Упоцемку, амаль навобмацак і чамусьці ў дзень закаханых кляліся навабранцы, піша ў сваім блогу Сяргей Астравец.
Яшчэ да 18-й усе чыноўнікі і сакратаркі з устаноў хуценька разьбегліся з торцікамі, паасобнымі кветачкамі і бутэлькамі, каб пагуляць у а-ля галівудзскіх закаханых. Зь цёмнай плошчы з адлегласьці чуліся вайсковыя выгукі. Хіба дзень Савецкай арміі ўжо?! — зьдзівіўся Акінчыц. Здурнеў? Сьвятога Валянціна конча!
Міжволі скіраваўся на нечаканыя гукі. Скрозь шквальны вецер урыўкамі даляцела да вушэй нібы пра нейкі народ, які на плошчы ўвасабляў па-ранейшаму чорны змрочны статуй, бронзавы ёлупень, які за яго, народ, паводле працяглай завядзёнкі працягваў думаць… Было цёмна, шыхтавым крокам выносілі сталы як зь ленінскага пакою, але вокладкі з тэкстам ня ляжалі, дый ня бачна нічога, усё роўна не прачытаеш. Дык навошта тады сталы?
Начальства насупраць шыхта пазнавалася дзякуючы паставе і ягоным сьветла-каракулевым аблавушкам. Яно абменьвалася зьвесткамі, шапталася, раўло. Цалавалася нават, як здалося адзін момант. Ну, не магу, падумалася яму: службоўцы цалуюцца публічна, дарагі Ільліч асабіста ўзгадваецца, рэфлекс папросту.
Раз-пораз у патрэбных месцах абзываўся аркэстрык, які зьдзіўляў складам: пару вайсковых, некалькі цывільных, дзьве высокія дзяўчыны(!), кіраваў чалавек з пагонамі. Прысьпела чарга гімнавым акордам. Як вядома, спачатку зь яго найлепшага сябру партызанскага народу выкасавалі, потым рулявую партыю, затым дарагога Ільліча, пазьней сьвятую вялікарусь, у якой варыліся разам з гэнымі як у алхімічнай рэторце на прадмэт атрыманьня адзінага новачалавека. Потым нейк самі сабой зьніклі крамлёўскія куранты, маўзалей для дарагога правадыра кудысьці падзеўся, мошчы народных камісараў.
Ніхто ўвогуле не заўважыў, як сьцёрлі словы пра камунізм не за гарамі, дзе партызанскія дзеці апынуцца ў першых шэрагах. Чыясьці невядомая рука выкрасьліла яшчэ нешта. Праўда, Жалезнага зноўку ў тэкст вярнулі, гэтым разам у выглядзе чырвонай лініі, замянілі радок, у якім прысутнічала некаторы час падазронае слова “свабода”. Гімн такая рэч, ён увесь час пішацца і перапісваецца, як у вядомым “1984-м” старыя газэты. У яго то заносяць, то выносяць, як з маўзалею, труп.
Але самае нечаканае: шэрагі засьпявалі статуі. Халера, ладна, прыгожа сьпявалі! Прычым на мове Янкі і Якуба, што ў даволі антыроднамоўнай старонцы гучала анахранізмам, але радасным, што вялікая рэдкасьць.
А потым зноўку: спружынілі мэханічна крокамі, рухаліся як цыркулі , штось выгукалі ў цемру — ці праклёны, ці заклікі, аддавалі не задумваючыся адзін адному свой гонар. Сьціскалі шэрагі, паварочваліся пад каманды сюды-туды, раптоўна кідаліся ўроссып. Жаўнерскія практыкаваньні, карацей. Вось толькі дзеля каго — было незразумела. Ня дзеля ж Валянціна сьвятога? У гэтым блізка начным відовішчы было штосьці фантасмагарычнае, ірэальнае. Ці, можа, папросту фарбы самі сабой загусьцелі?
Пасьля шпацыру Акінчыц вяртаўся іншай вуліцай, горад спусьцеў, вецер узмацніўся, людзі пасьля смажаніны, бульбы ды чаркі ладкаваліся глядзець праграму “Урэмя”, а з пляцу гучэлі па-ранейшаму салдацкія галасы. (Ці не фанаграма? — падумалася яму хвілёва). Гэтыя нашы вайскоўцы! Ім толькі дай пагарлаць, ды яшчэ з нагоды прысягі закаханых, да адбою ня спыніш, трасца!
Каментары