Свет4747

Басілашвілі пра падзеі ва Украіне: Расія цяпер мае ворага на ўсе стагоддзі

Расійскі акцёр тэатра і кіно Алег Басілашвілі выказаўся пра падзеі ва Украіне. Артыст асудзіў дзеянні тэрарыстаў і рускіх наймітаў на паўднёвым ўсходзе краіны і заклікаў расейцаў займацца ўнутранымі справамі, а ня захопам чужых тэрыторый.

Сваю грамадзянскую пазіцыю Басілашвілі агучыў у інтэрв'ю выданню «Росбалт».

«Што тычыцца сённяшняй вайны на Украіне — шчыра кажучы, я не вельмі разумею, што там адбываецца і чаму. Хто ад каго што абараняе? Думаю, нам не паведамляюць ўсёй праўды пра гэта. А калі не паведамляюць, значыць, нешта мы робім не зусім правільнае», — пачаў акцёр.

Паводле яго слоў, ён не разумее, за што вядуць барацьбу апалчэнцы на Данбасе і Луганшчыне і гінуць мірныя людзі.

«Гэтых мярзотнікаў, хто б яны ні былі, якія справакавалі ваенныя дзеянні, рана ці позна будуць судзіць судом усіх народаў», — упэўнены Басілашвілі.

Ён не стаў канкрэтна адказваць на пытанне, каго ён мае на ўвазе пад «гнюсамі»:

«Я не ведаю. Хтосьці ў гэтым зацікаўлены! Камусьці трэба, каб гінула грамадзянскае насельніцтва, а на паўднёвым усходзе Украіны была крывавая рана».

«Каму патрэбна чужая кроў? І галоўнае, незразумела — у імя чаго? Я не разумею, якіх мэт дамагаюцца так званыя паўстанцы. Аддзяленне ад Украіны? Не. Таго, каб быць з Расеяй? Таксама не — яны гэтага патрабавання не высоўваюць. А нават калі б і вылучалі — ці мала хто чаго патрабуе. Федэралізацыі? Ды яна ім гарантаваная. Нейкіх зменаў у Канстытуцыю? На гэта ў Кіеве таксама ўжо згодныя. Чаму ж гэтыя людзі далей супрацівяцца? Можа, хопіць адстрэльвацца, хлопцы, — за што вы змагаецеся? Не, зноў страляюць…» — дадаў акцёр.

Басілашвілі не верыць, што ва Украіне да ўлады прыйшлі «фашысты», і заклікае расейцаў займацца ўнутранымі справамі.

Алег Басілашвілі адзначыў, што СМІ не даносяць да яго поўную карціну таго, што адбываецца. У прыватнасці, яму не зразумела, чаму на вайну ва Украіну ідуць нейкія добраахвотнікі з Расіі:

«Якім чынам яны туды прыходзяць? Ёсць жа мяжа!.. Яна павінна быць на замку. А тут дзясяткі, сотні добраахвотнікаў са зброяй пераходзяць яе — і хоць бы што. Як гэта можа быць і што гэта за людзі? А іх найноўшая зброя? Вы што, можаце са стралковай зброі збіць верталёт Не, не зможаце, якая б яна ні была выдатная і дакладная. А вось з ПЗРК — можна. Адкуль гэтыя ПЗРК? Там што, на Данбасе і Луганшчыне, велізарныя склады ўзбраенняў?»

Акцёр упэўнены, што трэба спыніць гэтую бойню.

«На месцы паўстанцаў я б выйшаў на высокі пагорак, узяў у рукі зброю, паклаў яе на зямлю і закрычаў: «Браткі, усё. Мы спыняем стральбу. Спыняйце і вы таксама. Давайце сядзем, пагаворым». А ўменне націскаць на гашэтку і адчуваць сэксуальнае задавальненне ад таго, што ты забіў чалавека — гэта, ведаеце, не геройства, а злачынства», — адзначыў ён.

Не верыць Басілашвілі і ў «казкі» пра тое, што калі людзі здадуць зброю, то іх «спаляць гэтак жа, як у Адэсе». А на папрок расійскага журналіста, што «ўкраінскія ваенныя бамбяць і абстрэльваюць з гармат гарады, мірных людзей», акцёр рэзка адказаў:

«Яны бамбяць не грамадзянскае насельніцтва, а толькі тых, хто з імі змагаецца, нейкія ўнутраныя войскі ў гэтых Данецкай і Луганскай рэспубліках. Мірныя людзі проста трапляюць пад агонь, на вялікі жаль… Усё гэта выклікае ў мяне вельмі непрыемныя думкі. Навошта нам гэта трэба? Мы, дзякуючы далучэнню Крыма, замест брата і сябра, які побач з намі, ужо набылі лютага ворага — на ўсе стагоддзі».

Таксама акцёр не лічыць, што ва Ўкраіне да ўлады прыйшлі «фашысты», як гэта падаецца ў расійскіх СМІ.

«Ведаеце, колькі нацыяналісты там атрымалі на выбарах у Раду? Нейкія мізэрныя працэнты. Што ж нам хлусяць з нагоды таго, што бандэраўцы ўзялі ўладу ва Ўкраіне? Вось гэтая хлусня мяне і насцярожвае, таму што хлуслівы чалавек, аказваецца, хлусіць ў імя нейкіх нядобрых мэтаў. Якіх — я не ведаю», — растлумачыў ён сваю пазіцыю.

Што ж тычыцца сітуацыі з Крымам, то ў Басілашвілі такі погляд: «Крым — не цацка: адабраў — аддаў назад. Народ Крыму — таксама не цацка. Трэба лічыцца з тымі, хто жыве там».

«Быў праведзены рэферэндум, і сапраўды, я ў гэта веру, большая частка крымчан выказаліся за далучэнне да РФ. Але ўявіце сабе, што Кубань прагаласуе за тое, каб далучыцца да ЗША. Значыць, Штаты могуць увайсці туды і завалодаць Кубанню? І як бы мы назвалі гэты акт? Напэўна, акупацыяй…» — дадаў ён.

«Калі мы хочам дапамагчы расейцам, якія пакутуюць ва Украіне, ад Адэсы да Луганска — ну што ж, у нас поўна зямель на ўсходзе краіны, і не толькі там. Калі ласка, прыязджайце, а мы вам дапаможам, будзеце грамадзянамі Расіі. Усё, што заўгодна, толькі б самой Расеі не ўступаць ні ў якія ваенныя канфлікты…» — адзначыў акцёр.

Напрыканцы Алег Басілашвілі адзначыў, што расейцам «трэба займацца не захопам новых зямель, а ўнутраным ладам краіны».

Нагадаем, Басілашвілі — адзін з нямногіх расійскіх артыстаў, хто падтрымаў Украіну.

Каментары47

Цяпер чытаюць

Белпол: «Эпштэйн не даехаў да Беларусі». А кім былі бацькі яго каханкі Карыны Шуляк?3

Белпол: «Эпштэйн не даехаў да Беларусі». А кім былі бацькі яго каханкі Карыны Шуляк?

Усе навіны →
Усе навіны

Праваслаўнага блогера, «героя СВА», пасадзілі на 15 гадоў за згвалтаванне чацвёртакласніцы7

У Нарвегіі сына кронпрынцэсы затрымалі перад судом па справе аб сэксуальным гвалце. А сама прынцэса сябравала з Эпштэйнам5

Беларусы заўважылі на небе адразу чатыры Месяцы ФОТАФАКТ1

Ізраільская авіякампанія, якая заяўляла пра аднаўленне палётаў у Мінск, перадумала гэта рабіць5

У гурта Relikt выйшаў новы альбом Ramantyzm1

Каму верыць: прагнозам ці свайму тэрмометру? Спыталі ў адмыслоўца3

Беларускія навукоўцы аднавілі аблічча дзяўчыны, якая жыла пад Мінскам 500 гадоў таму. Вось як яна выглядала19

У матчы чэмпіянату Італіі фанат гасцей шпурнуў петарду на поле. Галкіпера аглушыла, фанату адарвала некалькі пальцаў

Севярынец спрадасць унікальныя календары са сваімі турэмнымі малюнкамі4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Белпол: «Эпштэйн не даехаў да Беларусі». А кім былі бацькі яго каханкі Карыны Шуляк?3

Белпол: «Эпштэйн не даехаў да Беларусі». А кім былі бацькі яго каханкі Карыны Шуляк?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць