Грамадства77

Маці Тараса Аватарава: Следчы сказаў, што я павінна адмовіцца ад сына

5 траўня суд Фрунзенскага раёна прысудзіў Тараса Аватарава да пяці гадоў пазбаўлення волі за незаконны абарот і кантрабанду выбуховага прыстасавання. Яго маці Людміла Поспіх распавяла, чаму яе сын у 2011 годзе змяніў прозвішча, як паехаў ва Украіну і што праваахоўнікі казалі сям'і пра «баявыя заслугі» Тараса.

Людміла Поспіх.

— Людміла Аляксандраўна, нягледзячы на тое, што судовы разгляд па справе завершаны, пра асобу вашага сына мала што вядома. Раскажыце, чым ён займаўся?

— Мой сын два гады знаходзіўся дома і працаваў на камп'ютары. Якія ён там пісаў артыкулы, мне невядома. Але тое, што ён не быў злачынцам і не можа ім быць, я даю стоадсоткавую гарантыю. У інтэрнэце ён меў зносіны з народам, не прымаў тое, што адбываецца ва Украіне. І гэта можна зразумець. Для ўсіх нас гэта таксама непрымальна. Мы — украінцы, мае бацькі з Данецкай і Сумскай абласцей, сястра жыве ў Адэсе.

— Чаму ў 2011 годзе ён змяніў прозвішча?

— Ён спачатку хацеў памяняць імя. Яшчэ ў дзяцінстве аднакласнікі рыфмавалі яго імя з непрыстойным словам. Я і падумаць пра гэта не магла, калі мы вырашалі, як яго назваць, бо Тарас — нармальнае ўкраінскае імя. Але яго пераканалі, што можна памяняць і імя, і прозвішча. Так ён стаў Аватаравым. Імя змяніць проста не паспеў.

— А як ён трапіў ва Украіну?

— Ну як? Сеў і паехаў!

— Вы ведалі, куды менавіта ён адправіўся і з якой мэтай?

— Не, пра гэта мы ўжо даведаліся са СМІ і ад нашых органаў, якія распавялі нам такое, што вочы з арбіт вылезлі.

— Што вы маеце на ўвазе?

— Спачатку яны казалі, што сын ваяваў у Чачні. Але калі я патлумачыла, што гэта немагчыма, Тарасу на той момант было ўсяго 6 гадоў, мне паказалі відэа, дзе чатырохгадовы хлапчук паўзе пад расцяжкай і крычыць: «Алах Акбар!» Казалі, маўляў, я таксама магла так сваё дзіця адправіць у Чачню, уяўляеце?

Потым тое ж самае казалі пра Украіну, маўляў, ваяваў і там. Але мой сын знаходзіўся ва Украіне ў кастрычніку і лістападзе 2015 года, калі там было перамір'е і не было ніякіх баявых дзеянняў. Прадстаўнікі АБСЕ пацвярджаюць, што ні адзін беларус не браў удзел у ваенных дзеяннях у гэты восеньскі перыяд. Гэта толькі Беларусь распавядае пра нашага сына такое, што ўвесь свет паверыў, што ён галоўны тэрарыст ў свеце.

Праваахоўныя органы заяўляюць, што затрымалі ці то 130, ці то 150 добраахвотнікаў. Пытанне: а хаця пра аднаго з іх, акрамя майго сына, паказвалі ў інтэрнэце, што прайшоў суд? Няма!

— Вы сказалі, што Тарас два месяцы быў ва Украіне. Вы ў гэты час спрабавалі з ім звязацца? Ці ён выйшаў з дому і накіраваўся ў невядомым накірунку?

- Мой сын — дарослы чалавек. Ён не казаў, куды менавіта едзе. Сказаў толькі, што патэлефануе, калі ўладкуецца. Ён і раней ад'язджаў — у Расію, на заробкі. Прайшло не так шмат часу, мы думалі, ён не выходзіць на сувязь, таму што вырашае свае пытанні.

— Чаму ваш сын не служыў у войску?

— Ён шмат гадоў стаіць на ўліку ў скурным дыспансеры, у яго дэрматыт. Менавіта з гэтай прычыны ён не служыў у войску. Што тычыцца неадэкватнасці, як пісалі пра яго ў інтэрнэце, то гэта хлусня.

Спачатку ж запусцілі інфармацыю, што затрымалі псіха. Гэта было спушчана зверху. У Следчым камітэце падымалі галаву наверх і казалі: «Як ЁН вырашыць, што ЁН скажа». Следчы не пасаромеўся спытаць: «Якое ваша стаўленне да сына?» Я спачатку нават не зразумела пытанне. «Я думаю, вы зараз абавязаны адмовіцца ад яго», — заявіў ён мне. На што я адказала яму: я маці траіх сыноў. І адразу допыт скончыўся.

У інтэрнэце можна знайсці два фільмы пра падзеі ва Украіне, на кадрах ёсць і мой сын. Я не думаю, што гэта выпадкова. Чалавек паўтара месяца там знаходзіцца, а пра яго ўжо фільмы здымаюць. Ён што, герой які-небудзь? Канечне не. Камандзір яго часткі казаў, што Тарас працаваў толькі на кухні. Ён жа нават у войску не служыў. Проста хацеў дапамагаць.

— Якім чынам? Збіраць грошы на патрэбы добраахвотнікаў?

— Атрымліваецца, што так.

— Адзін са сведкаў у судзе заявіў, што ў верасні 2015 ваш сын быў паранены. Вы можаце пацвердзіць гэты факт?

— Не, у яго былі расцягнутыя звязкі на назе. Лячэнне ён праходзіў у Наваполацку. Тут яму наклалі лангет. Ніякага ранення не было. Гэта распавядаюць людзі, якія нічога не ведаюць пра майго сына.

— Гэты ж сведка заяўляў, што ў перапісцы з ім Тарас распавядаў, што працаваў у дзяржаўных структурах, у тым ліку ў ААЦ. Вам што-небудзь вядома пра гэта?

— Гэтага я не ведаю, таму нічога казаць не буду.

— А чым ён зарабляў на жыццё?

— Не ведаю.

— Вы самі разумееце, навошта ён прыбыў у Беларусь са зброяй?

— Хто сказаў, што ён прыбыў са зброяй? Ён прызнаў віну ў захоўванні боепрыпасаў, таму што адразу не здаў міліцыі гранату. Але яму падклалі яе! Я пыталася, чаму ён адразу ж яе не выкінуў. Ён казаў, што спалохаўся, не ведаў, што рабіць, бо на гранаце ўжо засталіся яго адбіткі пальцаў.

— А ў бронекамізэльцы навошта ён хадзіў?

— Пачнем з таго, што бронекамізэлька не з'яўляецца узбраеннем. Любы чалавек мае права яго надзець і так хадзіць. Гэтая такая тэорыя: любы можа напасці, і не дай бог, нажом зарэжа.

— Вам вядома, якія ў яго былі далейшыя планы ў Беларусі?

— Ён планаваў атрымаць грамадзянства Украіны. Для гэтага ён і прыехаў у Беларусь — каб сабраць усе патрэбныя дакументы.

— Вы згодныя з высновамі псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы, што ў вашага сына «ёсць патрэба ў прыцягненні ўвагі, крыўдлівасць, гатоўнасць да актыўнай праявы агрэсіі»?

— Я магу такое сказаць пра ўсіх нас. Пакажыце мне чалавека, у якога не будзе агрэсіі, калі яго крыўдзяць. Ёсць такія людзі? Няма!

— У судзе Тарас заяўляў, што паказанні ён даваў пад ціскам. Ён звяртаўся з гэтай нагоды ў пракуратуру?

— У судзе зачыталі толькі, што ў студзені ў яго быў удар пляча, яму далі дыклафенак, пасля чаго ён падпісаў паперу, што знаходзіцца ў нармальным стане. На гэтым усё.

Хачу звярнуць увагу, што мы былі фактычна пазбаўлены права на перапіску. Усе мае лісты былі прышытыя да справы, лісты сына я так і не ўбачыла. Спатканні таксама давалі з цяжкасцю. 29 лютага я прыехала ў Мінск. Потым ад Тараса даведалася, што ў той жа дзень яму далі матэрыялы справы для азнаямлення. На пяць тамоў выдзелілі чатыры гадзіны. І сказалі, падпісвай, што азнаёміўся. Тут стаяць твае бацькі, інакш ты іх не ўбачыш.

— На працэсе ваш сын заявіў, што яму сорамна быць грамадзянінам Рэспублікі Беларусь. Чаму?

— Гэтая думка ў яго з'явілася толькі ў судзе. Тарас меў на ўвазе, што калі б ён не быў грамадзянінам Беларусі, яго б ніхто не затрымаў і нічога яму не падкінуў. Я перакананая, што ўсё гэта справа — звычайная правакацыя. Каб паказаць народу, што будзе з тымі, хто нібыта ваюе ва Украіне.

Каментары7

Цяпер чытаюць

Палітвязняў па ўсёй краіне апытваюць: пасля памілавання вы хочаце застацца ў Беларусі ці з'язджаць?9

Палітвязняў па ўсёй краіне апытваюць: пасля памілавання вы хочаце застацца ў Беларусі ці з'язджаць?

Усе навіны →
Усе навіны

У Барысаве 18‑гадовы хлопец спрабаваў скончыць жыццё самагубствам у жывым эфіры1

І вось пытанне: гэта нармальна, калі беларускі палітык першыя інтэрв’ю дае не беларусам, а немцам і расіяніну?89

Калеснікава распавяла, чаму яна адмовілася ад сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА КДБ8

Калеснікава адказала, ці праўда, што яна схуднела да 45 кг у калоніі12

Маразы адступяць у чацвер

Севярынец звярнуўся да Калеснікавай: Маша, ты наша!22

Наўседа: Я буду сярод тых, хто найбольш жорстка патрабуе падаўжэння санкцый ЕС супраць Беларусі7

Міліцыя знайшла нечаканую нагоду аштрафаваць мінчука за ролік у сацсетках8

Ініцыятыва «Будзьма беларусамі!» прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем»6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Палітвязняў па ўсёй краіне апытваюць: пасля памілавання вы хочаце застацца ў Беларусі ці з'язджаць?9

Палітвязняў па ўсёй краіне апытваюць: пасля памілавання вы хочаце застацца ў Беларусі ці з'язджаць?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць