Улады гораду Арль на поўдні Францыі забаранілі выступаць 10‑гадоваму матадору, які стаўся зоркай карыды ў Мэксыцы. Мішэль Лягравэрэ Пэнічэ, які атрымаў мянушку «Міхэліта», выступае з шасьці гадоў і за гэты час забіў 60 маладых быкоў.
У Францыі ён мусіў быў прыняць удзел у разнавіднасьці карыды, у якой быка не забіваюць у канцы. Да гэтага было аб’яўлена, што ня будзе карыды з удзелам Міхэліты ў іншым горадзе Фантв’ей. Аднак у якасьці афіцыйнай прычыны адмены імпрэзы былі названыя меркаваньні бясьпекі.
У інтэрвію агенцтву Франс прэс Міхэліта выказаў шкадаваньне з нагоды адмены ягоных выступленьняў:
«Гэта як калі б дзіцёнку, які любіць футбол, забаранілі гуляць».
Прадстаўнікі арганізацыі, якая выступае супраць правядзеньня карыды, раскрытыкавалі ўдзел дзіця ў гэткіх прадстаўленьнях.
Кіраўнік «Асацыяцыі супраць карыды» Клэр Старажынскі падтрымала рашэньне мясцовых уладаў:
«Нават калі прыняць да ўвагі, што быка не забіваюць, усё роўна існуе істотная рызыка траўмы дзіцяці вагой у 30 кіляграмаў, якой выходзіць адзін на адзін з жывёлай, якая важыць больш за 200 кг.»
Акрамя таго, праціўнікі карыды нагадваюць пра законы, якія рэгулююць права непаўналетніх на працу.
«Я вельмі зьдзіўлены рашэньнем уладаў», — кажа бацька Міхэліты, колішні матадор Мішэль Лагравэрэ.
Паводле ягоных слолў, праціўнікі карыды вырашылі адыграцца на ягоным сыне, бо ён стаў зоркай карыды ў Мэксыцы.
Фота з сайту cesarteran.blogspot.com
Каментары