Ніскімныя ночы, у вачах сабакі невыгаўкны сьвет… «Трошкі іншапланецянка» Наста Кудасава, якая прыдумвае паэтычныя новасловы
Кніга Насты Кудасавай «Маё невымаўля» напоўненая залацінкамі новых словаў, як акварыюм залатымі рыбкамі: ніскімныя ночы, ехаць чалавекаспынам, у вачах сабакі невыгаўкны сьвет. Паэтка, якая стварае свой уласны слоўнік, – госьцяй перадачы.
— Наста, паэтаў-словатворцаў можна пералічыць на пальцах адной рукі: Уладзімер Дубоўка, Рыгор Барадулін… Вам бракуе слоўнага запасу беларускай мовы?
— Можна і так сказаць. У беларускай мове словаў шмат, але можа быць яшчэ больш. Наша мова цудоўная тым, што яна знаходзіцца ў пэрыядзе станаўленьня і таму ўяўляе зь сябе цудоўнае поле, дзе можна шукаць і знаходзіць. Я ж не ствараю словы-абракадабры. Яны ўсе маюць нармальную беларускую структуру. Напрыклад, слова «невыгаўкны» ўтварылася па аналёгіі зь «невымоўны». Думаю, ніводзін мовазнаўца ня зможа мне патлумачыць, чаму такое слова ня можа існаваць у нашай мове. Ці тыя ж «ніскімныя ночы». Калі ёсьць «нішчымны», чаму ня можа быць «ніскімны»? Я ствараю новыя словы па звыклых словаўтваральных мадэлях, і мне здаецца, што для нашай мовы гэта надзвычай карысна.
— Як мне падаецца, паэтка вы камэрная. Ці хвалюецеся, выступаючы перад публікай? Якія ў вас уражаньні пасьля нядаўняй прэзэнтацыі кнігі «Маё невымаўля»?
— Камэрная — так і ёсьць. Мне сапраўды прасьцей паразумецца тэт-а-тэт ці на маленькую аўдыторыю чытаць. Тады я больш адчуваю людзей. На прэзэнтацыю прыйшло даволі шмат народу. Але калі ты пішаш вершы і друкуеш іх, выдаеш кнігі, то мусіш несьці і адказнасьць за гэта. Калі ты хочаш нешта сказаць, ты павінен мець кантакт зь людзьмі, разумець, як яны гэта ўспрымаюць. Для мяне гэта вельмі важна. Таму я стараюся не хавацца ад людзей, наколькі гэта магчыма.
Ад публікі я заўсёды ў захапленьні. Мне проста цікавыя людзі, якія прыйшлі мяне паслухаць, ды і чытачы, па-мойму, заўсёды больш цікавыя, чым пісьменьнікі. Падчас прэзэнтацыі я вельмі хвалявалася, таму ня вельмі добра адчувала атмасфэру, якая там была. Але людзі падыходзілі і дзякавалі, набывалі кнігі, прычым па дзьве-тры, каб дарыць сябрам.
— Ужо сама назва «Маё невымаўля» як бы падказвае, што вобраз, выяўлены праз слова, губляе сваю першароднасьць. Уладзімер Набокаў некалі казаў, што думае ён, як геній, а піша, як першакласьнік. Вымаўляць невымоўнае — працэс для вас складаны?
— Гэта ўвогуле таямніца. Як яно адбываецца – я ня ведаю. Так, як аўтар, я працую над тэкстам, але зьяўленьне яго – гэта найперш цуд. Ён табе даецца, а потым ты яго ўжо дапрацоўваеш. Напрыклад, верш пра «невыгаўкны сьвет» быў у мяне амаль гатовы. Ён прыйшоў у выглядзе «шкілета» верша, яго асновы. Але над такой асновай часта адчуваеш, што не хапае нейкіх словаў, гукаў, і далей дапрацоўваеш.
У дадзеным выпадку мне не хапала менавіта слова «невыгаўкны», стаяў нейкі іншы радок замест гэтага. Верш быў гатовы, але мне не падабаўся, я адчувала, што зь ім нешта ня так, што там мусіць быць нешта іншае. І калі прыйшла новая рыфма, прыйшоў радок «у вачах сабакі невыгаўкны сьвет», я зразумела, што ўвесь тэкст існуе толькі дзеля аднаго слова «невыгаўкны». Мы яго прамаўляем і тады разумеем гэты сабачы сьвет.
— А як доўга даводзіцца чакаць прыйсьця неабходнага слова?
— Часам я пішу месяцамі адзін верш з васьмі радкоў. Дакладней, не пішу, але шукаю адно-два словы і знаходжуся ў гэтым стане ўвесь час. Хаджу па вуліцах, размаўляю зь людзьмі, прытым ніхто і не здагадваецца, што я ня зь імі, што я ў гэты час трошкі іншаплянэцянка. І гэта дастаткова пакутліва. Думаю, такі мой стан адбіваецца і на стасунках з самымі блізкімі людзьмі – зь дзецьмі, з тымі, хто побач. Тады я не магу патлумачыць ім, чаму я злая, раздражнёная, няўважлівая.
— Складана вызначыць ваш літаратурны радавод. На ўсю кнігу толькі адно прызнаньне: «Я, можа, толькі Босха лічу за сваяка». Рызыкну назваць яшчэ Марыну Цьвятаеву.
— Цьвятаева — так. Хоць ня думаю, што мы падобныя. Гэта такая мая радня па духу, па манеры жыцьця. Бо як ты жывеш, так ты і пішаш.
— А Веніямін Блажэнны?
— Вы гэта адчулі! Але, зноў жа, гэта паплечнік не па паэтычнай манеры, а па сьветаўспрыманьні. Я нават перакладала Блажэннага, для душы, больш нікога не перакладала. Сапраўды, у нас суладныя душы. Калі ня пішацца, я бяру зборнік Блажэннаяга «Сораспятье» і нешта перакладаю для сябе.
— Вы цяпер жывяце ў Рагачове. Калі я ўспамінаю ваш горад, то ўваччу паўстае адно відовішча: шырокі Дняпро падмывае берагі разам з магутнымі дрэвамі, і яны падаюць кронамі ў рачную плынь… Беларускую нацыянальную культуру таксама «падмывае», і ўжо даўно. Упадзем ці выстаім?
— Думаю, што выстаім. Мой прагноз тут — аптымістычны. Усё беларускае зьяўляецца і будзе зьяўляцца. Напрыклад, я не разумею, адкуль я ўзялася, чаму я пішу па-беларуску? Калі я жыла ў Піцеры, у мяне ўзьнікалі думкі, кан’юнктурныя насамрэч, пісаць па-расейску. Мне было сумна і адзінока, стасункі зь беларускімі сябрамі перарваліся. Мне думалася, паэзія –касьмічная штука, чаму б не паспрабаваць? Але я не магу, у мяне не атрымліваецца. Расейскую мову я ведаю, у мяне ў галаве ёсьць нейкія цытаты, штампы. Але паэзія знайшла мяне толькі на беларускамоўным шляху.
— У вас няма гэтаму нейкага рацыянальнага тлумачэньня?
— Я ж чытала ня толькі расейскую літаратуру ў школе. Я чытала ўсё. Наведвала бібліятэкі, была такім апантаным чытачом, мяне ўсе рагачоўскія бібліятэкары ведалі. І я проста ў нейкі момант адчула вакол беларускамоўны сьвет. Пачала сьвядома вучыць беларускую мову, выпісваць аднекуль словы, але ж аснова была ўва мне — ад бабулі, ад прабабулі, ад гэтай зямлі. Проста зерне ў патрэбны час упала, і ўсё пачало адраджацца.
Па ўсіх паказьніках мяне проста не павінна было быць. Я вучылася ў расейскамоўнай школе, на расейскім аддзяленьні філфаку. Але я не магу пісаць вершы па-расейску. Думаю, ёсьць і іншыя такія, як я. Проста патрэбны правільны культурны курс у краіне, і ўсё наладзіцца. Сёньня часам нязручна быць беларускамоўным, але гэтыя ўмовы нам штучна навязалі. Можна навязаць іншыя ўмовы, і ўсім будзе зручна быць беларускамоўнымі. Проста трэба даваць людзям інфармацыю, каб іншым хацелася быць падобнымі да нас.
Усё павінна быць добра, толькі ня ведаю, ці дажыву я да гэтага. Ведаю адно — мне трэба пісаць. Паэзія прыходзіць аднекуль, як музыка, і яна гучыць толькі на беларускай мове.
Каментары