Аляксандр Лукашэнка перасцярог урад ад эксперыментаў у эканоміцы. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на нарадзе аб праектах прагнозу, бюджэту і грашова-крэдытнай палітыкі на 2016 год.

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў ад урада канкрэтнай працы. Сітуацыю ў эканоміцы ён ахарактарызаваў як складаную — «сёння ў свеце амаль як быццам вайна ідзе».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Трэба мабілізоўваць вядомымі метадамі, якімі мы ўмеем дзейнічаць, разумеем іх. Трэба грунтавацца на іх і дзейнічаць, а не падкідваць рознага роду эксперыменты».
«Мне патрэбны канкрэтныя разумныя прапановы», — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы выступіў супраць скарачэння паказчыкаў. «Трэба даводзіць больш канкрэтных паказчыкаў», — мяркуе ён, прывёўшы ў якасці прыкладу паказчык па стварэнні рабочых месцаў для мясцовых органаў улады. Гэта паслужыць для іх дадатковым стымулам для пошуку інвестараў, якія будуць гэтыя працоўныя месцы ствараць.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што беларуская эканоміка абсалютна канкурэнтная па цэнавым фактары і якасці. «Цудаў не бывае, у крызісны час мы не можам, нават калі захочам, стварыць новую эканоміку, гэта значыць замест нашага машынабудаўнічага комплексу, да прыкладу, вырабляць нешта касмічнае. Не зможам — ды і не трэба. У нас добрыя людзі, адукацыя, прамысловая школа. Трэба трошкі варушыцца, напружвацца», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
«Мы не павінны дзейнічаць ва ўгоду камусьці, няхай гэта будзе міжнародная супольнасць, Міжнародны валютны фонд, Расія і іншыя дзяржавы. Мы ніколі нікому не стваралі праблем», — прадоўжыў ён.
Пры гэтым Беларусь разлічвае на дапамогу і падтрымку з боку міжнароднай супольнасці перш за ўсё ў эканоміцы, і толькі ў эканоміцы. «Не трэба больш ніякая падтрымка», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Беларусь разлічвае таксама на падтрымку Расіі, дружалюбнай, братняй дзяржавы. Так, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на прадпрыемствах Расіі, якія маюць кааперацыйныя сувязі з Беларуссю, працуе 10 млн расіянаў.
Каментары