«Некаторыя змогуць адказаць гадоў праз пяць». Беларуска спытала тых, хто эміграваў у Польшчу, а потым вярнуўся, ці не шкадуюць яны
Карыстальніца Threads пад нікам prtymd папрасіла беларусаў, якія вярнуліся на радзіму праз некалькі гадоў жыцця ў Польшчы, падзяліцца вопытам і расказаць, як змянілася іх жыццё. «Шкадуеце, што так зрабілі, ці, наадварот, радыя і лічыце, што зрабілі правільна?» — спыталася яна. І сабрала шмат адказаў за і супраць вяртання. Выданне Most вывучыла каментарыі і выбрала самыя цікавыя.

«Аказалася, гэта проста не маё»
Большасць каментатараў, якія вырашылі вярнуцца ў Беларусь, як правіла, звяртаюць увагу на лепшыя перспектывы кар’ернага росту, магчымасць бачыцца з роднымі і сябрамі, вырашанае жыллёвае пытанне і адсутнасць праблем з дакументамі.
«Вярнуўся праз два гады. Скажу так: калі пераязджаць з Мінска, дзе ў вас сваё жыллё і праца з заробкам ад 3000 рублёў, няма сэнсу ў большасці выпадкаў. Інфляцыя апошніх гадоў, рост цэн на нерухомасць і дэмпінг рынку працы з боку грамадзян Украіны ўсе выгады пераезду памножылі на нуль. Таксама ў абсалютна любым польскім калектыве вам ніколі не свеціць сур’ёзны кар’ерны рост, асабліва да кіраўніка, што ў Беларусі дасягальна часам за адзін-два гады. Ну і пастаянны стрэс з-за дакументаў: працу страціў — трасешся», — напісаў карыстальнік optimus_x_x_x.
Настасся (nass.aistudio) і яе муж вярнуліся ў Мінск дзесяць месяцаў таму пасля шасці гадоў жыцця ў Варшаве:
«Ні пра што не шкадуем, у нас усё добра было і там, і тут. Варшаву і Польшчу вельмі любім, менавіта там мы пасталелі і набылі каштоўныя для нас навыкі і рэсурсы. Але з нараджэннем сына прыйшло ўсведамленне, што хочам гадаваць яго побач з сям’ёй. Усюды ёсць магчымасці, усюды трэба працаваць, каб жыць добра, за проста так нідзе грошы не раздаюць».
«Вярнулася праз шэсць гадоў з адукацыяй і добрай аддаленай працай, ні пра што не шкадую. Гэта быў выдатны досвед, але аказалася, гэта проста не маё», — патлумачыла свой выбар yarco.ceramic.
Кірыл (meblova) пражыў у Польшчы дзевяць гадоў і вярнуўся:
«У мяне было шырокае кола зносін, я саліраваў у хоры, з якім аб’ездзіў усю краіну, з мовай праблем не было. Але заўсёды ёсць «але». Бацькі старэюць без мяне, пляменнікі растуць без сувязі са мной… «Сваім» стаць не атрымаецца ніколі. <…> Кантэкст нельга вывучыць, як мову, у ім можна толькі сфарміравацца, таму заўсёды будзе адчуванне чужасці».
Аляксей (aliakseipankin) з сям’ёй вярнуўся ў Беларусь пасля чатырох гадоў жыцця ў Польшчы:
«Больш прычына была ўва мне: я спыніўся ў кар’ерным і прафесійным росце, патрэбен быў пераход на іншы ўзровень. Таксама жонка перажывала [праз] складанасць настрыфікацыі (у 2016 годзе гэта было нашмат складаней) — яна доктар. Ну і фіналам стала неабходнасць падтрымкі бацькоў і зносіны з сябрамі».
«Не шкадую. У Польшчы вышэйшыя заробкі, але больш каштуе арэнда. Цэны на многае такія ж ці вышэйшыя. А рост стаўкі падаходнага падатку (у Польшчы прагрэсіўная шкала. — Заўв. Most) прыгнятае: па законе ты ўжо багаты пасля 120 тысяч злотых у год — плаці 32%. Трэба вучыць мову, трэба вырашаць праблемы з дакументамі, каб аднойчы, магчыма, стаць грамадзянінам. А пакуль жыві на птушыных правах. Часта людзі пішуць, маўляў, не справіліся, далі слабіну і вярнуліся. Напэўна. А навошта ствараць сабе цяжкасці?» — здзіўляецца alexey.mars.radziuk.
«Як можна сумаваць па хамстве, па іпатэцы пад 18%?»
Але многія ўдзельнікі гутаркі не разумелі тых, хто вярнуўся ў Беларусь. Часцей за ўсё яны звярталі ўвагу на еўрапейскую свабоду, высокія даходы і добры ўзровень адаптацыі ў новым асяроддзі.
«Чатыры гады ў Кракаве — і я не вярнулася б, нават калі б магла! Гэта адчуванне свабоды і павагі да чалавека, калі не трэба шарахацца ад паліцыі, калі ў цябе ёсць правы і іх выконваюць — бесцэнна для мяне. Абажаю расслабленых, усмешлівых еўрапейцаў, польскія горы і магчымасць перасоўвацца па свеце за невялікія грошы без зневажальных стаянняў на мяжы па 10—20 гадзін», — напісала olga_welness.
«Жыву ў Мінску каля двух месяцаў. І зразумела, што гэта не маё — ужо рыхтую дакументы, каб вярнуцца назад у Польшчу. Так, у Польшчы ёсць адчуванне, што часам аддаеш больш, чым атрымліваеш. Але ў параўнанні для мяне тут [у Мінску] аказалася больш мінусаў. Складана з людзьмі — цяжка кагосьці кудысьці выцягнуць, усё ўпіраецца ў бытавыя справы. Не хапае візуалу і разнастайнасці: у Варшаве ты можаш за дзень змяніць некалькі «карцінак» — ад спакойных раёнаў да гмахаў і старога горада», — падзялілася.yes_im_so.
«Жыву ў Польшчы чатыры гады і кайфую ад жыцця тут. Назад не хачу. Толькі калі ў госці на пару тыдняў — і назад. У мяне тут танцы, сябры-палякі, новае захапленне, і менавіта тут я займаюся справай жыцця, пра якую марыла шмат гадоў. Не ведаю чаму, але менавіта тут атрымала глыток свежага паветра і пачала развівацца», — напісала bondviktoria.
«Усе, хто піша пра вяртанне з Варшавы, проста не справіліся з арэндай, не знайшоўшы нармальнай працы ці не маючы нармальных кампетэнцый. Але Польшча вялікая, а на сподачку ніхто нічога не прынясе», — лічыць aleksei_vik.
«Як можна сумаваць па хамстве, па адсутнасці магчымасцяў катацца па Еўропе, па іпатэцы ў 18%, па поўнай практычна адсутнасці магчымасцяў для вашых дзяцей, па кульце асобы, па абмежаваным выбары прадуктаў слабай якасці, нізкай якасці жылля, адсутнасці гарантый асабістай бяспекі, дрэнным харчаванні ў школах, вельмі слабай медыцыне, асабліва ў раённых і абласных цэнтрах?» — не разумее serafim_ch99.
«Кожнаму сваё. Я пасля чатырох гадоў жыцця наогул не ўяўляю сабе вяртанне. Але ўпэўненая, што справа ўся ў акліматызацыі, так бы мовіць, на новым месцы. У мяне класная праца, я ведаю мову на ўзроўні C1, сябры-палякі. Калі сядзець дома і ведаць мову на ўзроўні працаўніка [крамы] «Бедронка», то я б таксама дадому хацела», — адзначае masza9049.
Карыстальнік пад нікам logovaz іранічна звярнуў увагу, што для многіх вяртанне ў Беларусь проста небяспечнае.
«Вы ўлічвайце, што некаторыя з тых, хто вярнуўся ў Беларусь, адразу не змогуць вам адказаць, гадоў праз пяць запытайце», — напісаў ён аўтару пытання пра вяртанне.
Фёдар Паўлючэнка настойвае: Мельнікава выглядае як чалавек пасля цяжарнасці
«Польшча стала не тая, што раней». Эмігранты, якія вярнуліся ў Беларусь, патлумачылі чаму і падзяліліся ўражаннямі
«У гэтага павінна быць нейкае другое дно». Чэмпіён Польшчы па боксе раптоўна з’ехаў у Беларусь, кінуўшы нават свае ўзнагароды
Топавы перакладчык паехаў у Беларусь мяняць пашпарт — і сеў за данаты. «КДБ паглядзеў на суму і вырашыў, што ніхто ў здаровым розуме не можа выдаткаваць столькі ўласных грошай»
Каментары