Культура

Фэлікс Аксёнцаў: Мы атрымалі сваё

Пра паэта Фэлікса Аксёнцава, які напісаў словы да песьні «Радыё Свабода» і ўсіх астатніх гітоў «Уліса», дзесяць гадоў не было чуваць. У 1996 г. ён зьехаў за акіян, пакінуўшы цікаўным зборнік вершаў «Пустая карта». Пра яго хадзілі неверагодныя чуткі: што прыняў будызм, што працуе ў пахавальнай канторы. Карэспандэнт «НН» адшукаў аднаго з самых яскравых айчынных рок-паэтаў у канадзкім Ванкувэры.

Пра паэта Фэлікса Аксёнцава, які напісаў словы да песьні «Радыё Свабода» і ўсіх астатніх гітоў «Уліса», дзесяць гадоў не было чуваць. У 1996 г. ён зьехаў за акіян, пакінуўшы цікаўным зборнік вершаў «Пустая карта». Пра яго хадзілі неверагодныя чуткі: што прыняў будызм, што працуе ў пахавальнай канторы. Карэспандэнт «НН» адшукаў аднаго з самых яскравых айчынных рок-паэтаў у канадзкім Ванкувэры.

Я – паэт

Беларускі рок-н-рол нарадзіўся зь «Песьнярамі» гадоў трыццаць пяць таму. Але ў 1989 г. выйшаў альбом, які цалкам перавярнуў уяўленьні пра беларускі рок. Па-мінімалісцку аздобленая кружэлка перавяла нашу музыку на іншы канцэптуальны падмурак. Праграма – «Чужаніца» гурту «Уліс» – мела сваю філязофію, свой сьвет з цэнтрам на пляцы Францыска, дзе знаходзілася месца мінуламу і будучыні, дзе звычайныя людзі суседзілі з «оруэлаўскімі» пэрсанажамі, дзе ў Нясьвіж хадзілі цягнікі. Гэты сьвет набыў сваё найменьне з другім альбомам «Уліса» – «Краіна доўгай белай хмары». Паэт Фэлікс Аксёнцаў – аўтар словаў да песень трох першых альбомаў «Уліса» – культавых альбомаў айчыннай музыкі.

Міхал Анемпадыстаў упершыню ўбачыў Фэлікса ў 1982 г.: «Ён адразу назваўся паэтам і чытаў вершы ўзвышана і сур’ёзна, што мяне тады зьдзівіла, бо я ведаў шмат творчых людзей, але яны ставіліся да сваіх твораў з іроніяй. Фэлікс нагадваў Алеся Разанава». Сур’ёзнасьць Ф.Аксёнцава суседзіла з тонкім пачуцьцём гумару, нейкі час ён насіў на шыі цяжкі кіляграмовы гадзіньнік, зьняты з прыборнай дошкі самалёта. «Я быў фанабэрыстым у той час, хоць ворагаў, апроч відавочных правакатараў з КГБ, не заўважаў», – дапаўняе свой партрэт сам Фэлікс.

У сярэдзіне 1980-х паэт працаваў у праектнай канторы, апрацоўваў паведамленьні на менскай тэлефоннай сетцы і шукаў магчымасьці жыць насуперак усталяваным нормам. Таму ўхапіўся за журналістыку – рабіў музычныя праграмы на Беларускім радыё, друкаваўся ў «Крыніцы».

Уліс на сцэне

На пачатку 1980-х Фэлікс, нягледзячы на агульны скепсіс да ўжываньня беларускай мовы, зразумеў, што магчымы беларускі варыянт року. «Цэнтральнай загадкай майго жыцьця быў пошук сувязі між музыкай і тэкстам. Я ведаў, што расейскі рок мусіў розьніцца ад польскага, а ангельскі ад беларускага – сыходзячы хоць бы з уласьцівасьцяў мовы. Паслухаўшы польскую альтэрнатыву і піцерскі рок, ідэя беларускага рок-гурту запаліла».

Са сваімі сябрамі Сяргеем Краўчанкам (будучы гітарыст «Бонды» і «Уліса») і Міхалам Анемпадыставым пасправабалі стварыць гурт «Панкрот». Ня склалася. Частка песень няіснага праекту ўвайшла потым у рэпэртуар «Новага Неба». Аксёнцаў паспрабаваў сябе як рок-паэт, напісаўшы некалькі тэкстаў для першага гурту Славы Кораня «Ліфт», поп-гурту «Мэтро», потым і для «Бонды». Да сваіх першых паэтычных рок-вопытаў Фэлікс ставіцца ў тым жа духу, як і да артыкулаў у «Крыніцы».

Першы тэкст для «Ўліса» – «Будапэшт–Прага–Кабул» – Фэлікс папросту змайстраваў безвач. З утварэньнем у 1988 г. гурту «Уліс» Аксёнцаў, паводле ўласнага прызнаньня, пяць год рабіў тое, пра што марыў. «Я прасякнуўся мэлёдыямі Славы, чуў у іх паведамленьні, якія ўвасабляў у словах», – узгадвае паэт.

Захавалася відэа зь першага фэсту «Басовішча». Аксёнцаў знаёміць прысутных са сваім гуртам так, што абыякавым застацца немагчыма. У паўзмроку ў чорных акулярах ён чытае ўрывак з «Уліса» Джойса на беларускай мове, эмацыйна размахвае рукамі, паступова нагнятае атмасфэру, пакуль не выбухае: «Уліс на сцэне!»

Прыклад «U2»

У Польшчы паэт быў у гармоніі з самім сабой: «Па вяртаньні ад свайго сябры Лёніка Тарасэвіча я днямі не выходзіў з дому, каб не папсаваць свае ўражаньні». У адзін з тых дзён, калі Фэлікс сядзеў дома, каб «не папсаваць ўражаньні», і нарадзілася песьня, якая сталася гімнам ягонага пакаленьня – тых людзей, маладосьць якіх прыпала на той пераломны час. Фэлікс згадвае, што песьня «Радыё Свабода» пачалася з выдатнай гімнавай мэлёдыі Кораня: «З аднайменнай радыёстанцыяй тэкст амаль нічога супольнага ня мае, як і фраза «белы сьцяг па-над намi» ня мела дачыненьня да беларускай сымболікі. У той дзень я думаў пра знакаміты канцэртны тур «U2» пачатку 1980-х, калі ахранеўшы Бона бегаў па канцэртных залях зь белым сьцягам чысьціні і адмаўленьня ад гвалту. Мне заўжды падабалася гэтае словазлучэньне – свабода, як нябачная радыёхваля, якая гудзе паўсюль, вакол і ўнутры нас, і распаўсюджваецца Боскім перадатчыкам, які аніяк не заглушыш, – узгадвае Фэлікс. – «Там, дзе няма цемнаты, стрэнемся мы» – знакамітая фраза з раману «1984». Мне вельмі хацелася ачысьціць гэтую фразу ад оруэлаўскай рэпутацыі, бо такое месца, дзе няма цемры, гэта не турма ў Міністэрстве Любові».

Мяне жонка вадзіла за руку

Але вера ў сустрэчу «там, дзе няма цемнаты», ня спраўдзілася. У прыватным жыцьці Фэлікса і ў жыцьці гурту пачаўся разлад: у сям’і паэта здарыліся сьмерці адна за адной, а сустрэчы з удзельнікамі сканваліся п’янымі сваркамі. Аксёнцаў тады гандляваў уразнос, як ён кажа, усялякай музычнай дрэньню. «Я адчуваў, што абмену музычнымі ідэямі між удзельнікамі гурту ўжо не адбывалася, я нібыта быў заціснуты паміж бэтоннымі плітамі і ведаў, што мой час падыходзіў да канца...»

Узімку 1994 г. у Фэлікса надарыўся сур’ёзны нэрвовы зрыў, як і ў першага вакаліста гурту – Андрэя Патрэя, толькі не настолькі драматычны. Патрэй на нейкі час трапіў у вар’ятню. Паэт ня бачыць тут нічога дзіўнага: «Згодна з «Боскай камэдыяй» Дантэ, Уліс пасьмяротна зьмешчаны ў восьмае кола пекла. Так што квіткі на яго карабель абыходзяцца ня танна».

Фэлікс прыняў рашэньне пайсьці з «Улісу» і больш ні з кім з гурту не сустракаўся – не хацеў, каб яго памяталі такім. «Я тады зь цяжкасьцю хадзіў – жонка Наташа вадзіла мяне пад руку, як старога. Дні цягнуліся ў пакутлівым несьвядомым стане. Калі на час віднела, пісаў вершы, каб пасьпець скончыць другую кнігу вершаў». Прычыну такога стану Фэлікс бачыць у «спажываньні вялікіх дозаў алькаголю, табакі, кавы ды лекавых прэпаратаў у спалучэньні з стрэсам, выкліканым неразуменьнем уласных магчымасьцяў». У гэты момант і было прынята канчатковае рашэньне зьехаць з краіны. У Ванкувэры жыў стары сябра.

Горад касмапалітаў

За акіянам Фэлікс ужо шмат гадоў працуе сыстэмным аналітыкам праграмнага забесьпячэньня ў сусьветнай карпарацыі і дзякуе за гэта РТІ: «Тут так вучаць толькі ў самых лепшых унівэрсытэтах». Цікава, што чуткі пра пахавальную кантору маюць падставы: ягоная карпарацыя валодае сотнямі могілак, крэматорыяў і пахавальных камбінатаў па ўсёй Паўднёвай Амэрыцы. Фэлікс афіцыйна прыняў будызм, наведвае службы.

«Уявіце, што вы размаўляеце па-расейску ды па-беларуску, што вы паходзіце з украінска-габрэйскай сям’і, што маеце жонку-беларуску расейска-польскага паходжаньня, што вы будыст, а сярод вашых сяброў і сваякоў – праваслаўныя, юдэі і каталікі, што самых улюбёных вашых месцаў у Польшчы, дзяржавы, у якой вы нарадзіліся, не існуе, а вы – грамадзянін Беларусі. Такі чалавек можа выжыць толькі ў такім касмапалітычным партовым горадзе, як Ванкувэр». Фэлікс тут жа перапрашае, што яго беларуская крыху заржавела за 10 год. Аксёнцаў ня думае пра вяртаньне ў Беларусь ды ня верыць у падтасоўку нашых выбараў, бо «Гітлера таксама абралі дэмакратычным шляхам». «Не, я ня здолею вярнуцца ў маю Беларусь. І маё сэрца назаўжды засталося пад Беластокам», – кажа Аксёнцаў, які дагэтуль пераслухоўвае дыскі «Уліса», цешыцца паведамленьням на сайце гурту і прызнаецца, што ніколі не адрачэцца ні ад аднаго «улісаўскага тэксту». Асабліва Фэлікс вылучае «Краіну доўгай белай хмары». «Гэта назва Новай Зэляндыі на мове маоры – Аотэароа. Раней у іх была зямля, а ў белых – Біблія. Цяпер усё наадварот».

Сяргей Будкін

Каментары

Цяпер чытаюць

У Познані гінеколаг выдаліў 24‑гадовай беларусцы матку і яечнікі без яе згоды. Яму пагражае да 20 гадоў турмы21

У Познані гінеколаг выдаліў 24‑гадовай беларусцы матку і яечнікі без яе згоды. Яму пагражае да 20 гадоў турмы

Усе навіны →
Усе навіны

Кітай захапіўся ідэяй кіраваць дажджом — наколькі гэта эфектыўна?

На палац Хаменеі скінулі 30 бомбаў9

У кватэры беларусаў з 1 сакавіка будуць прыходзіць і задаваць пытанні: хто і навошта12

Якія краіны лепш за ўсё даюць візы беларусам і калі пачынаць афармленне, каб паспець да летняга адпачынку?5

«Ім лепш гэтага не рабіць». Трамп папярэдзіў Іран на фоне пагроз адказаць «наймацнейшым ударам»5

Іран афіцыйна пацвердзіў гібель аяталы Алі Хаменеі. Абвешчана 40‑дзённая жалоба44

У вёсцы пад Віцебскам ёсць душэўны музей: кормяць смачна, а запіс ажно за месяц

Аналіз ДНК дазволіў зазірнуць у інтымнае жыццё неандэртальцаў10

У Іране людзі выходзяць святкаваць смерць Хаменеі ВІДЭА15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Познані гінеколаг выдаліў 24‑гадовай беларусцы матку і яечнікі без яе згоды. Яму пагражае да 20 гадоў турмы21

У Познані гінеколаг выдаліў 24‑гадовай беларусцы матку і яечнікі без яе згоды. Яму пагражае да 20 гадоў турмы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць