Прэзідыум Вярхоўнага суда Беларусі адмяніў рашэнне калегіі па справах інтэлектуальнай уласнасці Вярхоўнага суда па іску Андрэя Белякова да тэлеканала «Белсат». Справа будзе адпраўлена на паўторны разгляд. 

Нагадаем, 27 студзеня калегія па справах інтэлектуальнай уласнасці Вярхоўнага суда Беларусі адмовіла ў задавальненні іску ўладальніка ПТУП «БЕЛСАТплюс» Андрэя Белякова да кампаніі Telewizja Polska, якая з'яўляецца ўладальнікам тэлеканала «Белсат». 

Калегія прыйшла да высновы, што ісцец не прад'явіў доказаў парушэння яго выключных правоў на таварны знак BELSAT на тэрыторыі Беларусі. У сувязі з неабгрунтаванасцю патрабаванняў у задавальненні іску было вырашана адмовіць.

Белякоў сцвярджаў, што тэлеканал «Белсат» незаконна выкарыстоўвае свой таварны знак пры вяшчанні на тэрыторыі Беларусі, паколькі ён з'яўляецца «падобным да ступені змешвання» з таварным знакам істца.

З самага пачатку дырэктар прадпрыемства запатрабаваў спыніць «незаконнае выкарыстанне» таварнага знака адказчыка ў праграмах тэлеканала і на яго сайце, а таксама абавязаць люксембургскую кампанію СЕС С.А., якая валодае адпаведным спадарожнікам, спыніць вяшчанне тэлеканала на тэрыторыю Беларусі.

20 студзеня ісцец адмовіўся ад свайго патрабавання спыніць вяшчанне тэлеканала на тэрыторыю Беларусі, пасля таго як адзін з суддзяў указаў Белякову на супярэчнасць у яго патрабаваннях — адсутнасць неабходнасці спыніць вяшчанне тэлеканала ў выпадку, калі яго першае патрабаванне будзе выканана адказчыкам.

Белякоў заявіў, што праблемы ў яго ўзніклі ў сувязі з тым, што людзі асацыююць таварны знак яго прадпрыемства з тэлеканалам «Белсат». На пытанне суддзі, у чым гэта праяўляецца, Белякоў заявіў: «Людзі асацыююць нас з тэлеканалам, прыходзяць як да карэспандэнтаў са сваім горам, прапановамі. Гэта перашкаджае нам працаваць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?