І яшчэ 9, калі вы не згодныя з нашым выбарам.
Экзамены і сэсіі здадзеныя, лета палівае дажджамі, чарговы сезон «Гульні тронаў» скончыўся, а да новага «Шэрлака» яшчэ далёка? У свеце ёсць яшчэ багата тэлесерыялаў, якімі можна заняць пануры вечар. «Наша Ніва» прапануе сем серыялаў, што сёння «ў трэндзе» на Захадзе, але застаюцца малавядомымі ў Беларусі.
Готэм
Серыял пра свет Бэтмена абышоўся без Бэтмена. У часы, пра якія ён распавядае, Бэтмена яшчэ не было — быў толькі маленькі хлопчык Брус Уэйн, чыіх бацькоў-мільярдэраў забілі невядомыя. Забойства бацькоў, а таксама мноства іншых злачынстваў Готэма, расследуюць камісар Гордан, яшчэ малады і недасведчаны ідэаліст, і яго цынічны ды больш прафесійны напарнік Харві Булак. У серыяле з’явяцца маладыя Жанчына-котка, Пінгвін, Загадачнік, Харві Дэнт (які стане Двулікім) і многія іншыя героі класічных коміксаў.
Пакуль выйшаў толькі першы сезон серыяла, ён завершыўся ў маі, старт другога — у верасні.
Не ўразіліся «Готэмам»? Апошнім часам багата выдатных супергеройскіх серыялаў: «Флэш» пра звышхуткага супергероя, «Сарвігалава» пра сляпога супергероя, «Агент Картар» пра звычайную дзяўчыну-агента, якая спрабуе дапамагчы Говарду Старку, бацьку будучага Жалезнага чалавека…
Як пазбегнуць пакарання за забойства
Прафесар і выбітны адвакат Эналіз Кітынг абірае пяць студэнтаў для праходжання практыкі на сваёй фірме. У серыях-флэшбэках яны скарыстаюцца ведамі з яе курсу лекцый, які яна назвала «Як пазбегнуць пакарання за забойства» і будуць расследаваць два хітра звязаных між сабой забойствы, а тым часам самі трапляюць пад падазрэнне. Серыял не падобны да звычайных дэтэктыўных: асаблівай інтрыгі нібыта і няма, усё вядома нібы ад пачатку, а падзеі разгортваюцца занадта хутка. За што яго палюбілі гледачы і крытыкі? Цяжка растлумачыць, трэба проста глядзець.
Першы сезон серыяла завершыўся ў лютым, наступны стартуе ў верасні.
Любіце больш традыцыйныя дэтэктывы? Паспрабуйце нэа-нуар «Сапраўдны дэтэктыў», якраз ідзе другі сезон з новымі героямі і новымі злачынствамі.
Аранжавы — хіт сезону
Што будзе з мілай бландынкай з сярэдняга класу, калі яна на 15 месяцаў трапіць у амерыканскую турму? Камедыйны серыял спрабуе паказаць драматычныя падзеі ў турэмным пекле з доляй гумару. Галоўная гераіня добра вывучыць турэмныя норавы перад адбываннем пакарання, але ў турме сустрэне зусім не тое, пра што чытала ў тэорыі, а таксама сустрэнецца са змрочнай сяброўкай-злачынцам, за дапамогу якой у маладосці і трапіла ў турму. Прыйдзецца пераўтварыцца з тыповай бландынкі ў суворую баявую жанчыну.
Месяц таму выйшаў трэці сезон серыялу, на 2016 год запланаваны чацвёрты, але серыял не губляе цікаўнасць аўдыторыі.
Што-небудзь вясёлае і не пра турму? Паспрабуйце «З карабля», што распавядае пра новае жыццё азіяцкай сям’і ў ЗША.
Містар Робат
Калі вас раздражняе, што ў кіно хакеры ўзламваюць серверы ФБР за 15 секунд манатоннага стуку па клавіятуры, калі вы расчараваліся ў хакерскай гульні Watch Dogs праз яе дзіравы сюжэт, калі вам падабаецца новы стыль Паўла Дурава, але не падабаецца, што ва ўсіх інтэрв’ю ён нудзіць пра адно і тое ж, паспрабуйце «Містара Робата». Коміксавая хакерская эстэтыка і рэалістычныя тэхнічныя падрабязнасці, змрочныя маналогі галоўнага героя і высокія мэты ў брудным свеце, нават назвы серый, стылізаваныя пад стандартныя назвы файлаў з рознымі расшырэннямі.
Пакуль ідзе першы сезон серыяла. Яго ўжо працягнулі на другі сезон — адразу пасля выхаду другой серыі першага.
Пра IT, але не пра хакераў? «Крэмніевая даліна» не без гумару распавядзе пра тыповы стартап і яго выжыванне ў свеце вялікага (і не вельмі) бізнесу.
Картачны домік
Дзіўна, але серыял, які глядзіць Барак Абама і палова Штатаў, у Беларусі прайшоў практычна незаўважаным. Вядома, сёлета ў Беларусі свой палітычны серыял, выбары-2015, але яго жанр пакуль цяжка вызначыць. З жанрам «Картачнага доміка» прасцей: гэта палітычны трылер. Кангрэсмен-дэмакрат у выкананні Кевіна Спэйсі ў абыход усялякіх правіл робіць супартыйца прэзідэнтам, але не атрымлівае абяцанай за гэта пасады віцэ-прэзідэнта і пачынае помсціць. Дарэчы, серыял нарадзіўся дзякуючы аналізу інфармацыі пра карыстальнікаў: праграмісты Netflix пабачылі, што гледачоў зацікавіць нешта ад Дэвіда Фінчэра з Кевінам Спэйсі ў галоўнай ролі, — і прапанавалі зрабіць серыял, што стаў амерыканскім хітом.
Трэці сезон серыяла выйшаў у лютым, гэтым летам стартавалі здымкі чацвёртага.
Далоў палітыку, даеш анархію? Раім «Рэвалюцыю» — серыял пра постапакаліптычную будучыню без электрычнасці, але з апалчэннем, баевікамі і хунтамі.
Атака тытанаў
Многія лічаць, што анімэ — з’ява для японцаў і асобных нешматлікіх фанатаў-гікаў. Але як некалі заходні свет скарылі поўнаметражныя стужкі Хаяа Міядзакі, так цяпер Захад палюбіў анімэ-серыял «Атака Тытанаў». У адрозненне ад большасці анімэ, у «Тытанах» няма настырнага сэксуальнага падтэксту, а злодзеі — бяздушныя як стыхійная з’ява. Трэба прызнаць, што баязлівасць герояў часам раздражняе, злодзеі не выклікаюць дастатковага страху, а зацягнутасць дзеяння многіх прымусіць закінуць серыял на сярэдзіне. Ды да серыялу захочацца вярнуцца — кожная серыя завяршаецца канцоўкай-кліфхэнгерам, што намякае на захапляльны працяг.
Адзіны сезон серыялу паказваўся яшчэ ў 2013 годзе, але зноў набыў папулярнасць пасля чутак аб новым сезоне, што ўжо прызначаны на 2016 год.
Анімэ павінна быць больш лагічным і рэалістычным, але зноў жа без сэксуальнага падтэксту? Стары «Planetes» з увагай да дэталей распавядае пра будні касмічных зборшчыкаў смецця ў атмасферы, што вельмі нагадвае постсавецкі навукова-даследчы інстытут.
Светлячок
Узімку нас чакае галоўная касмічная эпапея — новыя «Зорныя войны». А пакуль можна прыгадаць класічны касмічны серыял у космасе без іншапланетнікаў і гіганцкіх баталій. «Светлячок» у свой час скарыў гледачоў сусветам вэстэрну ў космасе і сямейнай атмасферай у камандзе міжпланетных кантрабандыстаў.
Але паказ серыялу спынілі, не паказаўшы нават усе серыі. Праз падтрымку фанатаў быў выпушчаны поўнаметражны фільм «Місія Серэніці», што закрываў сюжэт серыялу. Ды фанатам было мала, яны патрабавалі другі сезон, замест якога ў гэтым годзе атрымаюць анлайн-гульню.
Паглядзелі «Светлячка», палюбілі яго ды цяпер шкадуеце, што мала? У вельмі падобную атмасферу пагружае анімэ-серыял канца 90-х «Каўбой Бібоп», таксама амаль вэстэрн у космасе з экіпажам, што хавае не менш шкілетаў у шафе.
***
Хочаце парэкамендаваць іншыя серыялы, што на вашую думку не набылі належнай папулярнасці ў Беларусі? Напішыце пра іх у каментарах!
Каментары