Гімн пад сценамі Цэнтральнага суда: вучні Коласаўскага ліцэя распачалі навучальны год
Некалькі дзясяткаў вучняў, якія абралі цалкам беларускамоўную адукацыю паводле аўтарскіх праграмаў, сабраліся 1 верасьня ў дворыку каля будынку на Кірава, 21.
Закрыты ўладамі, але нязломны, Беларускі ліцэй імя Якуба Коласа распачаў навучальны год урачыстай лінейкай і сьпяваньнем гімна пад сьценамі свайго колішняга будынку, у якім цяпер суд Цэнтральнага раёну.
«Самая галоўная навіна — гэта нашы новыя вучні, — распавядае дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас. — Ліцэй — структура, якая пастаянна абнаўляецца. Сыходзяць тыя, з кім ужо парадніўся і неяк не ўяўляеш сабе існаваньня бязь іх. Але яны сыходзяць у сваё дарослае жыцьцё. Прыходзяць новыя. У гэтым годзе вельмі цікавыя ў нас навічкі… Як ніколі вялікі набор у нас у гэтым годзе. І, бачыце, мы расьцем, нягледзячы ні на якія неспрыяльныя ўмовы, і трымаем марку, узровень, тонус. Гэта галоўнае».
Штогод Уладзімер Колас тлумачыць першакурсьнікам, што адбылося з навучальнай установай, утворанай у 1990-м і зьліквідаванай у 2003 годзе рашэньнем Міністэрства адукацыі:
«Каштоўнасьці, дзеля якіх ствараўся ліцэй, — навучаньне на беларускай мове, навучаньне на дэмакратычных стандартах, на грунце эўрапейскіх традыцыяў, — гэтыя каштоўнасьці шанаваліся і прызнаваліся. Таму ліцэй займаў такое прэстыжнае месца ў цэнтры гораду. Раней з усім гэтым былі праблемы, і мы існавалі як нефармальная нядзельная школа пры Таварыстве беларускай мовы.
Сёньня мы ізноў існуем як нефармальная пляцоўка, як грамадзянская ініцыятыва».
Адзін з заснавальнікаў ліцэю, намесьнік дырэктара Лявон Баршчэўскі згадвае, што 1 верасьня 2003 году заняткі распачыналі проста на вуліцы насупраць будынку суду. Цяпер навучэнцы ліцэю легалізаваныя пры Гданьскай міжнароднай школе, атрымліваюць дакумэнт аб адукацыі польскага ўзору і маюць права паступаць у любую эўрапейскую ВНУ, а таксама ў навучальныя ўстановы Беларусі.
«Мы чакаем, што нашы вучні праявяць сябе яшчэ лепш. У нас сёлета значны конкурс, гэта павінна паўплываць на якасьць, — кажа Лявон Баршчэўскі. — І мы чакаем, што агульная сытуацыя ў краіне будзе мяняцца ў бок спрыяньня беларушчыне і беларускай адукацыі і ўсяму, што з гэтым зьвязана. Нягледзячы на ўсе пэсымістычныя размовы і прагнозы».
«Не саромеюся паўтараць, што гады, праведзеныя ў ліцэі, я лічу самымі лепшымі, самымі шчырымі, самымі сяброўскімі, — прызнаўся на лінейцы заслужаны настаўнік Беларусі Ўладзімер Дзіско. — Жадаю, каб вы пражылі гэты чарговы навучальны год плённа, шчодра, з карысьцю для саміх сябе, сваіх бацькоў і будучыні Беларусі».
Вучні толькі што вярнуліся зь летняй сэсіі ў Варшаве, дзе, як кажа Ўладзімер Колас, мелі магчымасьць праводзіць заняткі «ў нармальных умовах і нармальных клясах». Новым наборам першакурсьнікаў ліцэйскія выкладчыкі надзвычай задаволеныя.
«Мы перажывалі фантастычныя моманты, калі немагчымае рабілася магчымым, — зьвярнуўся Ўладзімер Коласда ліцэістаў на лінейцы. — Мы спадзяемся, што такія моманты яшчэ ня раз будзем перажываць у нашым жыцьці. І да гэтых момантаў трэба быць гатовым, што мы і робім. Мы даем вам нашы веды… Мы спадзяемся, што на падставе аб’ектыўнай інфармацыі і выдатнай падрыхтоўкі, якую вы атрымліваеце, вы зможаце правільна і адэкватна зарыентавацца ў гэтым жыцьці і ў гэтым грамадзтве і мець годную грамадзянскую пазыцыю».
Каментары