Гісторыя33

Будзьма памятаць. Гісторыі непрыкметных дарог Беларусі

Гомельшчына. Перакрыжаванне дарог, што вядуць у Мазыр і Калінкавічы. Нічым не прыкметныя дарогі, нічым не прыкметныя ўрочышчы навокал.

А між тым тут, побач з тагачасным абласным цэнтрам (у 30-я Мазыр — цэнтр вобласці) было, паводле сведчанняў, расстраляна 2986 чалавек. 900 з іх — ураджэнцы невялікіх Жыткавічаў, у 1937 годзе — населенага пункта на мяжы з Польшчай. Сярод расстраляных у асноўным моладзь, радзей людзі сярэдняга ўзросту, зрэдку людзі за пяцьдзясят. Ніякіх рабаўніцтваў, крадзяжоў ці іншых злачынстваў яны не здзяйснялі — але для кожнага адшукаўся артыкул: ворагі народа, шпіёны, «вредители». Сістэма заўсёды знаходзіла, у чым канкрэтна вінаваты той ці іншы жыткаўчанін, а потым ужо пачыналіся пошукі доказаў.

Доказы з падследных выбівалі ў самім Мазыры, у будынку былой царквы. Слова чалавеку, якому цудам пашчасціла выратавацца, Уладзіміру Рыгоравічу Невяркевічу:

«Цмянае мільганне лямпачкі, якое адкідвала на сцены злавесныя цені. Камера — крокаў пяць у даўжыню, не больш за чатыры ўпоперак, бітком набітая людзьмі. Цені на сценах — гэта людзі, іх тут чалавек пяцьдзясят, а то і шэсцьдзесят. Яны стаялі, сядзелі, ляжалі ўперамежку… На іх страшна, жудасна было глядзець — зарослыя, з ліпкімі бруднымі валасамі, у рваных лахманах, твары пачарнелыя, з завостранымі рысамі, шчокі ўпалыя. У цмяна-цёмным святле яны былі падобныя да ажыўшых мерцвякоў.

Ад жалезнай бочкі — парашы, што стаяла ў куце, ішоў страшны смурод, які змешваўся з цяжкім пахам поту, згнілай саломы і сырасці. Людзі страчвалі розум, паміралі штодня — ад хвароб, эпідэмій, знясілення, нечалавечых пабояў. Сюды ні разу не зазірнуў доктар — зняволенымі ніхто не цікавіўся, усе яны былі асуджаныя на смерць, як толькі трапілі сюды. Камера была адгароджаная дошкамі вышынёй два з паловай метры. Царква разбітая драўлянымі перагародкамі на шэсць камер, вокны забітыя. Адсюль людзей вадзілі на допыты…»

Некаторыя з тых, хто прыняў смерць тут, былі амаль дзецьмі: Іосіфу Грабоўскаму было дваццаць, Яніне Рудніцкай — увогуле 19, разам з ёй былі расстраляныя тры яе браты. Асаблівую ўвагу, як сведчыць В. Феранц, надавалі былым каланістам польскага і нямецкага паходжання. Знікалі цэлыя сем’і — як сям’я Якава Андрэевіча Верталя з Лагвошчаў, які апынуўся пад кулямі разам з трыма сынамі — Вікенціем, Вячаславам і Уладзімірам. Дарэчы, Лагвошчы, як і некаторыя іншыя вёскі — Багушы на Тураўшчыне, Рудня — сістэма «вычышчала» настолькі якасна, што жыхароў там амаль не заставалася, вёска знікала.

Рэпрэсіі накрылі гэты край пасля таго, як 30 ліпеня 1937 года народны камісар унутраных спраў Мікалай Яжоў вынес на разгляд Палітбюро загад «Аб аперацыі па рэпрэсаванні былых кулакоў», крымінальнікаў і іншых антысавецкіх элементаў. Рэпрэсіям, такім чынам, падлягалі не асобныя людзі за канкрэтныя злачынствы, а цэлыя групы насельніцтва, якіх трэба было пакараць «прэвентыўна». Рабілася ўсё «паводле навукі» — існаваў раздзел «Аб пакаранні рэпрэсаваных і колькасці людзей, якія падлягаюць рэпрэсіям». Згодна з ім, людзей, якіх планавалася рэпрэсаваць, было 12 000. Некаторых з іх чакаў параўнальна лёгкі лёс — «усяго толькі» 10-20 гадоў лагеру, іншых — куля.

Аперацыя пачалася 5 жніўня 1937 года. Адным з месцаў расстрэлаў «пашчасціла» стаць Мазыру. Прывядзенне прыгавораў у выкананне пачалося ў верасні 1937 года. Спачатку расстрэлы праводзіліся ў больш-менш глухім месцы — ва ўрочышчах Бярозаўкі, за 20 кіламетраў ад абласнога цэнтра. Менавіта тут 27 верасня расстралялі першых. Сярод месцаў расстрэлаў называюцца Бабры, Боркі, Гулевічы, Пеніца… З 19 лістапада страляць пачалі ў самім Мазыры.

Асноўных расстрэлаў у горадзе было некалькі — два разы ў лістападзе, 1, 12, 24, 29 снежня, некалькі ў студзені, лютым, сакавіку, красавіку. Апошні раз стрэлы ў Мазыры прагрымелі 21 ліпеня 1938 года.

Каментары3

Цяпер чытаюць

Пасля патрыятычнага парыву беларусаў у філармоніі ўдава кампазітара Моўчана забараніла ўсім выконваць «Малітву» Янкі Купалы64

Пасля патрыятычнага парыву беларусаў у філармоніі ўдава кампазітара Моўчана забараніла ўсім выконваць «Малітву» Янкі Купалы

Усе навіны →
Усе навіны

Ціханоўская абмеркавала з міністрам замежных спраў Украіны дэталі прызначэння новага спецпасланніка ў Беларусі2

Барысту ў Мінску засталі за незвычайным заняткам2

Топавага кітайскага генерала вінавацяць у перадачы ядзерных сакрэтаў ЗША3

Маргарыта Сіманьян упершыню пасля хіміятэрапіі паказала сябе без парыка9

Удзельнічаў у парадзе, а цяпер экстрэміст. За палітыку асудзілі мазырчука2

Генадзь Коршунаў стварыў новую даследчую ініцыятыву — Беларуская сацыялагічная група3

Зніклы 15‑гадовы падлетак мог сысці праз тэлефон4

Мінскі майстар парэкамендаваў берагчы гарызонтаўскія ноўтбукі. Бо ноўт у кітайцаў «скралі», а запчасткі да яго не завезлі2

Абама і Клінтан заклікалі амерыканцаў выходзіць на пратэсты супраць палітыкі Трампа26

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля патрыятычнага парыву беларусаў у філармоніі ўдава кампазітара Моўчана забараніла ўсім выконваць «Малітву» Янкі Купалы64

Пасля патрыятычнага парыву беларусаў у філармоніі ўдава кампазітара Моўчана забараніла ўсім выконваць «Малітву» Янкі Купалы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць