Грамадства6363

«Вы за ўсё адкажаце». Беларусам на прайдзе ва Уроцлаве таксама пагражалі невядомыя

Пасля інцыдэнту на ЛГБТ-прайдзе ў Вільні, дзе тым, хто нёс бел-чырвона-белы сцяг у беларускай калоне, пагражалі расправай ад імя неназваных беларускіх ваяроў, нацыяльная сімволіка зноў стала прычынай сутыкнення — гэтым разам на прайдзе ў польскім Уроцлаве.

Наста Сасыкбаева, арганізатарка беларускай калоны на прайдзе ва Уроцлаве, побач з бел-чырвона-белым сцягам і «Пагоняй» з вясёлкай, якія сталі прычынай нападак на ўдзельнікаў. Фота: Fundacja Spadczyna Białorusi, BelPride.Wro.

Марш роўнасці прайшоў у той жа дзень, што і Балтыйскі прайд у Вільні — у суботу, 7 чэрвеня. Беларуская платформа на прайдзе была ўпрыгожана вялікім надпісам «Каханне», бчб-сардэчкамі з назвамі беларускіх гарадоў, запісанымі беларускай лацінкай, белымі і чырвонымі балонікамі і вялікім бел-чырвона-белым сцягам з «Пагоняй» на вясёлкавым фоне.

Не першыя нападкі

Для беларускай дыяспары ва Уроцлаве гэта ўжо чацвёрты запар год, калі яна бярэ ўдзел у прайдзе. У першы год гэта былі проста бчб-сцягі, які выклікалі шквал хэйту і пагроз у сеціве. На другі год з'явілася вясёлкавая «Пагоня». У гэтым жа годзе дадаліся майкі з нацыянальнымі арнаментамі, вышытымі ў вясёлкавых колерах, што, па словах арганізатараў, было спробай «паказаць наш культурніцкі код».

Беларуская платформа на прайдзе ва Уроцлаве. Фота: Fundacja Spadczyna Białorusi, BelPride.Wro.

Сёлета каля беларускай платформы была ўзмоцненая ахова, бо правакацыі здараліся і раней: летась мужчына спрабаваў сарваць сцягі, а хлопец на ровары кідаўся абразамі і забараняў выкарыстоўваць беларускія сцягі.

«Вы за ўсё адкажаце»

Паліцыя аказалася дарэчы, бо сёлета, як і ў выпадку прайда ў Вільні, беларуская нацыянальная сімволіка стала прычынай канфлікту паміж праціўнікамі ЛГБТ і ўдзельнікамі беларускай калоны.

Як расказала «Нашай Ніве» арганізатарка беларускай калоны Наста Сасыкбаева, на прайдзе ў суботу з’явіліся трое невядомых маладых людзей, апранутых у чорнае і хакі, з «Пагоняй». Двое з іх засталіся проста стаяць і назіраць за беларускай калонай, тады як да ўдзельнікаў прайда падышоў трэці, чый твар быў схаваны пад шалікам-балаклавай.

Невядомыя, якая пагражалі ўдзельнікам прайда за выкарыстанне беларускай сімволікі. Скрыншот відэа. 

Ён падышоў да бчб-банера і пачаў пазіраваць, быццам хацеў, каб яго сфатаграфавалі. Але пасля пачаў прад’яўляць арганізатарцы прэтэнзіі за выкарыстанне на прайдзе бела-чырвона-белага сцяга і за тое, што на «Пагоні» ёсць вясёлкавая паласа. Ён пытаўся ва ўдзельнікаў прайда, ці ведаюць яны, што гэта за сцяг і якую ён мае гісторыю.

Паводле слоў Насты, калі яна прапанавала не сварыцца, а проста дапамагчы ўпрыгожыць платформу звычайнымі бел-чырвона-белымі балонікамі, хлопец адмовіўся, заявіўшы, што «нават блізка не датыкнецца да гэтай платформы».

Калі арганізатарка адказала, што яны, вядома, ведаюць і што гэта за сцяг, і яго гісторыю, хлопец, як і ў выпадку канфлікту ў Вільні, звярнуўся да аўтарытэту беларускіх ваяроў:

«Вы хоць ведаеце, за што змагаюцца нашы хлопцы ва Украіне?» — пытаўся ён.

«Ведаем — за дэмакратычныя каштоўнасці. А вы як думаеце, за што яны змагаюцца?» — адказвала Наста.

Беларускія ўдзельнікі прайда таксама казалі, што калі яны змагаюцца за дэмакратычныя каштоўнасці, то значыць змагаюцца і за тыя меншасці, якіх прыгнятаюць.

Афармленне беларускай платформы на прайдзе ва Уроцлаве. Фота: Fundacja Spadczyna Białorusi, BelPride.Wro.

Хлопец у адказ пачаў ціснуць на тое, як, маўляў, будуць адчуваць сябе тыя хлопцы, якія змагаюцца ва Украіне, гінуць і трапляюць у палон, калі «вы бераце гэты сцяг і апаганьваеце яго».

«Яны не за гэта змагаюцца», — заявіў хлопец удзельнікам прайда.

Удзельнікі беларускай калоны спыталі, як быць са сцягамі розных раёнаў, якія масава ўзнікалі ў 2020 годзе на аснове бчб-сцяга і часта мелі несур’ёзны, іранічны змест, але запамінальныя і зразумелыя адсылкі на назвы ці асаблівасцей раёна.

«Гэта таксама можна прыняць за нейкае «апаганьванне нацыянальнай сімволікі». Калі яе змянялі тады, то чаму нельга тут?» — пыталіся ўдзельнікі марша.

«Яны з намі чамусьці размаўлялі на расейскай мове, а не на беларускай. Калі вы за Беларусь і супраць Расіі, дык чаму звяртаецеся на расейскай? У іх не было адэкватнага адказу на гэта, яны казалі: «А вы ведаеце, што расейская мова многіх уратавала?». Мы не зразумелі, што гэта за аргумент такі быў», — згадвае адна з дзяўчат.

Невядомыя, якія пагражалі ўдзельнікам прайда за выкарыстанне беларускай сімволікі. Скрыншот відэа.

Калі хлопцы заўважылі, што іх пачалі здымаць на камеру, то пачалі хаваць свае твары і адыходзіць ад беларускай калоны.

Тады ж пасыпаліся і пагрозы, хлопец пачаў крычаць, што «вы за ўсё адкажаце, мы гэта проста так не пакінем» і што фотаздымкі ўдзельнікаў «кудысьці адашлюць».

Звяртаючыся да арганізатаркі, ён дадаў: «Добра, што і ты там на гэтых фотках ёсць».

«Вы дадаяце ў наш сцяг свае піда*скія колеры!», — пракрычаў на развітанне хлопец у балаклаве.

Арганізатарка беларускай калоны лічыць, што такія выпадкі — гэта «спланаваная акцыя, каб запужаць людзей, каб яны не выходзілі і не заяўлялі аб сваіх правах».

Па словах Насты, інфармацыя пра здарэнне дайшла да польскай паліцыі.

Беларуская калона з бчб-сцягамі на прайдзе ва Уроцлаве. Фота: Fundacja Spadczyna Białorusi, BelPride.Wro.

Нягледзячы на інцыдэнт, арганізатары плануюць і надалей выкарыстоўваць нацыянальную сімволіку на прайдах, бо лічаць, што маюць на гэта поўнае права і што «Беларусь павінна прысутнічаць на такіх мерапрыемствах».

Цяпер ЛГБТ-актывісты з апаскай чакаюць аналагічных правакацый на Варшаўскім прайдзе, які пройдзе ў цэнтры польскай сталіцы 14 чэрвеня. Чакаецца, што ён збярэ ў разы больш беларусаў, чым у Вільні ці Уроцлаве, але і больш праціўнікаў.

Каментары63

  • андрэй
    10.06.2025
    Нейкая бандэрызацыя беларускай эміграцыі адбываецца
  • КЛЯСІЧНАЯ TANAJA правакацыя ФСБ
    10.06.2025
    Беларускім удзельнікам гей-прайда ў Вільні пагражалі расправай Maskouski ФСБ , КЛЯСІЧНАЯ TANAJA правакацыя ФСБ , КАМЕНТАРЫ НАВАТ НЕ ЧЫТАЮ
  • бабруйчанін
    10.06.2025
    На мой густ погляд " платформа " Каханне прыгожа на фатаздымках выглядае і " вяселка" таксама))
    Аусеж Тутака былі іньшыя сцягі стужкі аб адкуль хто ?Ці "вяселкавые" выкарыстоўвают увогуле дзярж.сымволікі сваю ? Яныж інтэрнацыяналісты глабалісты..

Цяпер чытаюць

Кіндар-сюрпрыз для дарослых: на «Куфры» прадаюць палеты са згубленымі пасылкамі. Просяць 2000 рублёў

Кіндар-сюрпрыз для дарослых: на «Куфры» прадаюць палеты са згубленымі пасылкамі. Просяць 2000 рублёў

Усе навіны →
Усе навіны

У сеціве вірусіцца рагачоўскі гімн, які спяваюць у касцюме згушчонкі — хто яго аўтар?12

«Абяцанне, што заказ ужо ў дарозе, я чуў разоў з дваццаць». Беларусы месяцамі чакаюць ад прадпрымальніка свае вырабы, за якія загадзя заплацілі

Наведванне прыгараднымі аўтобусамі маланаселеных вёсак хочуць зрабіць па заяўках. Ужо праводзіцца эксперымент4

Лукашэнка пацвердзіў, што мае намер будаваць яшчэ адзін азотны камбінат4

Мерц паставіў краінам Еўрасаюза ультыматум: Ці гарантыі фінансавай падтрымкі Украіны, ці блакаванне Германіяй супольнага бюджэту20

Пракоп'еў пра Ціханоўскага: Шкада, што ён абраў іншы шлях, бо я бачыў рэакцыю амерыканцаў41

У Светлагорскім раёне бацька збіваў аднагадовага сына. Сінякі заўважылі ў дзіцячым садку2

Закрываецца адзін з беларускіх шэлтараў у Варшаве7

Падводны паляўнічы паляваў на Бярэзіне і знайшоў чалавечае цела

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Кіндар-сюрпрыз для дарослых: на «Куфры» прадаюць палеты са згубленымі пасылкамі. Просяць 2000 рублёў

Кіндар-сюрпрыз для дарослых: на «Куфры» прадаюць палеты са згубленымі пасылкамі. Просяць 2000 рублёў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць