Прэзідэнт Украіны пастанавіў ўвесці ва Украіне новае свята — Дзень абаронцы Украіны. Яго будуць штогод адзначаць 14 кастрычніка.
Раней Дзень абаронцы Айчыны ва Украіне святкавалі 23 лютага, у працяг савецкай традыцыі.
«З мэтай ушанавання мужнасці і гераізму абаронцаў незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, ваенных традыцый і перамог ўкраінскага народа, садзейнічання далейшаму ўмацаванню патрыятычнага духу ў грамадстве і ў падтрымку ініцыятывы грамадскасці», — так гаворыцца ва ўказе прэзідэнта.
У Беларусі святкуюць таксама 23 лютага, хоць незалежнае грамадства аддае перавагу даце 8 верасня — Дню аршанскай бітвы.
14 кастрычніка — шанаванае ў праваслаўных Усходняй Еўропы свята Пакроў, дзень малітваў да Божай Маці пра нябеснае заступніцтва.
Ва Украіне з 1999 года 14 кастрычніка, адзначалася як Дзень ўкраінскага казацтва. Акрамя таго, 14 кастрычніка лічыцца днём УПА, бо ёсць легенда, што Украінская паўстанцкая армія была створана на Пакроў у 1942 годзе.
Каментары