупская.
Каментары