Грашовыя даходы насельніцтва Беларусі працягваюць падаць. Гэта вынікае са звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Так, рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва Беларусі ў студзені—красавіку 2016 года ў параўнанні са студзенем—красавіком 2015 года знізіліся на 6,9%.
Варта зазначыць, што даходы насельніцтва ў Беларусі падаюць з пачатку 2015 года: у студзені — на 2,5% у параўнанні з такім жа перыядам 2014 года, у студзені—лютым — на 3,4%, студзені—сакавіку — на 3,8 %, студзені—красавіку — на 4,8%, студзені—маі — на 5%, студзені—чэрвені — на 4,9%, студзені—ліпені — на 5,1%, студзені—жніўні — на 5,3%, студзені—верасні і студзені—кастрычніку — на 5,4%, студзені—лістападзе — на 5,6%, у студзені—снежні — на 5,9%. У студзені 2016 года зніжэнне склала 5,7%, у студзені—лютым — 6,6%, студзені—сакавіку — на 6,8%.
У студзені—красавіку ў агульным аб'ёме грашовых даходаў аплата працы займае 60,7%, даходы ад прадпрымальніцкай і іншай дзейнасці, якая прыносіць даход, — 7,7%, трансферты насельніцтву (пенсіі, дапамогі, стыпендыі і іншыя трансферты насельніцтву) — 25%, даходы ад уласнасці і іншыя даходы — 6,6%.
На думку экспертаў, рост даходаў насельніцтва ў 2016—2020 гадах будзе вельмі сціплым. «У гэтай пяцігодцы можна разлічваць на вельмі сціплы рост даходаў насельніцтва пры адсутнасці эканамічных рэформаў. І нават калі яны адбудуцца, эфект мы адчуем няхутка, так што і ў гэтым выпадку прарываў у частцы павелічэння даходаў насельніцтва ў 2016—2020 гадах чакаць не варта», — лічыць эксперт Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.
«У 2016—2020 гадах мяркуецца, што эканоміка будзе расці на лічаныя працэнты. Ніякіх рэсурсаў, каб павышаць даходы насельніцтва больш хуткімі тэмпамі, у дзяржавы сёння (ва ўмовах значных выплат па ўнутраных і знешніх даўгах) няма», — мяркуе дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.
Між тым Мінэканомікі чакала, што рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва ў першым квартале 2016 года знізяцца на 1,5% да адпаведнага перыяду 2015 года, а ў першым паўгоддзі — будуць на леташнім узроўні. Пры гэтым па выніках дзевяці месяцаў — вырастуць на 0,1%, па выніках 2016 году — вырастуць на 0,5%.
Каментары