Мора выкінула табе манэтку на розьвіт, вось яна, пазелянелая, у тваёй руцэ, піша на сваім блогу Сяргей Астравец.
Так‑так, не хапае мора ў нашай аднастайнай краіне. Бяз гор увогуле абысьціся можна, бяз мора — не. Табе даводзілася жыць у краінах, дзе існуе мора. Да яго цягне зноў‑і‑зноў. Гэтую цягу можна заглушыць у сабе нават на некалькі гадоў, але зусім — не. Сумна, калі давядзецца чамусь аднойчы адмовіцца ад магчымасьці зноўку ўбачыць марскія хвалі.
Спадарожнікавая талерка даносіць гукі паўднёвага мора, краявіды, славянскія сьпевы з тамтэйшага краю. Даносіць навіны. Чытаеш расейскія раздражнёныя камэнтары… Табе таксама крыху ніякавата. Падобна, сэрбаў моцна пакаралі. Магчыма нават празьмерна? Але за пыху, за сьмяротныя грахі. Усё ж самі расейцы паказалі ім іншы прыклад, цывілізаваны. Памятаецца, як вы радаваліся вываду Савецкай арміі з суседняй Літвы, напрыклад. Як назіралі за эшалёнамі з салдатамі і зброяй, што, не спыняючыся, кіравалі праз цэнтар Горадні з Эўропы на ўсход.
А вось тамака зусім іншая каша заварылася, «Underground» Кустурыцы ня проста выдумка мастацкая. Вось і вынікі, зусім нечаканыя, нават абразьлівыя, непрымальныя для іх. Што табе да гэтага? Беларусь, умоўна кажучы, — адна з тых рэспублік, якія іхні Бялград не хацеў адпусьціць. І як не хацеў! Радасьць тады адчувалі мы за нашу братэрскую Славенію, смутак за зьнішчэньне сярэдневечнага Дуброўніка цяжкой бялградзкай артылерыяй. Жах за абстрэл з гор мірнага насельніцтва вялікага горада Сараева тымі, хто не жадаў нікому незалежнасьці. Вось жа сапраўды: пасееш вецер…
А ў Эўропе цяпер маем яшчэ мусульманскую дзяржаўку, пасьля Албаніі другую. Узгадваецца хіба Ібэрыйскі паўвостраў часоў «Сьпеву аб маім Сідзе». Эўропа зь цяжкасьцю адбілася ад Асманскай імпэрыі, дзякуючы, што тая сама зрабілася лядашчай, адстала безнадзейна ад часу. Сёньня адваротны рух зноўку. Ранейшы запіс з твайго дзёньніка: «Калі Турцыя хоча прылучыцца да Эўропы, прыляпіўшыся да яе сваім плацдармам, то Беларусь, наадварот, хочуць адарваць ад Эўропы, прыляпіць кавалкам да аграмаднай расейскай Эўразіі».
Успамінаецца: апошні раз у хвалі перад адлётам. Ты стаіш на пяску, адчуваючы дотык мора, якое раптам выкідае пад ногі манэтку, вачам ня верыш. Што б гэта значыла? Не‑не, зусім ня рымскую, арабскую і не турэцкую. Югаслаўскую, якая нібы ракавінка, пачала абрастаць пясочынкамі. Ачышчаць яе ты ня стаў. Успамінаецца: сярод суцэльнага панаваньня эўра, на адной крамцы абвестка нечаканай кірыліцай «Бярэм дынары». Пытаньне: што, сэрбы праз «абразу нацыянальнага гонару» адмовяцца ад пэрспэктывы атрымаць эўра, каб застацца са сваімі дынарамі назаўжды? Але ж дылема!
Каментары