У Гродне 35-гадовая пацыентка паліклінікі стала фігурантам крымінальнай справы пасля таго як распусціла рукі на прыёме ў загадчыцы. У час гутаркі госця паводзіла сябе агрэсіўна і нанесла доктару некалькі ўдараў у галаву, паведамляе УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Жыхарка Гродна праходзіла абследаванне ў паліклініцы, а пасля здачы аналізаў пайшла на прыём да загадчыцы. Там, відаць, адбыўся канфлікт.
«Пацыентка нанесла пацярпелай, якая значна старэйшая за яе, адзін удар рукой і два ўдары медыцынскай картай у вобласць галавы. У выніку загадчыца атрымала лёгкія цялесныя пашкоджанні, у выглядзе раны і кровападцёку левай скроневай вобласці», — распавёў афіцыйны прадстаўнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Максім Базыленка.
Заведзена крымінальная справа па ч.1 арт. 366 Крымінальнага кодэкса (Гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, або іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак). Санкцыя артыкула — ад штрафу і аж да пазбаўлення волі тэрмінам на 5 гадоў.
Каментары