Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін прыбыў у Беларусь для ўдзелу ў III Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Самалёт расійскага лідара здзейсніў пасадку ў Нацыянальным аэрапорце Мінск.
У аэрапорце Уладзіміра Пуціна сустрэў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў.
Як паведамлялася, да ўдзелу ў форуме прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін правядуць сустрэчу ў Палацы Незалежнасці, на якой абмяркуюць беларуска-расійскае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва і іншыя актуальныя пытанні двухбаковых адносін.
«Плануецца, што асаблівы акцэнт падчас сустрэчы будзе зроблены на мерах па пераадоленні зніжэння ўзаемнага тавараабароту на фоне эканамічнай нестабільнасці ў рэгіёне і свеце. Улічваючы цеснае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва дзвюх краін як у рамках Саюзнай дзяржавы, так і Еўразійскага эканамічнага саюза, размова таксама пойдзе аб паглыбленні інтэграцыі, перспектывах зняцця асобных абмежаванняў ва ўзаемным гандлі», — заявіла прэс-сакратар кіраўніка Беларусі Наталля Эйсмант.
Каментары