Пяць фактаў аб прадпрымальніцкім лідару Анатолю Шумчанку
«НН» сабрала факты з біяграфіі старшыні прадпрымальніцкай арганізацыі «Перспектыва» Анатоля Шумчанкі.
Родам з Мінска, вучыўся ў МГЭУ
Анатолю Шумчанку 40 гадоў, ён нарадзіўся і вырас у Мінску. Бацька быў рабочым, маці працавала на заводзе «Інтэграл». Ён скончыў камерцыйны Міжнародны гуманітарна-эканамічны ўніверсітэт. Перад гэтым навучаўся ў ПТВ-222. Кажа, што конкурс на той час складаў 14 чалавек на месца. Шумчанка не карыстаецца беларускай мовай, кажа, што ў школе не навучылі.
У сферу ІП трапіў маладым, у 22 гады быў прадаўцом на рынку «Дынама». Праз нейкі час сам стаў прадпрымальнікам, меў некалькі палатак на рынку «Ждановічы», на сёння бізнэсу не мае, сканцэнтраваны на грамадскай рабоце. Яшчэ да «Перспектывы» ён узначальваў «Аб’яднаную раду прадпрымальнікаў». 12 сакавіка 2003 года было зарэгістраваная грамадскае аб’яднанне «Перспектыва». Цікава, што ў той самы дзень у Мінску прайшоў марш «За лепшае жыццё».
Хацеў стаць прэзідэнтам
У 2004 годзе Анатоль Шумчанка ў інтэрв’ю газеце «Наша Ніва» не хаваў сваіх прэзідэнцкіх амбіцый: «Мною рухае імкненне ўладкаваць уласнае жыццё, жыццё маёй сям’і, пастаянную плынь фінансаў, мець свабоду выказванняў і ўчынкаў. Калі б у мяне ўсё гэта было, то я б не займаўся грамадскай дзейнасцю. Пакуль гэтага не будзе, я буду працаваць на змены. Калі для гэтага трэба будзе стаць прэзідэнтам, я стану. Я ж бачу, колькі разумных людзей навокал. Трэба, каб ім далі шанец рэалізаваць свае здольнасці», — казаў тады Шумчанка.
Таямнічая крымінальная справа
У 2005 годзе пачалося новае супрацьстаянне ўлады і прадпрымальнікаў. Ад 1 студзеня 2005 года ІП мусілі ўплочваць падатак на даданую вартасць, які складаў 18% ад цаны тавару. 1 сакавіка некалькі тысяч прадпрымальнікаў выйшлі на Кастрычніцкую плошчу з патрабаваннем адмены падатку. У выніку Анатоль Шумчанка быў арыштаваны на 10 сутак, аднак па сканчэнні тэрміну на волю не выйшаў. Ужо ў ізалятары на яго была заведзеная крымінальная справа па артыкуле 339 КК «Хуліганства». Маўляў, Шумчанка збіў сукамерніка.
Урэшце 31 сакавіка ён нечакана для ўсіх выйшаў на волю, бо пракуратура палічыла, што гэтая справа мае «малую значнасць». Што стаяла за гэтым вызваленнем, было зразумела не ўсім.
Перастаў супрацоўнічаць з апазіцыяй
У першыя гады сваёй грамадскай дзейнасці Шумчанка актыўна камунікаваў з апазіцыйнымі палітыкамі. Напрыклад, ён разам з Мікалаем Статкевіч быў ініцыятарам стварэння аб’яднанай сацыял-дэмакратычнай партыі, якая так і не паўстала. А «Перспектыва» ўваходзіла ў кааліцыю партый і арганізацый, якія ставілі на мэту ўступленне Беларусі ў Еўрасаюз.
З цягам часу Шумчанка адышоў ад палітычных патрабаванняў, сканцэнтраваўся на праблемах прадпрымальнікаў. Напрыклад, ён адмовіўся браць удзел у Кангрэсе дэмсіл па выбарах адзінага кандыдата ад апазіцыі ў 2005 годзе.
«Ганіце ад сябе розных Шумчанкаў»
Апошнія буйныя вулічныя акцыі прадпрымальнікаў прайшлі ў студзені 2008 года. Тады прадпрымальнікі і грамадскія актывісты нават перакрывалі праспект, а таксама патрабавалі выклікаць кіраўніцтва краіны на перамовы. Анатоль Шумчанка якраз і накіраваўся на перамовы ў Адміністрацыю прэзідэнта, дзе сустракаўся з загадчыцай галоўнага эканамічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Інай Мядзведзевай (сённяшняй кіраўнічкай Белстата). Пасля вяртання Шумчанкі з перамоваў яго затрымалі і асудзілі на 10 сутак.
Той пратэст скончыўся «Справай чатырнаццаці», калі на лаве падсудных аказаліся моладзевыя актывісты.
У 2014 годзе на адной з нарад па развіцці прадпрымальніцтва Аляксандр Лукашэнка нечакана ўзгадаў кіраўніка «Перспектывы» Анатоля Шумчанку. Ён сказаў: «Ганіце ад сябе розных там Шумчанка, не тое яшчэ кагосьці, каб яны нават блізка каля вас не стаялі».
Анатоль Шумчанка жанаты, разам з жонкай Вольгай гадуюць дзвюх дачок.
Каментары