Дацэнт БДУ расказаў у Маскве пра «пагрозы для белай расы». Яго загадчык кафедры: «Гэта трызненне нейкае»
Летась «Наша Ніва» пісала пра сход прарасійскіх актывістаў у Мінску. Тады яны абмяркоўвалі, як супрацьстаяць Захаду і масонам, а таксама як адрадзіць «Русь». Гэта яшчэ вылілася ў разбіральніцтвы з Нацыянальнай бібліятэкай, якая іх прыняла, бо чарнасоценцы пачалі прадаваць там свае кнігі — забароненыя ў Беларусі як экстрэмісцкія.
Чытайце: Дэсант расійскіх чарнасоценцаў высадзіўся ў Акадэміі навук Беларусі і БДУ
І вось праз год аналагічную канферэнцыю прымала Масква.
Расійскае выданне Лента.ру зрабіла рэпартаж адтуль, працытаваўшы асобных спікераў, сярод якіх знайшліся і беларусы.
«Выкладчык кафедры філасофіі БДУ Аляксандр Цітавец, распавёўшы аб неабходнасці аб'яднання славян усяго свету, перайшоў да пытанняў «новага сусветнага парадку», — цытуе Лента.ру выступ беларускага дацэнта. — Паводле яго слоў, заходнія аўтары гэтага праекта вядуць падрыхтоўку да прыняцця «новай сусветнай рэлігіі», якая прадстаўляе сабой сістэму негатыўных духоўных каштоўнасцей ажно да адкрытага сатанізму.

«У ёй не знаходзіцца месца не толькі хрысціянству, але і ідэям ісламу», — заўважыў філосаф. Менавіта гэтым, на яго думку, тлумачыцца «цынічная прапаганда матэрыяльнага спажывальніцтва, сэксуальных вычварэнняў, агрэсіі».
«Нам спрабуюць прышчапіць гэтыя лжывыя ідэі талерантнасці як цярпімасці да розных праяваў зла», — падкрэсліў Цітавец. У разбурэння духоўнага імунітэту славянскіх народаў, на яго думку, стратэгічныя мэты: стварэнне сістэмы кіравання чалавецтвам у форме жорсткай дыктатуры. Пасля гэтага будзе праведзена «рэзкае скарачэнне колькасці насельніцтва». «Гэта вядомы мальтузіянскі праект залатога мільярда», — растлумачыў дэлегат.
Асноўны ўдар, на яго думку, прыме белая раса, якая «сціскаецца як шчыгрынавая скура», ці славянскі свет, які пакуль яшчэ супраціўляцца нялюдскім тэхналогіям. Але славяне працягнуць супрацьстаяць злу. «З Богам, браты!» — завяршыў прамоўца.

І гэта — толькі невялікая вытрымка са словаў дацэнта кафедры філасофіі БДУ, якая трапіла на старонкі расійскай прэсы.
Што гэта было? З такім пытаннем мы звярнуліся да непасрэднага начальніка Цітаўца — загадчыка кафедры, прафесара Анатоля Зелянкова.
«Я ўжо чуў пра гэта, — сказаў Зелянкоў. — Гэта для мяне абсалютны сюрпрыз, гэта абсалютна прыватная ініцыятыва Цітаўца (які ў нас працуе на палову стаўкі). Ён такі спецыфічны чалавек… І мяне вельмі непрыемна ўразіла тое, што ён там пазіцыянуе сябе як прадстаўніка нашага калектыву. Яго ніхто не ўпаўнаважваў. Я нават не ведаю — мы будзем з гэтым разбірацца — як ён туды трапіў? Яго ніхто не камандзіраваў. Гэта выключна асабістая ініцыятыва. Я яшчэ не ведаю ўсяго, што ён там казаў… але словы пра белую расу — гэта, даруйце, трызненне нейкае! Проста трызненне! Нават сыходзячы з кароткага анонсу, што ёсць у інтэрнэце… Ён казаў тое, што ў нас на кафедры ніколі не гучыць, разумееце? Мы не разглядаем гэта як рэпрэзентацыю кафедральнай пазіцыі. Гэта не вельмі ўсё прыемна, я буду гаварыць з ім, калі ён прыедзе».
Варта таксама дадаць, што прарасійскія чарнасоценцы сёлета ўсё ж правялі свой невялікі сход у Мінску, дзе прысутнічаў і той жа Цітавец.
Яна адбылася напачатку сакавіка ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства.
Вынікам стала рэзалюцыя-зварот да Лукашэнкі з патрабаваннем аб'яднацца з Расіяй і Украінай у адзіную дзяржаву — «Русь».
-
Ціханоўскі расказаў, як за дапамогу яму асудзілі іншага вязня, што сядзеў не за палітыку
-
«Стаяць на сваім, кожны наколькі можа!». Вялікая гутарка з Наталляй Дулінай пра гопнікаў з ГУБАЗіКа, Калеснікаву і што там у каго ў калоніі
-
«Калеснікаву перад сустрэчай з бацькам спрабавалі прывесці ў парадак — яна была на ўзмоцненым харчаванні»
Каментары