Грамадства88

Аўтарытарны рэжым, бульба, чырвона-зялёны сцяг і Алексіевіч. Як маладыя людзі з розных краін бачаць Беларусь і беларусаў

Для адных Беларусь — гэта бульба і чысціня на вуліцах, для іншых — аўтарытарны рэжым, пратэсты і турмы. Budzma.org запыталася ў маладых людзей з шасці розных краін, што яны ведаюць пра Беларусь і якія вобразы ўзнікаюць у іх першымі, калі яны чуюць назву нашай краіны.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Аляксандр (Санду), 20 год, Малдова

Калі я чую слова «Беларусь», першае, што мне прыходзіць у галаву, — гэта памідоры. Не, не памідоры, а бульба. Беларусь у мяне асацыюецца з бульбай, таму што ў вас яе шмат. Я, на жаль, ніколі не быў у Беларусі, але я ведаю беларусаў — яны цёплыя, прыемныя ў зносінах, гатовыя дапамагчы, вясёлыя, прастадушныя. Я добра да беларусаў стаўлюся.

Małdova

Яшчэ Беларусь у мяне асацыюецца з чысцінёй — менавіта на вуліцах. Я чуў, што Мінск — адзін з самых чыстых гарадоў у свеце, што там ёсць метро і яно чыстае і прыгожае. 

Мне здаецца, Беларусь ментальна знаходзіцца недзе пасярэдзіне паміж Захадам і Усходам, бо мае элементы культуры і Захаду, і Усходу. Але пры гэтым яна выбірае захоўваць старыя ўстоі жыцця і лічыцца ўжо досыць даўно краінай, закрытай да зменаў.

Калі казаць пра адрозненні ці падабенствы, беларусы ад малдаван адрозніваюцца хаця б знешнасцю: у вас людзі больш светлыя, валасы ў іх не такія чорныя, як у нас. А па ўнутраных якасцях, мне здаецца, гасціннасць — гэта рыса, якая нас аб’ядноўвае: і малдаване, і беларусы — вельмі гасцінныя людзі. Я лічу, што нам трэба будаваць доўгатэрміновыя адносіны з Беларуссю.

Анна, 18 гадоў, Грузія

Першае, што мне прыходзіць у галаву, калі я чую «Беларусь»… 

Я хацела б сказаць — прыгожыя паясы і цудоўная культура, але першае, што ўсё ж прыходзіць, — гэта, на жаль, аўтарытарны рэжым.

А ўжо пасля я скажу — Святлана Алексіевіч. Гэта мая любімая пісьменніца, і яна з Беларусі.

Hruzija

Яна піша дакументальную прозу, і мне падабаецца, як яна тлумачыць Другую сусветную вайну, Чарнобыль і іншыя складаныя тэмы.

Я таксама ведаю пра палітычную сітуацыю ў Беларусі і пратэсты 2020 года. У вас адзін прэзідэнт больш за 30 гадоў пры ўладзе, і яшчэ я ведаю пра Святлану Ціханоўскую — як яна змагалася, як людзі змагаліся і што частка з іх зараз у турмах.

Я больш ведаў маю пра палітыку, але, калі казаць пра культуру, Беларусь — гэта незалежная краіна з глыбокай традыцыяй. Я маю ўяўленне пра дываны і паясы, якія ствараліся беларусамі ў мінулым, пра прыгожыя нацыянальныя строі і цудоўную спадчыну.

Нас з беларусамі шмат што адрознівае — культура і мова, яны, вядома, розныя. Але я бачу больш падабенстваў паміж намі, чым розніцы. І Грузія, і Беларусь знаходзяцца пад прэсінгам Расіі, у нас агульнае савецкае мінулае.

Калі я гляджу на Беларусь, я часам баюся, што ў будучыні ў Грузіі можа здарыцца падобная сітуацыя. Я бачу людзей у эміграцыі, людзей у турмах, людзей, якія больш не маюць права пратэставаць, 30 гадоў рэжыму — і гэта страшна. Я гляджу і баюся, бо праз 10 гадоў гэта можа быць Грузія.

Нікалета, 26 гадоў, Кіпр

Першае, што прыходзіць мне ў галаву, калі я чую «Беларусь», — гэта нічога. Калі быць шчырай, я ведала толькі пра тое, што існуе такая краіна, як Беларусь, але больш нічога пра яе не ведала.

Kipr

Я не ведаю людзей з Беларусі. Думаю, як людзі мы, безумоўна, падобныя, але розніца таксама ёсць. Напрыклад, мы — міжземнаморскія людзі — мы гучныя, а беларусы, мне здаецца, спакойныя, ціхія. На маю думку, беларусы больш падобныя да літоўцаў, палякаў або ўкраінцаў.

Тыгран, 21 год, Арменія

Першае, што прыходзіць мне ў галаву, калі я чую «Беларусь», — гэта беларускі сцяг. Я ўяўляю зялёны і чырвоны колеры і арнамент з левага боку. Я чуў пра Беларусь і раней, у тым ліку пра прэзідэнта Лукашэнку.

Armienija

Я таксама памятаю, што ў 2014 годзе глядзеў «Еўрабачанне», і памятаю песню Cheesecake, якую спяваў беларускі выканаўца. Мне вельмі спадабалася тая песня, і гэта адзінае, што я памятаю пра Беларусь.

Калі казаць пра тое, як я ўспрымаю Беларусь, для мяне яна больш усходняя краіна, чым заходняя, у тым ліку з-за геаграфічнага становішча і блізкіх адносін з Расіяй. Я ніколі не сустракаў беларусаў, але думаю, што яны добрыя.

Мяркую, нас аб’ядноўвае постсавецкі досвед, хаця культура, безумоўна, адрозніваецца.

Дэлія, 18 гадоў, Румынія

Першае, што прыходзіць мне ў галаву, калі я чую «Беларусь», — гэта камунізм. Мне калісьці так патлумачылі, што нават калі ў Беларусі кажуць пра дэмакратыю, на самай справе там усё роўна камуністычны рэжым.

Rumynija

Я сустракала беларусаў і магу сказаць, што яны вельмі разумныя і добразычлівыя. На маю думку, у нас шмат агульнага — умовы, у якіх мы раслі і выхоўваліся. Румынія таксама калісьці была камуністычнай краінай, і ў гэтым мы з Беларуссю падобныя.

Румынія стала дэмакратычнай толькі ў 1989 годзе. Да гэтага ў нас існавала, калі можна так сказаць, «схаванае» грамадства: людзі сустракаліся таемна, каб змагацца з сістэмай. 

Людзям таксама не дазвалялася наведваць цэрквы, многіх збівалі і саджалі за краты толькі за тое, што яны былі вернікамі. Інтэлігенцыя таксама вынішчалася. Думаю, беларусы маюць падобную гістарычную памяць.

Антэк, 21 год, Польшча

Першае, што прыходзіць мне ў галаву, калі я чую «Беларусь», — гэта Лукашэнка і палітычныя праблемы. Гэта першая асацыяцыя.

Я сустрэў нямала беларусаў, але не магу сказаць, што добра ведаю Беларусь. Мне здаецца, беларуская культура падобная да польскай — асабліва сямейныя традыцыі. Я люблю мастацтва, і тое, што я бачу на малюнках з польскай вёскі, падаецца мне падобным і да беларускай. І мне гэта падабаецца.

Каментары8

  • няма не якіх у нас братоў, ёсць толькі інтарэсы
    25.01.2026
    так спадары, няма не якіх у нас братоў, ёсць толькі інтарэсы. Вось маскавіты напрыклад ужо 35 год вераць што эліты РБ, спросту за бочку нафты (як кажа Лукашэнка) падаруюць ім эўрапейскую краіну памерам са Швецыю ) так і літувісы мараць пра брестес, гроднос і г.д. дзякуй Богу, Трамп, Лукашэнка і Пазьняк менскцэнтрычныя палітыкі. гарантую, хутка будзе больш добрых навін ў напрамку мовы & дэкаланізацыі . Трамп як Р. Рэган б´е па нафце арды !
  • .
    25.01.2026
    няма не якіх у нас братоў, ёсць толькі інтарэсы, унутры краіны гэтак жа - белыя русы не браты літвінам
  • 453543
    25.01.2026
    Як гэта не парадаксальна, як гэта не агiдна гучыць, але вы маеце рацыю.
    Паспрабую абгрунтаваць свае словы. Вось мы i украiнцы братамi былi. Па сапрауднаму былi. А цяпер? Браты мы, цi не, украiнцам? Думаю больш не, чым так.
    Жамойты, пасля таго, як iм маскавiты падаравалi нашу гiсторыю i назву краiны, браты нам, цi мы iм?
    Пра маскавiтау я наогул маучу. З такiмi братамi i ворагау не трэба.
    Так што, "няма неякіх у нас братоў, ёсць толькі інтарэсы".

Цяпер чытаюць

Загінуў беларускі добраахвотнік Васіль «Дзір» Рапіцкі9

Загінуў беларускі добраахвотнік Васіль «Дзір» Рапіцкі

Усе навіны →
Усе навіны

Джон Коўл падзякаваў Лукашэнку за сённяшняе вызваленне палітвязняў16

У Беларусі прыдумалі, як рабіць жаночыя пракладкі з крухмалу3

У Мінску знясуць прыватны сектар каля Свіслачы ў Серабранцы. Што будзе замест?1

Стала вядома, як будзе выглядаць могільнік для радыеактыўных адкідаў у Беларусі3

Ізраіль загадаў жыхарам Бейрута пакінуць вялізны раён Дахіе. У Ізраілі заявілі, што яго чакае лёс сектара Газа13

Памёр паэт Уладзімір Карызна, аўтар слоў да цяперашняга дзяржаўнага гімна Беларусі13

Трамп заявіў, што павінен удзельнічаць у выбары новага лідара Ірана8

Трамп заявіў, што ў Зяленскага цяпер «яшчэ менш картаў», і абвінаваціў Кіеў у тармажэнні перамоў14

Буйнога беларускага імпарцёра цюльпанаў злавілі на падатковых махінацыях

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Загінуў беларускі добраахвотнік Васіль «Дзір» Рапіцкі9

Загінуў беларускі добраахвотнік Васіль «Дзір» Рапіцкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць