Грамадства77

«Як гэта па-вашаму». Іспанец жыве ў беларускай глушы, каб напісаць доктарскую пра дыялекты

«Ёсць у мяне нейкая роднасная сувязь з Беларуссю», — кажа 26-гадовы іспанец Крысціян Рансэра. У 2012 годзе ён прыехаў у Брэст, паступіў у мясцовы універсітэт і за год загаварыў на беларускай мове. Потым паехаў у Іспанію. Праз тры гады хлопец вярнуўся, каб напісаць доктарскую аб заходнепалескім дыялекце.

Апошнія шэсць тыдняў Крысціян жыве ў вёсцы Татар'я Драгічынскага раёна. У доме з чужымі бабуляй і дзядулем. Усе выгоды на вуліцы, замест крамы — аўталаўка. Палешукі — народ утойлівы: каб іх зразумець, трэба з імі жыць.

З Крысціянам мы пазнаёміліся ў Брэсце тры гады таму. Тады ён быў яшчэ без барады і магістарскага дыплома. Жыў у звычайным студэнцкім інтэрнаце Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта імя Пушкіна і вучыўся па спецыяльнасці «беларуская філалогія».

Пасля года навучання ў Брэсце Крысціян вярнуўся на радзіму, скончыў магістратуру, а затым паступіў на доктарскую праграму ў англійскі ўніверсітэт Сурэя і выйграў стыпендыю. Тэма яго дысертацыі — «Марфалогiя i фаналогiя заходнепалескiх гаворак». Цікавасць да прадмета даследавання паўстала яшчэ падчас навучання ў Брэсцкім універсітэце.

«Хадзіў на заняткі. Быў у мяне вельмі цікавы выкладчык па стараславянскай, якога я вельмі паважаю. Неяк на занятку ён пачаў казаць пра палескі дыялект. Потым я пачаў чытаць літаратуру па гэтай тэме. Даведаўся, што яе мала хто вывучаў. Падумаў, што гэта цікавая тэма для дысертацыі», — тлумачыць суразмоўца.

Затым малады чалавек аформіў дакументы і прыехаў у Брэсцкую вобласць у экспедыцыю. Крысціян практычна ў дасканаласці валодае беларускай мовай, тым не менш на першым часе з разуменнем прамовы жыхароў Палесся ўзнікалі цяжкасці. Аднак малады мовазнаўца хутка адаптаваўся да мясцовых лексічных і граматычных асаблівасцяў.

Урывак пра жыццё ў вёсцы Татар'я з электроннага дзённіка Крысціяна (пераклад з англійскай):

«У сям'і, дзе я жыву, ёсць свая гаспадарка: жывёлы, ўчастак у полі, на якім яны займаюцца 100%-ным арганічным земляробствам. Я некалькі разоў прасіў іх узяць мяне з сабой. Такім чынам я даведваюся вельмі шмат аб арганічным земляробстве і магу чуць, як яны размаўляюць на сваёй мове (у перапынках паміж працамі)».

«Самае складанае ў маёй працы — гэта тое, што бабулі, даведаўшыся, што я іншаземец, імкнуцца размаўляць па-руску, каб мне было больш зразумела. Кажуць: «Ты з горада?» — і ўсё. Я ім: «Бабо, вы мусытэ говорыты па-свойму». <…> У час размовы я звяртаю ўвагу на марфалогію. Кажа яна: «два хлопцi» або «два хлопца», «два сыны» або «два сына». Такія нюансы для мяне вельмі важныя. Тут (у словаўтварэнні) ёсць шмат асаблівасцяў, якія мала вывучаныя. У аднаго чалавека можна знайсці адразу некалькі формаў. Гэта мне і цікава. Чалавек можа сказаць: «маюся робыты» (буду рабіць), «буду робыты», «робыты-му». Растлумачыць варыятыўнасць уплывам іншай мовы для мяне недастаткова».

У ідэале Крысціяну трэба знаходзіцца ў кожнай вёсцы не менш за месяц. Паводле слоў будучага доктара навук, першыя тыдзень-два сыходзяць на адаптацыю:

«Першыя два тыдні ўсе пытаюцца: «А ты з кім?», «Што ты тут робіш, хлопча?». Трэці, чацвёрты тыдзень — ужо ўсе спакойныя, таварыскія. Быў у адной жанчыны, яна мне кажа: «Ой, ты ж пайшоу да мойго сусіда. Він тобі нічого не скажа, а я все раскажу». Паволі збіраецца матэрыял».

Паралельна з навуковай працай іспанец збірае беларускі фальклор. Асабліва яго цікавяць народныя казкі. Крысціян таксама вядзе электронны дзённік сваёй экспедыцыі і выкладвае цікавыя фальклорныя і лінгвістычныя знаходкі на сваім канале ў YouTube.

