
Старшыня Партыі БНФ, кандыдат у дэпутаты па 92-му Аўтазаводскай акрузе ў сталіцы Аляксей Янукевіч 11 верасня прагаласаваў за самога сябе. Пра гэта палітык паведаміў БелаПАН пасля наведвання выбарчага ўчастка №56.
«Я лічу, вельмі важна, каб беларускае грамадства свядома рабіла свой выбар. І так, мы шчыра гаворым людзям, што недастаткова проста прагаласаваць. Але менавіта свядомы голас, выказаны менавіта такім чынам, на карысць пераменаў, на карысць абароны незалежнасці — ён усё роўна вельмі важны. Таму што калі людзі застаюцца дома, гэта на руку сённяшнім уладам, на руку тым, хто хоча проста закансерваваць сітуацыю», - заявіў кандыдат.
Паводле слоў Янукевіча, «ужо цяпер, на жаль, ёсць процьма фактаў, якія сведчаць аб тым, што цяперашнія выбары не з'яўляюцца свабоднымі, справядлівымі, сумленнымі». Заўтра Партыя БНФ падрыхтуе заяву па выніках назірання за выбарамі, сказаў ён.
«Ці ні на кожным участку, але на многіх вельмі вялікая накрутка яўкі. Нашы назіральнікі, прысутнічаюць на участках, лічаць людзей, якія прыйшлі галасаваць, у выніку атрымліваюцца разыходжанні ў разы з тымі звесткамі, якія аб'яўляе камісія. Гэта значыць, што за ўсіх гэтых дамаляваных людзей будуць ўкінутыя ці ўжо ўкінутыя бюлетэні», — дадаў палітык.
Партыя БНФ ажыццяўляе назіранне за парламенцкімі выбарамі ў складзе кампаніі «Права выбару», у якую таксама ўваходзяць прадстаўнікі аргкамітэтаў па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і Партыі свабоды і прагрэсу, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), рух «За Свабоду», Беларуская партыя «Зялёныя», прафсаюз РЭП і Аб'яднаная грамадзянская партыя.
Каментары