Мама Бажэны Ярэміч, якая рыхтуе прыгажунь для Лукашэнкі, купіла элітны катэдж
Увесну 2025 года адзін з катэджаў у комплексе «Алімпік Парк» у Мінску атрымаў новую ўладальніцу. Як высветліла «Люстэрка», яго купіла Ірэна Ярэміч з Гродна, якая яшчэ нядаўна працавала прыбіральшчыцай.

Гэта мама Бажэны Ярэміч, якая ўзначальвае Нацыянальную школу прыгажосці. Плошча асабняка на вуліцы Ратамскай складае 610 квадратных метраў, ён пабудаваны на ўчастку плошчай 14 сотак.
Новы катэдж Ярэміч уваходзіць у комплекс «Алімпік Парк» побач з заказнікам «Лебядзіны». Зямельныя ўчасткі пад яго будаўніцтва дасталіся забудоўшчыку «Тапас» паводле ўказа Лукашэнкі без аўкцыёну, работы вяліся ў 2019—2020 гадах насуперак пратэстам эколагаў.
У выніку з'явіліся некалькі шматпавярховікаў, шэсць дуплексаў і закрытая вулачка з 13 катэджамі.

Ірэна Ярэміч купіла гэты асабняк у лютым 2025 года ў Ліліі Белай — мамы прадпрымальніка Паўла Белага, якому належыць «Тапас», што пабудаваў гэты дом. Сама Белая набыла яго ўсяго за два тыдні да перапродажу, сума той здзелкі склала 837 тысяч даляраў.
Цікава, што гэта не адзіны выпадак, калі Лілія выступала прамежкавай уладальніцай нерухомасці. Паводле падлікаў «Люстэрка», праз жанчыну прайшло як мінімум шэсць кватэр і два дамы, якія яна прадавала менш чым праз год пасля набыцця.
Навошта спатрэбілася такая схема, дакладна невядома. За кадрам маглі застацца нярынкавы кошт, зніжка або нефармальная растэрміноўка.
Хто такая Ірэна Ярэміч і чым вядомая яе дачка Бажэна
Бажэна Ярэміч за апошнія гады зрабіла імклівую кар'еру. Пасля візіту Аляксандра Лукашэнкі ў яе ВНУ дзяўчына пачала прыязджаць на мерапрыемствы з яго ўдзелам. У 2020 годзе яна на выдатна скончыла юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У лютым 2021 года 21‑гадовая юрыстка апынулася ў прэзідыуме падчас Усебеларускага народнага сходу, а ў кастрычніку ўзначаліла Нацыянальную школу прыгажосці.

Зараз Бажэне Ярэміч 27 гадоў, яна ўваходзіць у Мінгарсавет. Яна рэгулярна з'яўляецца на мерапрыемствах з удзелам Аляксандра Лукашэнкі — напрыклад, гэтай вясной падмятала зямлю, пакуль ён саджаў дрэвы на суботніку.
Нядаўна яна выйшла замуж.

Яе мама Ірэна — не публічны чалавек. У 2021 годзе Бажэна расказвала, што тая працуе прыбіральшчыцай. У нейкі момант жанчына была аформленая на працу дворнікам.
У інтэрв'ю Ярэміч называла маму сваёй найлепшай сяброўкай. Бацька Бажэны Ярэміч, Віктар, — рабочы на мэблевай вытворчасці.
Ярэміч казала, што ні ў аднаго з яе бацькоў няма вышэйшай адукацыі.
Паводле яе слоў, мама і тата заўсёды яе падтрымлівалі, а цяпер дапамагаюць выхоўваць дзіця.
-
Беларускі рэцыдывіст, які нідзе не працаваў, акрамя калоній, пайшоў ваяваць за Расію. Цяпер у палоне
-
«Чаму мы павінны неяк ушчэмліваць сябе?». Дырэктарка РТБД патлумачыла, чаму паставіла спектакль паводле Пушкіна ў адным з апошніх тэатраў краіны, які працаваў па-беларуску
-
Дзе на гэтых выходных у Мінску працуюць сельскагаспадарчыя кірмашы
Цяпер чытаюць
«Чаму мы павінны неяк ушчэмліваць сябе?». Дырэктарка РТБД патлумачыла, чаму паставіла спектакль паводле Пушкіна ў адным з апошніх тэатраў краіны, які працаваў па-беларуску
Каментары