«Каб Торвальд быў з Разані, гэтая постаць даўно была б даследаваная». Андрэй Катлярчук пра ісландскія сляды ў Беларусі
У Беларусі ня так шмат герояў раньняга сярэднявечча, таму трэба дасьледаваць усе постаці. Каб даведацца, ці быў ісьляндзкі місіянэр Торвальд Кодрансан першахрысьціцелем Полацку, беларускія ўлады павінны фундаваць міжнародны дасьледчы праект.
Папулярызаваць постаць Торвальда Кодрансана (Вандроўніка) пачаў Андрэй Катлярчук, гісторык, дацэнт унівэрсытэту Садэрторна ў Швэцыі. У 2005 годзе ў «Нашай Ніве» выйшаў ягоны артыкул «Дзе пахаваны наш першы сьвяты». Таксама пра Торвальда было напісана ў дзьвюх выданьнях ягонай кнігі «Швэды ў гісторыі і культуры беларусаў».
Пра тое, чаму ісьляндзкім сагам варта верыць, і чым Торвальд карысны для беларускіх уладаў, спадар Катлярчук распавёў у інтэрвію Свабодзе.
— Андрэй, адкуль вы даведаліся пра Торвальда? Гэта ж не такая папулярная гістарычная постаць?
— Пра Торвальда ў Беларусі ведалі даўно. А я проста перачытаў матэрыялы пра яго на швэдзкай і дацкай мовах, паглядзеў ісьляндзкую энцыкляпэдыю. Мой артыкул — не навуковы тэкст. Я проста выклаў тое, што вядома на іншых мовах.
На той час беларускаму чытачу не было вядома пра дзейнасьць Торвальда Кондрансана ў Ісьляндыі. Невядома было, што імпэратар Бізантыі Васіль ІІ паслаў яго зь місіяй да «рускіх князёў Балтыкі».
Пра гэтыя рэчы нават полацкія краязнаўцы ня ведалі. Бо ў Беларусі няма адзінай інфармацыйнай прасторы, яна вельмі стракатая. Калі не прачытаў нешта ў незалежнай газэце — больш пра гэта ніадкуль не даведаесься. Тэлебачаньне займаецца іншымі рэчамі.
— Але хоць пра яго напісана ў сагах, у Беларусі яго лічаць спрэчнай асобай.
— Сапраўды так, бо гаворка ідзе пра раньнія часы. І мы, гісторыкі, ведаем, што тут заўжды бракуе крыніц, бо гэта Х стагодзьдзе, не XV і не XVI. Таму даводзіцца распрацоўваць розныя гіпотэзы.
Да ісьляндзкіх сагаў беларускія і расейскія гісторыкі ставяцца крытычна. Маўляў, там больш фантазіі. Але ў той жа час яны маюць вялікі давер да «Аповесьці мінулых часоў» і іншых старарускіх летапісаў.
Як і іншыя мае калегі, я крытычна стаўлюся да старарускіх летапісаў. Вядома, што яны ствараліся праз 200 гадоў пасьля апісаных у іх падзей. Там шмат чаго наблытана і дадумана. Таму можна заявіць, што постаць князя Ўладзімера Вялікага, які хрысьціў Русь, таксама легендарная, бо ў пацьверджаньне гістарычнасьці гэтай асобы бракуе крыніц.
Таму я лічу, што сагі і старарускія летапісы — крыніцы прыблізна аднаго ўзроўню.
Магчыма, апрача сагаў, існуюць нейкія іншыя згадкі пра Торвальда. Гэта могуць быць сярэднявечныя ісьляндзкія хронікі. Бо ён усё ж такі актыўны хрысьціянскі дзяяч і вандруе разам зь вядомым біскупам Фрэдэрыкам з Саксоніі.
Каб пра гэта даведацца, трэба заняцца гэтай тэмай навукова: вывучыць ісьляндзкую мову, паехаць у Ісьляндыю, весьці там пошукі.
Але, на маю думку, выглядае, што Торвальд сапраўды існаваў і езьдзіў па нашых абшарах. У якім годзе і з кім ён тут быў — гэта больш складанае пытаньне.
— Калі пра яго вядома ўжо даўно, чаму гэтай тэмай ніхто не займаецца ў Беларусі?
— Гэтая постаць вельмі цікавая. Ён дзейнічаў да рэлігійнага падзелу, і гэтым маглі б скарыстацца сёньняшнія ўлады.
Але ў нас няма дасьледаваньняў па Торвальду. Мы ведаем, што каталікі на беларускіх землях былі адпачатку, што ў заходняй Беларусі прымалі каталіцкі хрост. У музэі ў Тураве, напрыклад, ёсьць зьвесткі пра нейкіх місіянэраў — майстроў з Італіі.
Справа ў тым, што гісторыкі ў залежнасьці ад патрэбаў часу па-рознаму карыстаюцца мінулым. Некаторыя постаці яны ўздымаюць, некаторыя замоўчваюць, іншыя наогул ашальмоўваюць.
Вось быў савецкі канон пра Анну Яраслаўну — дачку Яраслава Мудрага. Кіеўская княгіня, яна была каралевай Францыі ў XI стагодзьдзі. Пра гэта савецкія падручнікі пісалі. А пра Сафію Менскую, каралеву Даніі, ніхто не пісаў.
— То бок з палітычных прычынаў у нас гэтай тэмай не займаюцца?
— Каб Торвальд прыехаў з Разані, была б гэтая тэма ўжо раскручаная. Але ён прыехаў з Захаду. Паводле бальшавісцкай прапаганды, з Захаду нічога добрага мы не атрымалі. Нам гэта ўбівалася гадамі.
Я лічу, каб беларускім уладам было цікава, яны б далі грошай на нейкі навуковы беларуска-ісьляндзкі праект. Гэта вельмі лёгка было б зрабіць. Цягам трох гадоў беларускія і ісьляндзкія гісторыкі маглі б сустракацца, езьдзіць адзін да аднаго, зьбіраць матэрыялы на месцы.
Такі прыклад быў у Фінляндыі. У 2005 годзе зьявіўся журналісцкі артыкул пра тое, што ў часы Другой сусьветнай вайны фінская паліцыя адбірала сярод савецкіх ваеннапалонных габрэяў і выдавала іх гестапа. Потым тых людзей зьнішчылі.
Некаторыя гісторыкі сталі спрачацца на гэты конт. Тады прэзыдэнт краіны Тар’я Галонэн (Tarja Halonen) выдзеліла грошы на пяцігадовае дасьледаваньне. І зьвесткі журналіста пацьвердзіліся. Цяпер фіны кажуць пра «свой галакост».
— Значыць, дасьледаваньне пра Торвальда ў Беларусі — гэта пытаньне палітычнай волі?
— Пытаньне палітычнай зацікаўленасьці. Цяпер дзяржаўная канцэпцыя будуецца на тым, што беларусы — гэта малодшы брат, які смокча малако суседняй краіны і карыстаецца яе мовай, яе культурай і яе гістарычнай памяцьцю. Сучасныя ўлады робяць зь беларусаў карыстальнікаў не сваіх здабыткаў, а чужых.
Калі б уладзе была цікавая скандынаўская канцэпцыя, знайшліся б грошы, і навукоўцы далі б адказы на спрэчныя пытаньні.
Я бачу неабходнасьць такога навуковага праекту. Але пакуль улады будуюць «русский мир» і не зацікаўленыя ў такіх дасьледаваньнях. Грошы зь дзяржаўных навуковых фондаў выдаюцца на іншыя рэчы.
А гэта ж знакавыя постаці! У нас мала ключавых людзей такога раньняга часу. Любая асоба такога раньняга часу — легендарная. Нельга казаць, што беларуская галерэя раньніх сярэднявечных герояў і гераінь багатая. Ёсьць Рагвалод, Рагнеда… Дзясяткаў герояў, як у той жа Швэцыі, Даніі ды Ісьляндыі, мы ня маем.
— Як вы лічыце, ці такія дасьледаваньні дазволяць перапісаць гісторыю Беларусі? Ці можна будзе сьцьвярджаць, што першахрысьціцелем у нас быў ісьляндзец Торвальд, а ня кіеўскі князь Уладзімер?
— Каб гэта даказаць, патрэбнае навуковае дасьледаваньне. Пакуль можна казаць, што імаверна ён быў першахрысьціцелем.
Лёгіка мне падказвае, што так і было. Але я тут не экспэрт, не спэцыяліст у гэтым пэрыядзе. Навуковы артыкул на гэтую тэму патрабуе мінімум год працы. І тут вельмі важныя выезды на месцы.
Бо Полацак, напрыклад, капалі беларусы. А я лічу, што трэба прывезьці сюды ісьляндзкіх навукоўцаў і параіцца зь імі. Можа, яны новыя гіпотэзы прапануюць. Калі маем ісьляндцаў і беларусаў разам, будзе нейкі вынік.
Каментары