Літаратура11

Аляксандр Апон. Загнаныя. Камедыя

Дзея адбываеццца ў ваколіцы Мінска.

Дзейныя асобы

Зоя — удава
Юля — яе дачка
Люда — іх суседка
Сяргей — муж Люды
Баба Вера
Лібай
Два міліцыянты
Сабака Рыжык
Голас па рацыі
Прывід энкавэдыста
Прывід эсэсаўца

Дзея адбываеццца ў ваколіцы Мінска, у вёсцы Ш… Сялянскі падворак. Злева хата, хлеў, сабачая будка. Справа новы, па-мастацку выфарбаваны плот з весніцамі — адна ляска зялёная, другая чырвоная, трэцяя зноў зялёная і гэтак далей, — за якім прабягае шаша. Гарачы чэрвеньскі дзень. Зоя таўчэ ў дзежцы свіням бульбу і напявае.

Тонкая сасёнка ў лесе зашумела,
Маладая дзяўчыначка замуж захацела.
Ці ты, дзяўчыначка, век хлеба не ела,
Што ты, маладзенька, замуж захацела?
Лепей стань, падумай, каб не ашукацца.
Будзе табе горай, як у роднай маці.
Сядзеш над калыскай,
будзеш калыхаці:
«Люлі, люлі, мой сыночак»,
песенькі спяваці.

З боку шашы чуваць покліч: «Зойка! Зойка!»

Зоя: Хіба нешта здарылася (глядзіць, прыклаўшы да вачэй далонь брылём).

На падворак забягае Люда. Яна басанож, у паркалёвай сукенцы.

З будкі высоўваецца Рыжык.

Рыжык: Гаў, гаў, гаў!

Зоя (на Рыжыка): Сціхні! (Рыжык хаваецца. Да Люды.) Што, што такое?!

Люда (пляснуўшы рукамі): Бачыла!

Зоя: Што бачыла?

Люда: Не што, а каго.

Зоя: Ну дык каго?

Люда (цягне палец угору): Яго самога.

Зоя: Каго яго самога — Бога?

Люда: Не, якога Бога, прэзідэнта.

Зоя: Ідзі ты!

Люда: Во крыж (жагнаецца), што праўда.

Зоя: Як жа табе гэта ўдалося?

Люда (разводзіць у бакі рукі): І сама не ведаю. Проста цуд нейкі.

Зоя: Цуд цудам, але нештачкі ж адбылося, не сам жа ён да цябе прыцёгся?

Люда: Ведама, чаго ён да мяне пацягнецца?

Зоя: То кажы, не цягні ката за хвост.

Люда: Зараз, дай ачомацца… Гэта ж я агарод палола, ну і нешта гэдак мяне знячэўку змарыла…

Зоя: Дзіва што, гарачыня такая.

Люда: Вось я пад яблыняй прылегла на траўку і задрамала.

Зоя: І што?

Люда: Як вочы расплюшчыла, гляжу праз ляскі: машыны лятуць. І тут быццам чорт у мяне ногі пазычыў — падхапіў і гэльц праз плот.

Зоя: Ну, ну?

Люда: Тут я яго і ўбачыла.

Зоя: У машыне?

Люда: Анягож, у чорнай такой, вялізнай, адразу за міліцэйскай ішла.

Зоя: І які ён?

Люда: Рыхтык як у тэлевізары.

Зоя: А?…

Люда: Чакай, чакай, бо гэта яшчэ не ўсё.

Зоя: Няўжо спыніўся?

Люда: Не, рукой памахаў. Вось так (махае рукой).

Зоя: А ты?

Люда: А я ў адказ, вось гэтак (зноў махае).

Зоя: Эх, пашчасціла табе, Людка.

Люда: І не кажы.

Зоя: Як нікому.

Люда: Ага, будзе на старасці што ўспомніць. Але, думаю, каб не пайшла я палоць агарод і не прылегла б на траўцы пад яблыняй, дык не пабачыць мне гэтага шчасця, як сваіх вушэй. І вось яшчэ што цікава: сон я ўчора бачыла, нават Сяргею раніцай перагаворвала. Быццам падняла я квахтуху, месяц ужо як сядзіць…

Зоя: У сне?

Люда: Што ў сне?

Зоя: Квахтуха сядзіць?

Люда: Не, квахтуха насамрэч сядзіць, а ў сне падняла, каб падзівіцца, ці не пачалі кураняты вылупляцца, а пад ёй не яйкі, а…

Зоя: Што, што?

Люда: Грошы.

Зоя: Ну?!

Люда: Буду я выдумляць.

 

Да весніц падыходзіць Сяргей.

 

Рыжык (высунуўшы з будкі галаву): Гаў, гаў,гаў!

Зоя (пагразіўшы Рыжыку кулаком): Я табе! (Рыжык хаваецца.)

Сяргей (да Люды): Вось ты дзе! Агарод прапалола?

Люда: Адчапіся са сваім агародам.

Сяргей: Што?! Ідрыт тваю ў каршэнь! Ты, баба, з глузду з’ехала ці блёкату аб’елася?

Люда: Нікуды я не з’язджала і не нічога не ела.

Сяргей: Значыцца. шарыкі за ролікі закаціліся.

Люда: І нічога ў мяне не закочвалася.

Зоя: Яна прэзідэнта бачыла.

Сяргей: Якога прэзідэнта?

Люда: Нашага, якога ж яшчэ.

Сяргей: Ну і што, я яго штодня бачу —як тэлевізар уключу, так ён і там.

Люда: А я ўжывую, вось як цябе.

Сяргей: Як мяне? Не веру.

Люда: Каб праваліцца мне на гэтым месцы, калі маню.

Зоя: Яна заснула пад яблыняй і, калі ён праязжаў, цераз плот пераскочыла.

Сяргей: Ну, што заснула пад яблыняй, я паверу адразу і безумоўна, а вось што цераз плот пераскочыла, моцна сумняваюся.

Зоя: Яе чорт перакінуў.

Сяргей: Гэта іншая справа. З гэтага трэба было і пачынаць. (Да Люды.) Але глядзі, баба, каб не падвёў цябе гэты чорт пад абух.

Люда: З якой гэта такой ласкі?

Сяргей: Ну як, хіба не хадзілі міліцыянты па хатах, не казалі, каб не вытыркаліся? Калі сам (падымае палец угору) праязжае? Вось, Зоя хай скажа.

Зоя: Было, было: і хадзілі, і казалі.

Сяргей: І хіба не папярэджвалі пра наступствы? Жонка, га. жонка, чаго маўчыш?

Люда: Па-па-папярэджвалі.

Сяргей: Дык што ж ты, дурніца, лезеш ваўку ў зубы?

Люда: Я, я…

Сяргей: Што ты, ты? Вунь, глядзі, Рыжык (паказвае пальцам на будку). Загадала гаспадыня не высоўвацца — ён і не высоўваецца, бо з розумам у галаве, хоць і сабака. А дзе твой розум быў, калі цераз плот сігала?

Люда: Не ведаю.

Сяргей: А хто ведае?

Зоя: Чорт. Гэта ж ён яе папутаў. Факт.

Сяргей: Сапраўды. Няма чым крыць.

Люда: Ён нават мне памахаў.

Сяргей: Хто, чорт?

Люда: Які чорт? Прэзідэнт. Вось так (махае рукой).

Сяргей: Ідрыт тваю макаўку!

Люда: А я яму вось гэдак (зноў махае).

Сяргей: Усё, баба, капец табе, у Сібір паедзеш, на тры гады, не меней. А там тры гады як у нас трыццаць. Увогуле вернешся, хаця гэта наўрад, бо адтуль мала хто варочаецца, старэнькай. І май на ўвазе: я не дзекабрыст, за табой не паеду. (Глядзіць на Зою.) Вось, Зою вазьму і жыцьмем разам. Зоя, ты як, пойдзеш за мяне?

Зоя (збянтэжана): Я?

Сяргей: А што тут за дзіва? Ты ўдава, я без трох хвілін удавец. Чаму нам не сысціся? (Да Люды.) А ты ў Сібір.

Люда (згодна ківае галавой): Ага.

Сяргей (да Зоі): Падзівіся на яе — думае кпім.

Люда: А то не!

Сяргей: Што ж, як кажа аграном: сцяг табе ў рукі. (Глядзіць у бок шашы.) Вунь баба Вера клыпае. Нешта ж яна пра Сібір павінна памятаць, не дазвання ж здзяцінела.

Зоя: Яна яшчэ за цябе разумнейшая.

Сяргей: Пагатоў (крычыць і махае рукой). Баба Вера! Баба Вера! Ідзіце сюды.

Падыходзіць баба Вера, маленькая і высахлая на смарчок старая, у платку і шарсцяной сукенцы да пят, з кіёчкам, і спыняецца ля весніцаў.

Рыжык высоўвае з будкі морду, каб гаўкнуць, але Зоя паказвае яму кулак, і ён хаваецца.

Сяргей: Добрага, баба Вера, здароўя!

Баба Вера: От, якое там у мяне здароўе, каб табе такога здароўя.

Зоя: А што такое?

Баба Вера: Ды баліць усё, дзеткі, рады нямашака.

Сяргей: А што, што менавіта баліць?

Баба Вера: Я і кажу: усё, ці ты аглух?

Сяргей: Не, не аглух. Баба Вера!

Баба Вера: Чаго табе?

Сяргей: Вы ж у Сібіры былі?

Баба Вера (да Зоі): З фапа, дзеткі, іду.

Зоя: З амбулаторыі?

Баба Вера: Ага, з фапа.

Сяргей: Вашу ж сям’ю як кулакоў у трыццаць чацвёртым годзе выслалі?

Баба Вера (да Зоі): Прасіла ў дохтура, каб якога парашку даў.

Зоя: І што?

Сяргей: Вы ж, кажуць, толькі ў пійсят сёмым вярнуліся.

Баба Вера (да Зоі): Не, парашку не мае (дастае з кішэні цыдулку і падае Зоі). Вось толькі паперкі нейкія.

Зоя (паглядзеўшы): Гэта ж рэцэпт, з ім ў апэку трэба.

Баба Вера: Святы Божа! Святы моцны! (Жагнаецца.) Выратуй і памілуй! (Жагнаецца.) Век ніякіх аптэкаў не ведала і не хачу. (Забірае ў Зоі цыдулку і хавае сабе ў кішэнь.) Пайду ўжо.

Зоя: Пастойце яшчэ крыху, адпачніце.

Баба Вера: Не, у магазін спяшаюся.

Зоя: Чаго ў магазін?

Баба Вера: Цукру хачу ўзяць.

Люда: Цукру? Дык вы ж, я бачыла, учора бралі.

Баба Вера: Ну брала, але яшчэ трэба.

Люда: Гарэлку гнацьмем?

Баба Вера: Якую гарэлку, на ліха яна мне?

Люда: На продаж.

Баба Вера: Барані бог (жагнаецца).

Люда: А калісь гналі.

Баба Вера: Не было такога, не было, гэта нагавор.

Люда: Добра, хай сабе нагавор. Баба Вера, мне б змеявік, га?

Баба Вера: Няма ў мяне нічога.

Люда: Я б купіла.

Баба Вера: Вечарам зайдзі.

Сяргей: Чакайце, чакайце, а Сібір?

 

Зоя: Дык навошта вам столькі цукру?

Баба Вера: А раптам вайна?

Баба Вера адыходзіць.

Сяргей (гледзячы бабе Веры ўслед): Як на вайну, дык не забылася, а пра Сібір нават успамінаць баіцца. Во як там, ідрыт яе ў корань, добра. (Да Люды.) А табе той змеявік патрэбны?

Люда: Патрэбны.

Сяргей: З сабой павязеш?

Люда: Куды?

Сяргей: На кудыкіну гару (глядзіць у бок шашы). Нехта сунецца.

Зоя (прыгледзеўшыся): Як быццам Лібай.

Сяргей: Так, гэта ён. Во хто пра Сібір усё-ўсенька, як поп пра пекла, ведае; ён жа настаўнік геаграфіі.

Зоя: І гісторыі, гісторыю ў нас вёў.

Люба: А ў нас літаратуру. Як там:

Моцна трымаўся юнак на дапросе,
Тоячы думкі і словы свае…

Паўза.

Усё, далей забылася…

Сяргей: Эх ты:

Вораг-фашыст дакурыў папяросу,
І камсамольскі білет падае.

Падыходзіць Лібай, сівы, хударлявы, у паношаным шэрым касцюме, з партфелем.

Рыжык высоўвае з будкі морду, але заместа таго, каб гаўкнуць, ляпае зубамі, хапаючы на ляту муху, пасля чаго хаваецца.

Усе вітаюцца, мужчыны за руку.

Зоя: Вы са школы? Як там мая Юлька?

Лібай: Нічога, нічога, разумная дзяўчынка. Толькі далей трэба вучыцца.

Зоя: І я ёй пра тое.

Лібай: А яна?

Зоя: Вецер у галаве.

Лібай: Маладзенькая.

Зоя: Анягож.

Сяргей (да Лібая): А няўжо вы не на пенсіі?

Лібай: Каторы год, але вось, падсабляю роднай школе, пакуль магу.

Сяргей: Вы яшчэ зможаце, рыпучае дрэва, кажуць, доўга жыве.

Лібай: Але ёсць і такая прымаўка: цешыўся старац, што перажыў марац, ажно ў маю нясуць яго да гаю. Дык што ты хацеў?

Сяргей: Пра Сібір запытацца.

Лібай: А ты ў школу хіба не хадзіў?

Сяргей: Хадзіў, але ўсё забыўся.

Лібай: Дрэнна, Сярожа.

Сяргей: Вядома, чаго тут добрага. Але я не вінаваты, я ж на трактары. Калі і былі якіясь мазгі (стукае пальцам сабе па лбе), дык усе павытрасаліся.

Лібай: Ведаю, што ты на трактары, ты ж летась мне бульбу абганяў.

Сяргей: І сёлета абганю, а як жа. Вось скончу ля Чорнага лесу гараць, за тры дні ўпраўлюся, і абганю.

Лібай: Заране дзякую.

Сяргей: Калі ласка!

Лібай: А сёння што лынды б’еш?

Сяргей: Выходны выбіў, у гэтым месяцы першы.

Лібай: Зразумела. Дык што хацеў?

Сяргей: Гэта, пра Сібір, значыць (ківае галавой на Люду), хочам тое-сёе даведацца.

Лібай: Сібір — гэта абшырны геаграфічны регіён у паўночна-ўсходняй частцы Еўразіі, плошчай каля 10 міліёнаў квадратным кіламетраў.

Сяргей: Ого!

Лібай: Нашай сінявокай на ёй можна змясціць каля сотні.

Сяргей: Гэта разлеглася, дык разлеглася. Вось бы, ідрыт яе, упоперак пераараць.

Лібай: Сібір — маланаселеная тэрыторыя. Усяго там пражывае каля 40 міліёнаў чалавек.

Сяргей: Неўзабаве будзе больш.

Лібай: Клімат значнай часткі тэрыторыі суровы, рэзка кантынентальны, халодны і паўночна-арктычны. Сярэднегадавая тэмпература ніжэй за нуль. У асноўным Сібір — гэта вечная мерзлата. Такім чынам, перааць табе, Сяргей, яе наўрад ці ўдасца.

Сяргей: Шчыра, я і не збіраюся.

Лібай: Затое ў Сібіры выяўленыя вялікія паклады каменнага і бурага вуглю, радовішчы нафты і газу, рэдкіх і каляровых металаў, алмазаў, золата, графіту і іншага.

Сяргей: Якраз будзе каму здабываць.

Лібай: А навошта табе гэта, на заробкі сабраўся?

Сяргей: Не я, а яна вось (паказвае на Люду).

Лібай: Хто?

Сяргей: Мая жонка.

Лібай: Ідзі ты!

Сяргей: Святая праўда.

Лібай: Люда, ты што, захварэла?

Сяргей: Яна не па добрай волі, яе туды вышлюць.

Лібай: Як?! За што?

Сяргей: А яна, калі прэзідэнт праязджаў, цераз плот пераскочыла і памахала яму рукой. (Да Люды.) Пакажы, як махала. (Люда паказвае.)

Лібай: Вось здзівачыла дык здівачыла.

Сяргей: А ён ёй у адказ, вось гэтак. (Паказвае, як махала Люда.)

Лібай: Ха-ха.

Сяргей: Вельмі карцела ўбачыць.

Лібай: А тэлевізар навошта?

Сярей: І мы ёй пра гэта.

Лібай: А яна?

Сяргей: Адмаўляе.

Лібай: На якой падставе?

Сяргей: Нячысцік, кажа, падаткнуў.

Лібай: Так-так, бачна рука д’ябла. Але ж Сібір у Расеі, а мы як быццам самастойная дзяржава.

Сяргей: Вось менавіта: як быццам, бо, па-першае, у нас з імі хаўрус, а па-другое наш (падымае палец угору) з іхнім заключылі пагадненне, што нашую пятую калону, ну і далучаных да яе, па ўласнай дурасці ці так, ад няма чаго рабіць, таксама розных незадаволеных языкастых і рызыкантаў, у Сібір вывозіць.

Лібай: Ды ну!

Сяргей: Але гэта пакуль таямніца (аглядаецца і прыціснуўшы да вуснаў палец): ц-цц… нікому, маўчок.

Лібай (таксама аглянуўшыся, прыцішаным голасам): А скуль, калі таямніца, ведаеш?

Сяргей: Чалавек адзін з Мінска казаў.

Лібай: Той, што хату каля царквы купіў?

Сяргей: Ён. Я яму гаўна на агарод прывозіў, ну і разгаварыліся.

Лібай: Ясна. Добра, пайшоў я (дастае з кішэні насоўку і выцірае лоб і шыю). Пячэ, як у апраметнай. Усяго добрага!

Сяргей і Зоя (разам): Да пабачэння!

Лібай: А ты, Люда, не гаруй, мо абыдзецца.

Сяргей: Абыдзецца, як жа. Казаў і не раз: не лезь, жаба, дзе коней куюць. Дык што вы думаеце: хоць кол на галаве, быццам не чуе.

Лібай: І праўда, Люда, ты б паасцераглася. Час такі, ого, нядобры час.

Сяргей: А калі быў добры, га?

Лібай (падумаўшы): Ніколі.

Лібай адыходзіць.

Люда (у роспачы, нічога не разумеючы): Але ж я не хацела! Я нічога такога! Я наадварот…

Сяргей: Гм, не хацела яна. Мо і не хацела. Толькі так ці інакш, а за правінку чэшуць спінку.

Зоя (глядзіць у бок шашы): Міліцыянты ідуць.

Сяргей (таксама паглядзеўшы): Лёгкія на ўспамін.

Люда (перахопленым голасам): А божа мой!

Сяргей: Стань за мной (Люда хаваецца за Сяргеем).

Да весніц падыходзяць два міліцыянты, з дручкамі, прычэпленымі да пояса, пісталетамі і рацыямі.

Рыжык (вызірнуўшы з будкі): Ррр…

Першы міліцыянт: Што тут за зборышча?

Сяргей: Ды так, стаім вось — гамонім.

Першы міліцыят: Гамоніце? Зараз, птамаць, я вам пагаманю. Не ведаеце, што збірацца больш за трое, пагатоў гаманіць, жэстачайшэ забараняецца? Гэта ўжо масавае мерапрыемства, дэманстрацыя, на правядзенне якой патрабуецца дазвол выканаўчай улады.

Сяргей: Якой-якой улады?

Першы мяліцыянт: Выканаўчай, птамаць.

Другі міліцыянт: Сельсавета.

Сяргей: А, сельсавета!

Рыжык (з будкі): Ррр…

Першы міліцыянт: Якое караецца паводле адміністрацыйнага артукула: «Парушэнне парадку арганізацыіі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў» — да трыццаці базавых велічынь.

Сяргей: Не, не ведалі.

Першы міліцыянт: Як?

Зоя: Далібог першы раз чуем.

Першы міліцыянт (да другога): Не, ну ты бачыў іх? Яшчэ, птамаць, наракаюць, што мы да іх як звяры ставімся. Збіралі ж усіх у клубе і па хатах затым хадзілі, тлумачылі, што да чаго і па чым — зноў тое самае.

Другі міліцыянт: Я не я, і хата не мая.

Першы міліцыянт: Во-во.

Сяргей: Ну забыліся, галовы ж з дзіркамі.

Першы міліцыянт: Гэта праўда.

Сяргей: Нічога не зробіш, бо каб былі не дзіравыя, дык, нябось, тут не ашываліся б, а даўно б (махае ўбок рукой)… пырх — і шукай ветру ў полі. Дык колькі гэта, трыццаць базавых велічынь, у грошах?

Першы міліцыянт: Атрымаеш — даведаешся. Усё, марш адсюль, каб мы вас больш не бачылі.

Зоя: Дык што, ужо нельга суседу да суседа зайсці, слова сказаць?

Першы міліцыянт: Чаму нельга? У нас прававая, дэмакратычная дзяржава, у якой, птамаць, усё льга. Ідзіце вунь у хату (ківае галавой на хату), там сустакайцеся і размаўляйце колькі ўлезе. Толькі, зноў жа, ціха, каб на вуліцы чуваць не было.

Зоя: Божа мой, божа, што ж гэта робіцца, няўжо мы ўжо не людзі?

Першы міліцыянт: Зараз я табе пакажу, і што робіцца, і якія вы, птамаць, людзі. (Здымае з пояса дручок.)

Сяргей (пацягнуўшы Зою за руку): Хадзем, хадзем ад граху далей.

Зоя, Люда і Сяргей ідуць у хату

Першы міліцыянт: Стаяць!

Сяргей (абярнуўшыся): Што яшчэ?

Першы міліцыянт: Чаму не на працы?

Сяргей: Выходны ў мяне.

Першы міліцыянт (паказаўшы дручком на Зою): А яна?

Зоя: Яна на ферме.

Першы міліцыянт: І што?

Сяргей: Ёй вечарам на дойку.

Першы міліцыянт: Файна. Адна ўвесь дзень бакі адлежвае, у другога выходны. Выходныя ім яшчэ даюць. Я ім надаваў бы выходных, наеліся б у мяне да ўсрачкі. Мы ж во без выходных укалваем, як на галерах, і нічога, толькі крапчэем. Вось, птамаць, дзе дармаеды, дык дармаеды. Гэта іх прэзідэнт распесціў. Няньчыцца з імі, як з малымі дзецьмі, паблажкі дае, саступае. Яшчэ крыху — і соплі пад носам выцірацьме. А яны, думаеш, дзякуй скажуць? Што ты! Наадварот: усё нечым незадаволеныя, усё ім не тое, не па губе, не па-іхняму, усяго, птамаць, мала. Ды яшчэ бунтаваць мерацца. Але мы ім набунтуем, хай толькі паспрабуюць, дазнаюцца, па чым фунт ліха. Усё, каб я вас болей не бачыў, інакш за сябе не адказваю (пагражае дручком). Лічу да трох. Раз…

Рыжык (з будкі): Ррр…

Сяргей: Хадзем, бабы, кабыла з ваўком цягалася — хвост і грыва засталася.

Першы міліцыянт: Што ты сказаў, ану паўтары?

Сяргей: Нічога, гэта прымаўка такая народная.

Першы міліцыянт: Глядзі, дагаворышся. (Да Люды.) А з табой у нас будзе асобная размова.

Люда: Чаго вы да мяне хочаце?

Першы міліцыянт: Чаго хочам? Каб ты дзясятаму заказала цераз платы скакаць і рукамі размахваць.

Люда: Гэта не я.

Першы міліцыянт: А хто?

Сяргей: Чорт.

Першы міліцыянт: Які яшчэ чорт?

Сяргей: Звычайны, з хвастом і рожкамі. (Паказвае на сабе, з якім хвастом і рожкамі.)

Першы міліцыянт: Чорт? З хвастом і рожкамі? Што вы мне тут кулі заліваеце?

Сяргей: І нічога не заліваем. Яна пад яблыняй спала, калі ён у яе ўлез. Ну а затым якраз прэзідэнт праязджаў, цераз плот і перакінуўся. Таму яна не вінаватая.

Другі міліцыянт: А махаў хто, таксама чорт?

Сяргей: Ён, ён.

Першы міліцыянт: Добра, разбярэмся.

Зоя, Люда і Сяргей заходзяць у хату.

Жук (з будкі): Ррр…

Першы міліцыянт (па рацыі): Дуб два! Дуб два! Я асіна восем! Прыём.

Голас па рацыі: Дуб два на сувязі. Далажыце абстаноўку.

Першы міліцыянт: Дакладваю: усё спакойна, нідзе нічога ніякага.

Голас па рацыі: За платы, за платы зазірайце.

Першы міліцыянт: Слухаюся!

Голас па рацыі: Пры неабходнасці страляйце без папярэджання.

Першы міліцыянт: Ёсць страляць без папярэджання.

Голас па рацыі: Усё, канец сувязі. Прыём.

Першы міліцыянт: Прыём. (Да другога міліцыянта.) Чуў?

Другі міліцыянт: Чуў.

Міліцыянты адыходзяць. Да весніц падыходзіць Юля, прывабная дзяўчына, у джынсах і кофтачцы, са школьнай сумкай.

Юля (крычыць і махае сумкай): Рыжык! Рыжык!

Рыжык (высунуўшыся з будкі, радасна): Гаў,гаў, гаў!!!

Але тут вяртаецца другі міліцыянт.

Рыжык: Ррр… (Хаваецца.)

Другі міліцыянт: Юля!

Юля: Што?

Другі міліцыянт: Вечарам выйдзеш?

Юля: Не ведаю.

Другі міліцыянт: Я буду чакаць.

Юля: Мама не пускае.

Другі міліцыянт: Каля дуба.

Юля: Іспыты ж ідуць, рыхтавацца трэба.

Другі міліцыянт: А на танцы ў суботу прыйдзеш?

Юля: Ну, можа, прыйду.

Другі міліцыянт: Не, ты напэўна скажы.

Юля: А калі мама не пусціць?

Другі міліцыянт: Што ты ўсё: мама ды мама, што ты яе слухаеш?

На ганак выходзіць Зоя.

Зоя: Юля!

Юля: Бягу, мама.

Юля бяжыць у хату.

Другі міліцыянт праводзіць яе пажадлівым позіркам.

Падыходзіць першы міліцыянт.

Рыжык (з будкі): Ррр…

Першы міліцыянт: Вока на дзеўку паклаў?

Другі міліцыянт: Ну… гэта…

Першы міліцыянт: Ласы кавалачак.

Другі міліцыянт: Эээ…

Першы міліцыянт: Што, упіраецца?

Другі міліцыянт: Я…

Першы міліцыянт: Кінь. Усе яны напачатку такія. Дручком паміж лапатак перацягні раз-другі, нябось, як шоўкавая стане, сама ногі рассуне. Праверана, хлопец, на практыцы і неаднаразова.

Другі міліцыянт: Ды не, падабаецца яна мне, я жаніцца хачу.

Першы міліцыянт: Пагатоў. Увогуле, скажу табе, як старэйшы і тое-сеё пабачыўшы на гэтым бл.дскім свеце таварыш: з бабамі інакш нельга. Вось выпадак і не з кніжак там нейкіх альбо кіна, а з самага што ні на ёсць жыцця, ягонай, гэтак кажучы, гушчы, прытым майго асабістага. Ну, спадабалася дзеўка — пагуляў крыху і пабраліся шлюбам. Каханне і ўсё астатняе, увогуле як у людзей. Але слухай, што далей. Аднойчы прыхожу вечарам пасля службы дахаты, а яна ляжыць, разваліўшыся на канапе, як карова. У пакоі не прыбрана, вячэрай нават не пахне. Я адразу па-харошаму: што, маўляў, такое здарылася? Нічога, адказвае, проста замарылася, на трох аперацыях адстаяла, ног не чую. Яна тады медсястрой у шпіталі хуткай дапамогі працавала. Ага, ну што ж, думаю, трэба вучыць і неадкладна, бо ўвойдзе ў звычку і так ужо пацягнецца. Бяру дручок і як перацягнуў знячэўку па срацы: а-та-та, курва, тваю матку! З таго самага вечара як падмянілі бабу: замарылася на працы ці не замарылася, прасядзела паўночы каля хворага дзіцяці альбо яшчэ нешта, а выконвае свае абавязкі як належыць і ў тэрмін. Гэта значыць, каб у кватэры ні пылінкі, ні парашынкі, я ў належную гадзіну быў накормлены і ў ложку задаволены на ўсе сто. Паабнасілася, праўда, за апошнія гады, прывяла, але ж з гэтым нічога не паробіш, як толькі на маладзейшую не памяняць. Вось якое яно, хлопец, сапраўднае жыццё. А ты: выйдзеш не выйдзеш, прыйдзеш не прыйдзеш, сю ды сю. Не сюсюкаць трэба, а справу рабіць. Ці паняў?

Другі міліцыянт: Паняў.

Першы міліцыянт: То гайда за платамі паглядзім, мо якую шлюндру выявім.

Міліцыянты адыходзяць.

Некаторы час на сцэне нікога няма, потым з хаты выходзіць Юля, пераапранутая па-хатняму, Сяргей, Люба і Зоя.

Зоя (да Юлі): Насып, дочка, курам зярна і вады падлі.

Юля: Добра, мама. Але спачатку Рыжыка напаю. Рыжык!

Рыжык (з будкі): Гаў, гаў!

Сяргей (кіўнуўшы галавой на будку): Во гарачыня, носа нават не высоўвае. Але, хадзем, жонка, і мы абходжвацца (абдымае Люду за талію). Ды не пераймайся ты, таксама мне злачынца найшлася.

Люда: Ай, што мне ўжо тое абходжванне, усё роўна ў Сібір?

Сяргей: Ідрыт маю за язык, я ж жартаваў.

Люда: Не, не.

Сяргей: Далібог жартаваў, крыж пацалую.

Зоя: І праўда Люда, супакойся.

Сяргей: Чуеш! Ды каму ты, акрамя мяне, патрэбная?

Чуваць голас першага міліцыянта: « Дуб два! Дуб два! Асіна восем слухае. Што? Едзе? … Паўтарыце… Ёсць забяспечыць праезд».

Зоя (глядзіць у бок шашы): Хто едзе?

Сяргей: Відаць, сам.

Да весніц падбягае першы міліцыянт, за ім другі.

Рыжык (з будкі): Ррр…

Першы міліцыянт (крычыць): Пайшлі! Пайшлі! (Забягае на падворак, адчапляючы ад пояса на хаду дручок.)

Сяргей: Чаго пайшлі, куды?

Другі міліцыянт (забягаючы на падворак, услед за першым): У хату! Бягом! Усе!

Першы міліцыянт: Не, адставіць хату. (Да другога міліцыятна, паказаўшы дручком на хлеў.) У хлеў іх, а то, чаго добрага, у вокны заглядаць пачнуць.

Другі міліцыянт кідаецца да хлява і, адкінуўшы кручок, цягне на сябе дзверы.

Чуваць рохканне свіней.

Першы міліцыянт (кіруючы дручком): Ну, варушыцеся, птамаць. У хлеў! У хлеў!

Зоя (ламаючы рукі): А божухна свенты!

Юля: Мама! (Плача.)

Люда: Сяргей!

Сяргей: Так нам і трэба.

Другі міліцыянт: Давай, давай! Не размаўляць!

 

З будкі выскоквае Рыжык і хапае першага міліцыянтна за лытку. Першы міліцыянт віскоча як рэзаны: «Ааа.. ёёё… птамаць!!!», затым, злаўчыўшыся, выцягвае Рыжыка дручком. Рыжык скавыча і кідаецца ў будку. Між тым Юля, Зоя, Сяргей і Люда заходзяць у хлеў, і другі міліцыянт зачыняе за імі дзверы на кручок.

 

Першы міліцыянт (аглядае парваную калашыну): Сабаку, птамаць, нацкавалі. Так ім гэта не мінецца. Будзеш сведкам. Нападзенне на прадстаўніка органа ўлады пры выкананні ім службовых абавязкаў.

Другі міліцыянт (заклапочана): У бальніцу трэба.

Першы міліцыянт: Навошта?

Другі міліцыянт: Для суда, пакусы зняць.

Першы міліцыянт: Ай, час толькі марнаваць. У судзе нам і на слова павераць.

Другі міліцыянт: А калі сабака шалёны?

Першы міліцыянт: Наўрад, ён жа не валацужны.

Другі міліцыянт: Усё роўна прыстрэліць не зашкодзіць.

Першы міліцыянт: Слушна. Але цяпер не да гэтага. Сам едзе. Высоўваемся на пазіцыю.

Міліцыянты ідуць з падворка і шыхтуюцца ля весніцаў. Тут з левай кулісы выходзіць прывід энкавэдыста з наганам у руцэ, а з правай — прывід эсэсаўца з агнямётам. Падышоўшы да хлява, прывіды заглядваюць у шчыліны ў дзвярах. А з боку шашы чуваць нарастаючы шум картэжа, які ачольвае міліцэйская машына з улучанымі гукавым і светлавымі сігналамі. Першы і другі міліцыянт выструньваюцца і салютуюць. Картэж ляціць міма.

 ЗАСЛОНА.

Каментары1

Цяпер чытаюць

Галіна Дзербыш казала пракурору: «Як памру, буду да ўсіх вас ноччу прыходзіць». І жыццё ўжо дагнала яе суддзю і сведак. Гісторыя пенсіянеркі, якой далі 20 гадоў калоніі

Галіна Дзербыш казала пракурору: «Як памру, буду да ўсіх вас ноччу прыходзіць». І жыццё ўжо дагнала яе суддзю і сведак. Гісторыя пенсіянеркі, якой далі 20 гадоў калоніі

Усе навіны →
Усе навіны

Некаторым беларусам з ДНЖ і замежным пашпартам трэба будзе здаваць у Беларусі адбіткі пальцаў4

Пяць прычын — у тым ліку адна фантастычная, — па якіх беларусам адключылі святло ў гарадах23

Лідары Латвіі і Эстоніі заклікалі прызначыць спецпасланніка ЕС для кантактаў з Крамлём2

Моцныя маразы адступілі. Ніжэй за 20 градусаў амаль няма

Трамп заявіў пра візіт Сі Цзіньпіна ў ЗША

Кітай акружае Афрыку сеткай партоў2

Зяленскі: На полі бою загінулі каля 55 тысяч украінскіх вайскоўцаў3

Летась Беларусь паставіла рэкорд па экспарце сельгаспрадукцыі2

Расія заявіла, што больш не лічыць сябе звязанай дамовай аб абмежаванні ядзернага арсенала3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Галіна Дзербыш казала пракурору: «Як памру, буду да ўсіх вас ноччу прыходзіць». І жыццё ўжо дагнала яе суддзю і сведак. Гісторыя пенсіянеркі, якой далі 20 гадоў калоніі

Галіна Дзербыш казала пракурору: «Як памру, буду да ўсіх вас ноччу прыходзіць». І жыццё ўжо дагнала яе суддзю і сведак. Гісторыя пенсіянеркі, якой далі 20 гадоў калоніі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць