Усяго патроху1616

Беспараўнаная Манголія, дзе ўсё — імя Чынгізхана

Піша Ігар Карней. 

Ёсьць дзяржавы, стэрэатыпнае ўяўленьне пра якія фармуецца яшчэ да таго, як туды трапляеш. Узорам падобнага самападману — Манголія. Шматгадовы савецкі сатэліт вядомы найперш тым, што пераскочыў з фэадалізму ў сацыялізм, сьмела мінуўшы стадыю капіталізму. Цяпер, падаецца, імкліва кампэнсуе тую пасьпешлівасьць.

Хмарачосы ў цэнтры Ўлан-Батара
Плошча Чынгісхана зь Вялікім хуралам

Тым ня меней, аддаленасьць ад заходняй цывілізацыі і сьціплае месца на міжнароднай арэне пераўтварылі вялізную тэрыторыю ў «белую пляму», ствараючы ілюзію, што ў гэтым кутку ніякіх зрухаў не адбываецца. Цьверджаньне абсалютна памылковае, а для той жа Беларусі мангольскі прыклад можа быць шмат чым карысны.

Манголскія чабаны на аб’езьдзе
Авечыя статкі — самі па сабе

Меней чым з трох мільёнаў манголаў палова жыве ва Ўлан-Батары. Астатняя тэрыторыя, прыблізна ў шэсьць разоў большая за Беларусь, населеная, як кажуць, ад гера да гера (юрты). Іншымі словамі, за дзясяткі і нават сотні кілямэтраў навокал можна не сустрэць ні душы. Затое ў дзікіх стэпах раздольле для разнамасных статкаў, якіх ніхто асабліва не кантралюе — маўляў, далёка ад рэдкай травы ўсё роўна не разыдуцца. Паводле афіцыйнай статыстыкі, на кожнага жыхара Манголіі прыходзіцца блізу двух дзясяткаў галоваў коней, якаў, бараноў, кароваў, козаў ды іншай хатняй жывёлы. Сьвіная ды птушыная галіна не культывуецца.

Бараніна на патэльні і хуушуур
Крэдыты даступныя ў любой валюце

Рэдкі мангол можа пахваліцца заможнасьцю, але пры існуючых коштах можа сабе дазволіць больш, чым беларус. Самы хадавы прадукт — бараніна, кіляграм — 3 даляры ці 6 000 тугрыкаў пры курсе 1900 тугрыкаў за даляр. Сытны перакус у кавярні на двох традыцыйнымі буузамі (кшталту мантоў) ці хуушуурамі (падобныя да чабурэкаў) з абавязковым «мангол цай» пацягне на 5 даляраў. Прадуманая сыстэма банкаўскага крэдытаваньня дазваляе жыць у разумны доўг: спажывецкія крэдыты, пазыкі на жыльлё і аўтамабілі не перавышаюць 2% гадавых. Распачаць і весьці ўласны бізнэс не складае ніякіх цяжкасьцяў, памер асноўных падаткаў як ПДВ не перавышае 10%. Дзеля прыцягненьня замежных інвэстыцыяў дзейнічае сыстэма прэфэрэнцыяў, якая прадугледжвае поўнае вызваленьне ад падаткаў на 10 гадоў.

Шчыльны праварульны аўтапаток
Вясёлы таксіст не карыстаецца мапай

 Сталіца Манголіі — узор імклівай урбанізацыі. Адрозна ад эўрапейскіх гарадоў, ад раніцы да позьняга вечара тут пануе шматгалосьсе кляксонаў: манголы езьдзяць так, як некалі на конях — там, дзе зручна, а не там, дзе прадугледжана ўпарадкаванымі нормамі. На дарогах суцэльныя заторы, амаль цалкам адсутнічае галоўная прыкмета Азіі — мапеды, матаролеры і нават ровары. Практычна ўсе аўто — праварульныя, завезеныя зь Японіі ды Карэі (пры гэтым уся інфраструктура прыстасаваная пад транспарт зь левым рулём). Таксісты спадзяюцца збольшага на інтуіцыю, мала разумеючы ў дарожных картах. Пешаходаў ніхто не паважае ў прынцыпе, сьветлафоры і «зебры» ігнаруюцца. За ўсім гэтым хаосам раўнадушна назіраюць паліцэйскія.

Эскалатары сталічнага ЦУМу
Горад Буды, макет

Улан-Батар — сучасны горад з абавязковым наборам адпаведных атрыбутаў: хмарачосамі і дарожнымі разьвязкамі, банкамі і біржамі, музэямі і канцэртнымі залямі, багатымі крамамі і процьмай пунктаў грамадзкага харчаваньня. Дарэчы, у крамах, гестхаўзах і нават таксі абсалютна легальна прымаецца любая валюта (у мясцовым ЦУМе табліца курсаў выстаўлена проста на касе). Менскія ўлады будаўнічай актыўнасьці ўлан-батарцаў могуць толькі пазайздросьціць: пакуль у Менску мараць пра «даўн-таўн» са шкла і бэтону, ягоны аналяг пасярод стэпу на стадыі завяршэньня. «Высоткі» ушчыльную наступаюць на старадаўнія манастырскія пабудовы ды адхопліваюць ласыя кавалкі паркаў і колішнія месцаў прамэнаду — у гэтым аналёгіі з беларускай сталіцай наўпроставыя. Новы глябальны праект — горад Буды, макет якога выстаўлены ў намёце на плошчы Чынгісхана.

Колішні Дом піянэраў
Зьверху – традыцыйная каліграфія

Дзеля справядлівасьці, у спадкі ад часоў нерэалізаванага сацыялізму ў немалой колькасьці засталіся старыя забудовы, характэрныя для любога беларускага райцэнтру — які-небудзь палінялы дом піянэраў ці безгустоўны абкамаўскі гмах. Але падаецца, што зь цяперашнім будаўнічым імпэтам лёс іх прадвызначаны. Гэтак жа, як і пытаньне зь вяртаньнем традыцыйнага мангольскага пісьменства, прымусова замененага на загад Масквы ў 30-х гадах мінулага стагодзьдзя на кірылічнае. Многія надпісы ўжо цяпер дублююцца з ужываньнем старадаўняй мангольскай каліграфіі, узрост якой датуецца як мінімум двума тысячагодзьдзямі.

Элітная гарэлка — канечне, «Чынгісхан»

Яшчэ адна чужародная рыса, набытая ад Саветаў, — алькалізацыя насельніцтва. Спрадвек тут самым моцным алькаголем лічыўся пераброджаны кумыс, але апошнія дзесяцігодзьдзі ледзь не нацыянальным напоем стала гарэлка. Вырабляюць яе заводы ў вялізнай колькасьці па кошце ад 3 даляраў за паўлітра. Першы мангол, зь якім быў усталяваны міжнацыянальны кантакт, аказаўся зь ліку «пахмельных». Даведаўшыся, што мы з жонкай зь Беларусі, на ламанай расейскай весела выбудаваў ланцужок — «водка, пить, похмелье» — і папрасіў братэрскай дапамогі. Праўда, пасьля гэтага ашаломіў пытаньнем: «Ну, что — сложно вам там живется?». Калі тое бачыць нават стэпавы чалавек, дык варта сур’ёзна задумацца…

Помнік Сухэ Батару
Скульптура Чынгісхана ў нішы Хурала

Сэрца Ўлан-Батара — плошча імя Чынгісхана, якая ў нядаўнім мінулым насіла назву колішняя камуністычнага лідэра Сухэ Батара. 10 гадоў таму шэры будынак мангольскага ўраду без шкадаваньня зруйнавалі бульдэзэрамі, паставіўшы на вызваленым месцы пампезны палац са шклянымі купаламі. Цяпер тут працуе Вялікі дзяржаўны хурал (парлямэнт) і дэмакратычна абраны прэзыдэнт — цяпер гэта Цахіагійн Элбэгдорж. Конны Сухэ Батар на пляцы застаўся, але ўжо цалкам патанае ў цені аўтарытэту свайго куды больш знакамітага земляка — Чынгісхана. Паказальна, што, адрозна ад аб’ектаў дзяржаўнай важнасьці ў Беларусі, плошча запоўненая круглыя суткі, а ўвечары тут здаюцца напракат тандэмныя ровары, самакаты, дзіцячыя акумулятарныя машынкі.

Нечаканы помнік «бітлам»
Помнік ахвярам палітычных рэпрэсій

Сярод вялікай колькасьці помнікаў, уключна з такімі экзатычнымі як гурту «The Beatles» ці падарожніку Марку Пола, выдзяляецца адзін, да разуменьня важнасьці якога ў Беларусі так і не дарасьлі — ахвярам палітычных рэпрэсіяў. Барацьба за вызваленьне ад камуністычнага прыгнёту каштавала жыцьця многім мангольскім дзеячам, што і знайшло адлюстраваньне ў мадэрнісцкай скульптуры, узьведзенай у самым цэнтры Ўлан-Батара. Трэба адзначыць, што ідэйныя апанэнты часта ўжываюцца літаральна на адным пятаку — побач стаіць помнік колішняму Генсеку ЦК Мангольскай народна-рэвалюцыйнай партыі Юмжагійну Цэдэнбалу, які, дарэчы кажучы, распачаў калектывізацыю і да пападаньня ў апалу апантана праводзіў прамаскоўскую палітыку.

Без юрты мангол — не мангол
Закулісьсе сталічнай цывілізацыі

Як і кожны вялікі горад, Улан-Батар не пазбаўлены кантрастаў. Калі зірнуць на яго зьверху хоць бы з птушынай вышыні, акажацца, што ўпарадкавана збольшага сталічнае ядро з офісамі, крамамі і дзяржаўнымі ўстановамі, тады як выселкі ўяўляюць сабой даволі сумнае відовішча. Тут жывуць тыя, каму новабуды за 1000 даляраў за квадратны мэтар не па кішэні. Зрэшты, справа ня толькі ў беднасьці — многія ня могуць існаваць інакш на генным узроўні. Нават калі мангола перасяліць у адносна камфортную пабудову, пры наяўнасьці свабоднага месца ён першай справай паставіць у двары юрту. Пры тым, што новыя раёны цешаць вока арыгінальнымі высоткамі, якія аб’ектыўна выйграюць на тле звыклых панэльных забудоваў.

Памочніца ў прыдарожнай гер-кавярні
Гаспадыня геру 

Самая вялікая каштоўнасьць Манголіі — яе людзі. Надзвычай добразычлівыя, памяркоўныя, талерантныя. Нават бясконца сыгналячы ў бок калегі, чалавек за рулём застаецца абсалютна ўраўнаважаным. Жанчыны карыстаюцца выгодамі будызму, які, адрозна ад ісламу, не забараняе дэманстраваць свае прыгажосьці. Мужчыны намагаюцца выглядаць імпазантнымі нават у раёне хрушчобаў. А дзеці — яны аднолькавыя і ў Афрыцы, і ў Азіі, і ў Эўропе.

Каментары16

Гарачы вечар у Варшаве — мінскае «Дынама» не вытрымала націску «Легіі». Але самае цікавае адбывалася на трыбунах ФОТАРЭПАРТАЖ5

СпортДАДАЛІСЯ НОВЫЯ ФОТА5

Гарачы вечар у Варшаве — мінскае «Дынама» не вытрымала націску «Легіі». Але самае цікавае адбывалася на трыбунах ФОТАРЭПАРТАЖ

Усе навіны →
Усе навіны

На Пуэрта-Рыка правялі рэферэндум і прагаласавалі за ўваход у склад ЗША

Блогерка наракае на дэфіцыт хлопцаў у Гродне16

Медыцынскую тэхніку заходняй вытворчасці Беларусь замяняе на кітайскую і турэцкую1

Лукашэнка заявіў пра подзвіг Трампа і пажадаў Амерыцы «зноў стаць вялікай»10

Калі Украіна захавае суверэнітэт узамен за нейтральнасць, што гэта будзе значыць для Беларусі?13

У Мінску адкрылі новы вялікі басейн, пабудаваны кітайцамі2

Сацыялагічны аналіз: хто падтрымаў Трампа, а хто — Харыс19

І «Масад», і Ватыкан сачылі за ПВК «Вагнер» і атачэннем Пуціна1

Трамп: «Госпад выратаваў маё жыццё не проста так!» «Гэта будзе залаты век для Амерыкі» ВІДЭА24

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Гарачы вечар у Варшаве — мінскае «Дынама» не вытрымала націску «Легіі». Але самае цікавае адбывалася на трыбунах ФОТАРЭПАРТАЖ5

СпортДАДАЛІСЯ НОВЫЯ ФОТА5

Гарачы вечар у Варшаве — мінскае «Дынама» не вытрымала націску «Легіі». Але самае цікавае адбывалася на трыбунах ФОТАРЭПАРТАЖ

Галоўнае
Усе навіны →