З дзённіка Крысціяна пра паездку ў вёску Парэ Пінскага раёна (пераклад з англійскай):

«Прыехаць у вёску Парэ мне ўдалося толькі ў выхадныя, бо па прагнозе надвор'е на працягу тыдня была ветранае і халаднаватае, а мы збіраліся дабірацца туды на трактары. Людзі, якія павінны былі мяне прыняць, былі вельмі занятыя працай у полі. Дзякуючы гэтаму ў мяне з'явілася магчымасць з імі папрацаваць, заняцца фізічнай працай і даведацца больш пра іх лад жыцця (справа ў тым, што многія людзі, з якімі я маю зносіны, дзеляцца гісторыямі, звязанымі з сельскай гаспадаркай, у якія складана паглыбіцца замежніку, які рос у вялікім горадзе)».

«Я купыв внуковы морожэнэ»

З Крысціянам мы сустрэліся ў аграгарадку Імянін Драгічынскага раёна, дзе ён інтэрв'юяваў бабулю Жэню. Гэта ўжо чацвёртая палеская вёска, у якой ён жыў за час экспедыцыі — да гэтага былі Жыдча і Востраў у Пінскім раёне і Багданаўка на Лунінеччыне.

Баба Жэня спачатку хвалюецца, перажывае. Перад ёй на штатыве стаіць відэакамера з мікрафонам, побач на табурэтцы ляжыць вялікі дыктафон. У пачатку інтэрв'ю Крысціян папрасіў бабу Жэню распавесці пра яе бацьку, які ў гады вайны ратаваў людзей ад расстрэлу. Затым дае дзіцячую кніжку з ілюстрацыямі і просіць бабулю расказаць, што яна бачыць на малюнках. Пасля таго, як баба Жэня прачытала казку, Крысціян стаў задаваць ёй удакладняючыя пытанні па дыялекце.

— Можно так казаты: «Баба показала внуковы дорогу»? — пераходзіць на дыялект іспанец.

— Одна баба внуковы показала дорогу, — адказвае баба Жэня.

— Внуковы?

— Да.

— «Я купыв внуковы морожэнэ». Можно так казаты? Чы як гэта будэ по-вашаму?

— Кажуць: «Я купыв внуковы морожэнэ».

— «А внуку купыв морожэнэ» можна?

— І так кажуць, і так кажуць.

— Як правільна: я дав сіно конёвы чы коню?

— Конёвы правільно.

— Конёвы дав сіно?

— Да. Но кажуць і коню.

Баба Жэня і бусько

У зносінах з людзьмі Крысціян даведваецца пра Беларусь больш. І чым больш даведваецца, тым мацней любіць. Кожны суразмоўца адкрывае іспанцу нейкую новую дэталь пра сваю краіну. Пасля размовы з бабай Жэняй, напрыклад, стала зразумела, чаму бусел — гэта сімвал Беларусі. Патлумачыла яна гэта па-свойму. Не завучанай фразай з энцыклапедыі, а, хутчэй, на невербальным узроўні.

— Бусліка мойго сфотографіровалі? — спытала бабуля, калі мы ўжо збіраліся выходзіць.

Спытала не выпадкова. Праз акенца яе хаткі адкрываецца від на агарод, за якім стаіць хлеў, за хлевам — плот, а за плотам — слуп з гняздом бусла. Фармальна буслінае жытло знаходзіцца на прасёлкавай дарозе і бабе Жэні не належыць, з-за чаго суседзі часта з яе кпяць, кажуць, што не яе гэта бусел.

«Кажу, він мій, бо він мэнэ любіць і шкадуе, а вас — не», — смяецца суразмоўніца.

Падчас нашай размовы бусел, выцягнуўшы шыю, глядзіць кудысьці на ўсход, а з-за борта з галінак выглядаюць дзве маленькія галоўкі. Птушка прылятае да бабы Жэні на лета ўжо гадоў 15-20. За гэты час яна так і не прыдумала яму імя. Называе альбо «буслык», альбо ласкава «бусько» — з націскам на апошні склад. Бабуля ўпэўненая: усе гэтыя гады да яе прылятае менавіта яе бусел.

— Ныма ніякэй прычыны, штоб я не могла його нэ познаты: худэнькы такый, лохматы йакыйся, перья грязныя на йому. Другія, чужыя, буслы чысценькія такыя, а мій всегда грязны. Па гэтаму його і познаю. <…> Мій в сэлі найплохійшы. Плохэнькі такі. А все равно пошкодоваты нэ дасць. Кількі я пробовала… Думала, возьму на рукы побачу чы тэжкі, чы легкі, чы худы… Нэ дасць взэты на рукы, нэ хоча. Постороныця і всё. А колы я раззлююся на його, подыйдэ — и вжэ клювом так (дакранаецца пальцамі да шчакі, паказваючы, як буслік яе цалуе).

Бабуля жыве ў доме адна, таму вельмі прывязалася да свайго «бусько». Кожны год яго чакае, а ён кожны год да яе прылятае. Разам з ім прылятала і яго «жонка».

— Прошлы год нэ прылэціла наша буслычка. Я і думала, што пропадэць — яна была бальная якаяся. На однэй лапкі стойэла, нэ лэтала. Полэцілы [буслы на поўдзень] — и вона полэціла. По вэсні яна нэ прыляціла, а прыляціла (да бусліка бабы Жэні) якаясь вэлыка-вэлыка буслыха, то бусько быв йеі і прогнав. Прыняв до сэбэ молодую, малэньку, а тую нэ схоцив. Буськы як люды — воны всэ понымаюць и розбыраюцца. Подывысся: «Ага, мій буслык любыць свою буслыху: и шыю йеі потэрабіць… клек-клек-клек… по головы йеі пошчэкочыць… шкодуе йеі». А некоторые бусько і нэ дывяцца на свою буслыху. Все врэмя, все літо. Полэців и все. Як есця люды гідкыя, так есця і буслы гідкыя.

Ля хлява, які стаіць каля слупа з гняздом, у бабы Жэні лесвіца. Па ёй яна залазіць, каб падкарміць бусько з яго вялікай сям'ёй. Ежу пакідае на даху. Як кажа бабуля, звычайна ён выхоўвае траіх птушанят. У гэтым годзе — дваіх. Перад тым як паляцець, буслік разбірае сваё гняздо.

— Він нэ скідае просто помусорыты, а шэ обратно односыць от гнэзда. <…> Прылітае и тоды вжэ зноў прыносіць дубцы (галінкі).

— А гэта быў таки добры прызнак, што у каго ёсць бусел, тот добры чоловік? — пытаецца Крысціян.

— Говорылі, што шчаслівы чоловік, у кого буслік жыве.

«Буду яшчэ вяртацца»

Цяперашняя лінгвістычная экспедыцыя Крысціяна разлічаная на шэсць месяцаў. За гэты час яму трэба сабраць як мага больш матэрыялу. Пасля ён вернецца ў Англію, каб працягнуць працу і навучанне. Яго праграма разлічаная на тры гады. За гэты час ён плануе наведаць палескія вёскі яшчэ некалькі разоў.

— Буду вяртацца, але на меншы час. На два месяцы, месяц і ўжо з больш канкрэтнымі пытаннямі, — патлумачыў суразмоўца.

Па словах іспанца, да жыцця ў беларускай вёсцы ён ужо прывык:

— Ёсць у гэтым ладзе жыцця нешта цікавае. Людзі бліжэйшыя да прыроды. Зімой, вядома, не так зручна. А цяпер, калі добрае надвор'е, можна ў любы момант выйсці на прыроду, сесці пад дрэвам і працаваць. Мне падабаецца.

Каментары7

Цяпер чытаюць

Памятаеце пару студэнткі і выкладчыка духоўнага вучылішча, які старэйшы за яе на 31 год? Яны разбегліся3

Памятаеце пару студэнткі і выкладчыка духоўнага вучылішча, які старэйшы за яе на 31 год? Яны разбегліся

Усе навіны →
Усе навіны

Дарога дадому, якая пакуль вядзе праз фронт. У Кіева-Пячэрскай лаўры паказваюць гісторыю Палка Каліноўскага3

«Знаёмы паглядзеў на мяне як на НЛА». Якім Анджэй Пачобут пабачыў Гродна ФОТЫ6

Гродзенскі біскуп сыграў на барабанах на каталіцкім фестывалі моладзі3

Як за дзесяцігоддзе Швецыя амаль закрыла дзверы для мігрантаў9

Расія і Украіна абмяняліся ўдарамі па энергааб’ектах пасля слоў Трампа пра энергетычнае перамір’е9

28‑гадовую ўкраінку з Марыупаля асудзілі ў Мінску за палітыку. Чаму яна прыехала з Польшчы ў Беларусь, няясна4

Анжаліка Борыс: Пачобута паўсюль прымалі як героя10

Электронную «Беларускую энцыклапедыю», створаную як прастору «верагодных ведаў пра Беларусь», ціха ліквідавалі разам з рэдакцыяй. Купу артыкулаў перадалі Гігіну7

УСУ атакавалі Растоўскую, Самарскую і Варонежскую вобласці

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце пару студэнткі і выкладчыка духоўнага вучылішча, які старэйшы за яе на 31 год? Яны разбегліся3

Памятаеце пару студэнткі і выкладчыка духоўнага вучылішча, які старэйшы за яе на 31 год? Яны разбегліся

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць