Гісторыя3939

Абставіны аднаго выкрадання, якое ў 1994 годзе перакуліла ход палітычнай гісторыі Беларусі

Піша Аляксандр Кур'яновіч.

«Што мы за дзяржава, калі да нас, як у падарожны двор, заходзяць са зброяй спецслужбы іншых дзяржаў і крадуць людзей?» Такое пытанне дэпутат Вярхоўнага Савета Аляксандр Лукашэнка задаў дваццаць тры гады таму. Яшчэ задоўга да ўкраінца Паўла Грыба замежныя агенты бесперашкодна гаспадарылі ў Беларусі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

18 студзеня 1994 года вядучыя беларускія СМІ агучылі сенсацыйную навіну: тры дні таму ў Мінску былі затрыманыя і вывезеныя ў Вільню літоўскія грамадзяне Міколас Буракавічус і Юозас Ермалавічус. Прэса і грамадскасць адразу задаліся наступнымі пытаннямі: якія сілы былі задзейнічаны ў гэтай аперацыі і на якой прававой падставе, у чым абвінавачваліся гэтыя асобы, ці адпавядаў той вываз нормам міжнароднага права?

Адным з прынцыповых момантаў для новай дэмакратычнай Літвы пасля краху ў краіне камуністычнага рэжыму стала прыцягненне да адказнасці тых асобаў, якія бралі непасрэдны ўдзел у падзеях 13 студзеня 1991 года ў Вільні: праціўнікі незалежнасці Літвы (так званы Камітэт нацыянальнага выратавання) пры фактычнай згодзе саюзнага Цэнтра ўжылі зброю супраць мірных грамадзян (дэпутат Аляксандр Лукашэнка, які неўзабаве наведаў Літву, 17 студзеня 1991 года публічна асудзіў спробу камуністычнага перавароту: «Што будзе з Гарбачовым, калі адабраць у яго танкі і адурманеных салдат? Каб гарматамі размахваць перад носам у народа, шмат розуму не трэба»; будучы беларускі кіраўнік заклікаў прэзідэнта СССР пакаяцца і прасіць у храме прабачэння ў літоўскага народа).

У поле зроку літоўскіх праваахоўнікаў трапілі актыўныя члены Камітэта — былы першы сакратар Камуністычнай партыі Літвы Міколас Буракавічус і былы сакратар літоўскай кампартыі па ідэалогіі Юозас Ермалавічус. Аднак гэтыя спадары 22 жніўня 1991 года збеглі з Літвы (пры дапамозе вайскоўцаў, якія дыслакаваліся ў Паўночным гарадку Вільні) у невядомым кірунку. Тым не менш літоўскія агенты не спалі і неўзабаве выявілі, што ўцекачы знайшлі прытулак у суседняй сінявокай краіне.

21 студзеня 1993 года Літва афіцыйна звярнулася да Мінска з патрабаваннем выдаць Буракявічуса і Ермалавічуса, аднак тагачасны Генеральны пракурор Беларусі Васіль Шаладонаў адказаў, што такія людзі ў краіне не пражываюць і нідзе не зарэгістраваны.

Васіль Шаладонаў (другі злева) у прэзідыуме Вярхоўнага Савета. 1991 год, фота vytoki.net.

Словы Шаладонова, мякка кажучы, не адпавядалі рэчаіснасці, бо Буракавічус уласнаручна «засвяціўся» на публіцы 11 верасня 1993 года — на так званым Кангрэсе народа Беларусі, арганізаваным прарасійскімі і пракамуністычнымі сіламі з удзелам 1400 дэлегатаў, якія выказаліся супраць незалежнасці і дзяржаўнасці Беларусі. На гэтым кангрэсе дэпутат Лукашэнка заклікаў да палітычнага саюзу з Расіяй.

Пасля кастрычніцкіх падзей 1993 года ў Маскве і перамогі Барыса Ельцына над Вярхоўным Саветам парламенцкая апазіцыя Беларускага Народнага Фронта 6 кастрычніка 1993 года распаўсюдзіла заяву, у якой знаходжанне Буракявічуса на тэрыторыі Беларусі абвяшчалася недапушчальным.

Больш рашучым стаў літоўскі бок. 10 студзеня 1994 года ў Мінск прыбыла цэлая дэлегацыя на чале з Генеральным пракурорам Літвы Артурасам Паўлаўскасам, які паставіў пытанне аб выдачы Буракавічуса і Ермалавічуса. Тым больш што меліся юрыдычныя падставы: 3 лютага 1993 года Вярхоўны Савет Беларусі ратыфікаваў беларуска-літоўскі Дагавор аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах.

Аднак Генеральная пракуратура Беларусі патрабавала доказаў віны Буракавічуса і Ермалавічуса і параіла вырашыць пытанне па лініі беларускага МУС. Тады літоўская дэлегацыя 14 студзеня 1994 года нанесла візіт кіраўніку ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС Вячаславу Семянкевічу. Апошні, у сваю чаргу, звярнуўся да міністра Уладзіміра Ягорава, які ў вуснай форме даў згоду на затрыманне Буракавічуса і Ермалавічуса.

Вячаслаў Семянкевіч — першы злева.

Арышт літоўскіх камуністаў адбыўся 15 студзеня 1994 года прыкладна а 8-й гадзіне на вуліцы Усходняй, дзе ў адным з дамоў хаваліся Буракавічус і Ермалавічус. Мелася і добрая нагода: у гэты дзень літоўцы павінны былі сустрэцца са сваімі калегамі-камуністамі з Латвіі і Эстоніі.

Затрыманне прайшло ў найлепшых чэкісцкіх традыцыях: спачатку на кватэру літоўцам пазванілі па тэлефоне, і знаёмая ім асоба выказала жаданне сустрэцца на аўтобусным прыпынку. На сустрэчу пайшоў Ермалавічус, але не вярнуўся. Праз некаторы час зноў раздаўся званок, і тая ж самая асоба выказала здзіўленне, што яе ніхто не сустрэў. Тады выйшаў Буракавічус і трапіў у рукі праваахоўнікам. Пры затрыманні, у якім удзельнічалі агенты службы бяспекі Літвы і службы аховы краю, а таксама аператыўны супрацоўнік (без зброі) Упраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама, Буракавічус і Ермалавічус не аказалі супраціву. Абодва назвалі сябе прафесійнымі рэвалюцыянерамі-падпольшчыкамі. Пры гэтым Ермалавічус сцвярджаў, што ён — грамадзянін СССР. Пасля затрымання Буракавічуса і Ермалавічуса спачатку на аўтамабілях з беларускімі нумарамі адвезлі ў МУС, а пасля — у Вільню, дзе яны былі ўжо а 12-й гадзіне дня. Пры гэтым машына з Буракавічусам і Ермалавічусам (у якога не было нават пашпарта) сорак хвілін прастаяла на мяжы, а затым беcперашкодна перасякла прапускны пункт «Каменны Лог».

Неўзабаве Генеральны пракурор Літвы ў будынку Сейма даў спецыяльную прэс-канферэнцыю. Артурас Паўлаўскас заявіў, што Буракявічусу і Ермалавічусу інкрымінуюцца злачынствы паводле артыкулаў 62 (здрада Радзіме) і 105 (наўмыснае забойства пры абцяжарваючых абставінах) Крымінальнага кодэксу Літвы. Калі перайсці на мову лічбаў, то Буракавічус і Ермалавічус абвінавачваліся ў забойстве ў Вільнюсе 13 студзеня 1991 года 14 чалавек і раненні больш за 700 чалавек. За гэта Буракавічус і Ермалавічус маглі атрымаць 15 год турмы альбо нават смяротнае пакаранне.

Галоўныя героі Буракавічус і Ермалавічус не гублялі аптымізму ў Лукішскай турме.

На гэтай жа прэс-канферэнцыі старшы следчы па дзяржаўных злачынствах Генеральнай пракуратуры Літвы Кястуціс Бецінгіс заявіў, што ў асабістых паперах Буракавічуса знойдзены план дзяржаўнага перавароту, датаваны 7 студзеня 1991 года.

Пасля таго, як навіна пра Буракавічуса і Ермалавічуса пайшла па беларускіх СМІ (адным з першых, хто абвясціў яе, быў тагачасны карэспандэнт парламенцкай «Народнай газеты» Павел Якубовіч), у Вярхоўным Савеце выбухнуў скандал.

На «дыван» былі тэрмінова выкліканы кіраўнікі адпаведных ведамстваў: генеральны пракурор Васіль Шаладонаў, міністр унутраных спраў Уладзімір Ягораў, шэф КДБ Эдуард Шыркоўскі, міністр замежных спраў Пётр Краўчанка і начальнік Галоўнага ўпраўлення памежных войскаў пры Савеце Міністраў Яўген Бачароў.

Раз’юшаныя дэпутаты зладзілі высокапастаўленым чыноўнікам сапраўдны разнос. Тон задаў Аляксандр Лукашэнка, які 19 студзеня 1994 года на закрытым пасяджэнні абвінаваціў Шыркоўскага ў тым, што той прахроп спецслужбы. Лукашэнка абурана пытаўся: «Што мы за дзяржава, калі да нас, як у падарожны двор, заходзяць са зброяй спецслужбы іншых дзяржаў і крадуць людзей?»

Эдуард Шыркоўскі.

«Пірацтвам па палітычных матывах» назваў вываз Буракавічуса і Ермалавічуса з Беларусі дэпутат Валерый Ціхіня.

Валерый Ціхіня заўсёды пазіцыяніраваў сябе інтэлігентам. 1991 год. Фота vytoki.net.

Выступаючы перад дэпутатамі, міністры і высокія службовыя асобы абараняліся як маглі, заяўлялі, што нічога не ведалі (Эдурад Шыркоўскі), што ўсё адбылося быццам бы паводле законаў. Праўда, яны, у прыватнасці, Васіль Шаладонаў прызналі, што падобныя акцыі з выкраданнем замежных грамадзянаў — самая непасрэдная пагроза суверэнітэту Беларусі. Ягораў прызнаўся, што вусна атрымаў ад Шаладонава распараджэнне затрымаць «падпольшчыкаў».

Абмеркаванне інцыдэнту з літоўцамі доўжылася ў Вярхоўным Савеце амаль тыдзень. Сітуацыя абвастрылася яшчэ больш, калі 20 студзеня 1994 года да Дому Ураду, дзе праходзілі паседжанні парламента, паводле загада намесніка міністра ўнутраных спраў Канстанціна Платонава было перакінута асобнае падраздзяленне (узброенае спецсродкамі) унутраных войскаў у колькасці 62 чалавека. Пры гэтым Платонаў даў загад праз галаву Ягорава, які катэгарычна патрабаваў вярнуць вайскоўцаў у казармы. Платонаў апраўдваў свой загад тым, што нібыта 20 студзеня 1994 года яму паступіў ананімны званок з пагрозай: калі будуць вызвалены са сваіх пасадаў Ягораў і Шыркоўскі, то на плошчы Незалежнасці адбудуцца беспарадкі.

Дэпутаты Сяргей Антончык, Віктар Алампіеў, Барыс Гюнтар і Іван Герасюк зрабілі адмысловую заяву: маўляў, на Беларусі планаваўся дзяржаўны пераварот, а Платонава трэба тэрмінова адправіць у адстаўку. У адказ Вайсковы Савет унутраных войскаў МУС на старонках газеты «На страже» распаўсюдзіў сваю заяву, у якой усяляк віталіся дзеянні Платонава, а дэпутаты абвінавачваліся ў падрыве аўтарытэту ўнутраных войскаў.

25 студзеня 1994 года па пытанні перадыслакацыі гарнізона да Дому Ураду выступіў дэпутат Леанід Дзейка, які агучыў заяву Выканаўчай рады Беларускага згуртавання вайскоўцаў. У заяве, гаварылася, што падобныя акцыі сведчаць аб агоніі рэжыму Кебіча, які імкнецца да ўзурпацыі ўлады.

Сапраўдную істэрыю ў Беларусі з нагоды выкрадання і вывазу ў Літву Буракявічуса і Ермалавічуса паднялі мясцовыя прарасійскія і пракамуністычныя сілы.

Так, дэпутат Мінгарвыканкама, сакратар ЦК КПБ, сустаршыня Руху «За дэмакратыю, сацыяльны прагрэс і справядлівасць» (больш вядомы пад расійскай абрэвіятурай ДСПС), па сумяшчальніцтве галоўны рэдактар левай газеты «Мы і время» Віктар Чыкін абвінаваціў Літву ў здзяйсненні акту міжнароднага тэрарызму. Ён адзначыў «паталагічную нянавісць рэжыму Літвы, які ўжо тры гады пераследуе бяззбройных старых».

Віктар Чыкін на мітынгу на галоўнай плошчы Мінска падчас рэферэндуму аб захаванні СССР.
Газета Віктара Чыкіна рашуча ўступілася за Буракявічуса і Ермалавічуса.

ДСПС ладзіла пікеты каля будынка пасольства Літвы ў Мінску, перадавала бясконцыя петыцыі, арганізоўвала лісты падтрымкі і нават звярнулася да тагачаснага Генсека ААН Бутраса-Галі, каб ён не дапусціў смяротнага прысуду ў адносінах да Буракавічуса і Ермалавічуса. Беларускія камуністы усяляк размалёўвалі жудасы Лукішскай турмы, дзе ўтрымліваліся арыштанты, прыводзілі прыклад дацкіх праваабаронцаў, якія пры наведванні турмы нібыта прыйшлі ў жах.

Пікет ДСПС у падтрымку Буракавічуса і Ермалавічуса каля пасольства ў Літве.
Вітаўтас Лансбергіс, ад якога ДСПС патрабавала вызваліць скрадзеных Буракавічуса і Ермалавічуса, ў кастрычніку 1991 года наведаў Мінск. Крайні злева — Уладзімір Сянько, будучы першы міністр замежных спраў ва ўрадзе Лукашэнкі. У светлым плашчы і ў акулярах — Пятро Садоўскі, які ўзначальваў камісію Вярхоўнага Савета па міжнародных справах і знешнеэканамічных сувязях, а пасля быў паслом Беларусі ў Германіі. За Садоўскім бачна постаць Андрэя Саннікава.

Ягораў і іншыя

На працягу тыдня агонь крытыкі ўсё больш накіроўваўся ў бок Ягорава і Шыркоўскага. Парламенцкая апазіцыя БНФ і дэпутаты-дэмакраты адразу адчулі, што разборкі з сілавікамі скончацца іх адстаўкамі.

Кар’ера Уладзіміра Ягорава пасля адстаўкі не скончылася. Нягледзячы на тое, што апальны генерал падтрымаў на першых прэзідэнцкіх выбарах Шушкевіча, Лукашэнка прапанаваў яго новым шэфам КДБ. 21 ліпеня 1994 года Вярхоўны Савет, які паўгода таму здымаў Ягорава, вымушаны быў прагаласаваць за яго. Аднак Ягораў, у адрозненні ад іншых прэтэндэнтаў, атрымаў найменшую — 180 — колькасць галасоў з 302 дэпутатаў, што ўзялі ўдзел у галасаванні. Пасля ліквідацыі Вярхоўнага Савета па выніках рэферэндуму 24 лістапада 1996 года Ягораў пайшоў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Справа ў тым, што Ягораў і Шыркоўскі яшчэ 20 лістапада 1993 года звярнуліся да Шушкевіча і Кебіча з лістом пад назвай «Аб некаторых пытаннях дзяржаўнага ладу Рэспублікі Беларусь», у якім асудзілі заганную практыку ўмяшальніцтва ў дзейнасць праваахоўных органаў з боку дзяржаўнага сакратара па барацьбе са злачыннасцю і нацыянальнай бяспецы Генадзя Данілава, якога вядомая апазіцыйная газета «Свабода» ахрысціла «чалавекам №2 пасля Кебіча.

Генадзь Данілаў. «Чалавек №2 пасля Кебіча», відаць, атрымліваў асалоду ад зброі ў руках. У ліпені 1993 года Данілаў заняў дзіўную пасаду дзяржаўнага сакратара па барацьбе са злачыннасцю і нацыянальнай бяспецы і імкнуўся кантраляваць МУС і КДБ, што выклікала негатыўную рэакцыю Ягорава і Шыркоўскага. Пад ціскам прэсы і грамадскасці ў лютым 1994 года Кебіч фармальна панізіў свайго пратэжэ, прызначыўшы яго ўрадавым сакратаром. Аднак да сыходу Кебіча Данілаў быў самай уплывовай фігурай у атачэнні Вячаслава Францавіча.

Што да Ягорава, то яго адносіны з Кебічам сапсаваліся даўно. Пачынаючы з 1992 года, прэса, падкантрольная кіраўніку ўрада, пачала кампанію дыскрэдытацыі міністра, закідаючы яму некампетэнтнасць.

Дэпутацкая група БНФ, імкнучыся выратаваць генералаў, 23 студзеня 1994 года прапанавала праект пастановы, якая зводзілася да таго, каб інфармацыю Шаладонава, Ягорава, Шыркоўскага, Краўчанкі і Бачарова прыняць да ведама, адзначыць адсутнасць узгодненых дзеянняў па выкананні літоўска-беларускай дамовы. Праект пастановы даручаў Міністэрству замежных спраў разам з сілавікамі распрацаваць умовы і працэдуру дзеянняў дзяржаўных органаў Беларусі ў выпадку неабходнай выдачы замежным дзяржавам асобаў, якіх абвінавачваюць у злачынствах на тэрыторыі гэтых дзяржаў.

Жарт ад «Мы і время» з нагоды выкрадання Буракавічуса і Ермалавічуса.

Аднак парламенцкая большасць адхіліла такі праект пастановы, а ў Данілава з’явілася добрая нагода дагадзіць свайму патрону. У Нацыянальным архіве захаваўся, без перабольшвання, унікальны дакумент — дакладная запіска Данілава на імя Кебіча №10 ад 20 студзеня 1994 года. У пачатку запіскі дзяржсакратар, у прыватнасці, адзначаў наступнае: «Праз патуранне службовых асоб праваахоўных органаў рэспублікі склалася незаконная практыка, калі прадстаўнікі сумежных дзяржаў без адпаведнага дазволу кампетэнтных органаў Беларусі і афармлення неабходных дакументаў прыбывалі на нашу тэрыторыю і ў парушэнне дзеючага заканадаўства праводзілі аператыўна-вышуковыя і следчыя мерапрыемствы». Данілаў прывёў шэраг прыкладаў, калі на Беларусі дзейнічалі спецслужбы Літвы, Расіі і нават Украіны. Так, 21 ліпеня 1993 года супрацоўнікі Харкаўскага УУС арыштавалі ў Мінску «грамадзяніна А.І. Пісьменнага» і вывезлі яго ў Харкаў. У кастрычніку 1992 года супрацоўнікамі ваеннай пракуратуры Расіі на тэрыторыі Баранавіцкага і Глыбоцкага раёнаў былі арыштаваныя і вывезеныя ў Ліепаю грамадзяне Беларусі П.С.Коўзан і Г.З.Навіцкі». 25 мая 1993 года група супрацоўнікаў літоўскай паліцыі у вёсцы Апідамы Пастаўскага раёна «затрымала грамадзяніна Беларусі Ермалаева П.Е. і вывезла на тэрыторыю Літвы, дзе ён у паліцэйскім участку прасядзеў 3 сутак». Данілаў таксама ў запісцы агучыў факты сістэматычнага пранікнення літоўскіх паліцыянтаў на тэрыторыю Ашмянскага раёна ў студзені-сакавіку 1993 года з мэтай дагляду аўтатранспарту.

Што непасрэдна да Буракавічуса і Ермалавічуса, то Данілаў катэгарычна назваў гэты арышт і вываз незаконнымі, абвінаваціўшы ва ўсім МУС. Данілаў сцвярджаў, што падчас інцыдэнту з літоўцамі было сур’ёзна парушана заканадаўства: вышэйадзначаная беларуска-літоўская дамова (напрыклад, па словах Данілава, адсутнічаў распрацаваны маршрут этапіравання гэтых асобаў, а таксама не былі вырашаны пытанні іх бяспекі; адсутнічалі неабходныя дакументы, літоўскія агенты мелі толькі пастановы Генпракуратуры Літвы ад 22 жніўня 1991 года аб выкарыстанні ў адносінах да Буракавічуса і Ермалавічуса меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай і ад 7 красавіка 1992 года аб прыцягненні іх ў якасці абвінавачаных). Таксама быў парушаны закон аб прававым становішчы замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства на тэрыторыі Беларусі: напрыклад, беларускія правахоўнікі не праінфармавалі Міністэрства замежных спраў аб арышце грамадзянаў іншай краіны.

Як літоўскія спецслужбы даведаліся пра знаходжанне ў Мінску Буракавічуса і Ермалавічуса, пытаўся Данілаў і сам адказваў: «Значыцца, сачылі за імі».

Падсумоўваючы вышэйзгаданае, Данілаў зрабіў выснову пра тое, што падобны інцыдэнт — на сумленні міністэрства ўнутраных спраў, для якога характэрна нізкая эфектыўнасць дзейнасці.

Захады Данілава і Кебіча, які кантраляваў самую буйную ў Вярхоўным Савеце дэпутацкую групоўку «Беларусь», далі плён. 25 студзеня 1994 года Вярхоўны Савет вырашыў правесці галасаванне па вызваленні ад займаных пасад Ягорава і Шыркоўскага, а таксама па пытанні даверу Генеральнаму пракурору Васілю Шаладонаву. Ягораў паступіў сумленна, яшчэ раней падаўшы заяву. Саўмін выказаў згоду з уласным жаданнем Ягорава сыйсці з пасады.

Удалося пазбегнуць галасавання Пятру Краўчанку, бо міністр фактычна быў чалавекам Кебіча, і Бачарову: на сваю пасаду ў лютым 1992 года ён быў прызначаны Саветам Міністраў, а не Вярхоўным Саветам як Шаладонаў, Ягораў, Краўчанка і Шыркоўскі.

Ураджэнец Курска, Бачароў быў беларускім сілавіком, але патрыётам Расіі. Падчас першай прэзідэнцкай кампаніі Бачароў рашуча выступіў супраць Лукашэнкі. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.

25 студзеня 1994 года была створана Падліковая камісія ў колькасці 13 дэпутатаў (Іван Бамбіза, Віталь Малашка, Вольга Галубовіч, Зінаіда Пянькова і іншыя). Надзвычайнасць сітуацыі павінна была паказаць і тое, што планавалася не электроннае галасаванне, а падача імянных бюлетэняў.

Большасцю галасоў Ягораў і Шыркоўскі, якія кіравалі сваімі ведамствамі з 1990 года, былі адпраўлены ў адстаўку, аднак за недавер Шаладонаву выказалася мінімальная колькасць дэпутатаў.

Адказ на пытанне, чаму ацалеў Шаладонаў, просты. Ён быў дэпутатам, а ў 1990-1992 — намеснікам старшыні Вярхоўнага Савета. Да таго ж Шаладонаў кіраваў Рабочай групай Канстытуцыйнай камісіі: распрацоўка новага асноўнага закона ішла да фінішу. Журналіст Аляксандр Старыкевіч адзначаў, што Шаладонаў таксама мусіў сысці, «але, паколькі ім ва ўрадзе задаволеныя, то яго адстаўка не планавалася».

26 студзеня 1994 года дэпутатам ад парламенцкай апазіцыі БНФ і галоўным рэдактарам «Свабоды» Ігарам Герменчуком за некалькі гадзінаў да адстаўкі Шушкевіча была агучана заява, якая асуджала вызваленне з пасадаў Ягорава і Шыркоўскага.

Ігар Гермянчук зрабіў «Свабоду» шматтыражным і ўплывовым выданнем. У сакавіку 1995 года Лукашэнка назваў «Свабоду» «фашысцкай газетай».

Буракавічус і Ермалавічус адыгралі фатальную ролю і ў палітычным лёсе Шушкевіча. Парламенцкая кансерватыўная большасць імкнулася пазбавіцца апошняга, а лепшай зачэпкі як выпадак з літоўцамі, было не адшукаць.

26 студзеня 1994 года Аляксандр Лукашэнка дамогся таго, каб у праект пастановы Вярхоўнага савета быў уключаны наступны пункт (яго сфармуляваў Віктар Ганчар): «У сувязі з непрыняццем мер па барацьбе з карупцыяй, адсутнасцю кантролю за працай праваахоўных органаў і праяўленую асабістую нясціпласць: уключыць у парадак дня чарговай трынаццатай сесіі Вярхоўнага Савета пытанне аб адклiканнi старшыні Вярхоўнага Савета Шушкевіча С.С. і вызваленні ад займаемай пасады старшыні Савета міністраў Кебіча В.Ф.». За ўключэнне гэтага пункта прагаласавалі 179 дэпутатаў, то бок усяго на 5 чалавек больш, чым гэта патрабаваў кворум. Вынік вядомы: Шушкевіч быў адкліканы, а Кебіч застаўся на пасадзе. Дэпутат ад апазіцыі БНФ Валянцін Голубеў 27 студзеня 1994 года назваў гэта «паўзучым вярхушачна-камуністычным пераваротам».

Адзін з лістоў у падтрымку Буракавічуса і Ермалавічуса. 

Выкраданне Буракавічуса і Ермалавічуса асудзіў 28 студзеня 1994 года у сваім выступленні дэпутат Вярхоўнага Савета і кіраўнік Беларускай лігі правоў чалавека Яўген Новікаў: «Мы з усёй адказнасцю заяўляем, што незаконная акцыя 15 студзеня стала магчымай дзякуючы таму, што парушэнне правоў чалавека ў нашай краіне з'яўляецца неад'емнай часткай палітыкі рэжыму, які існуе ў Беларусі».

Такім чынам, інцыдэнт з Буракявічусам і Ермалавічусам вызваў ланцуговую рэакцыю падзей: адстаўка сілавікоў і Шушкевіча, абранне новым старшынёй Вярхоўнага Савета Мечыслава Грыба, прыняцце Канстытуцыі 15 сакавіка 1994 года, першыя прэзідэнцкія выбары і перамога на іх Аляксандра Лукашэнкі, які кіруе і дагэтуль… Ці магчыма гэта было б, калі б халоднай раніцай 15 студзеня 1994 года Буракявічуса і Ермалавічуса не скралі ў Мінску? Гісторыя не любіць умоўнага ладу. Яна толькі вучыць. Нездарма яшчэ ў старажытнаці казалі: historia est magistra vitae. На жаль, сённяшняе кіраўніцтва Беларусі не жадае вучыцца на памылках, а наступае на тыя ж самыя граблі. Аднак грэбаванне гістарычным вопытам нясе самыя цяжкія наступствы.

А пытанне, пастаўленае Аляксандрам Лукашэнкам амаль чвэрць стагоддзя таму, актуальнае і на сённяшні час…

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары39

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць7

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Усе навіны →
Усе навіны

Пуцін прыгразіў ударыць «Арэшнікам» па «цэнтры прыняцця рашэнняў» у Кіеве4

«Задрыжаць і атарапеюць». МЗС Расіі абяцае кары ЗША з-за дазволу Украіне выкарыстоўваць ATACMS для ўдараў па Расіі12

Патрыярх Кірыл заклікаў не баяцца ядзернай зброі, таму што хрысціян не страшыць канец свету29

На таргі выставілі чыгунку пад Мінскам

Салістка «Начных снайпераў» звалілася з балкона падчас выступу ў Санкт-Пецярбургу

Конь і «Джылі» на подыуме: у Мінску прайшло моднае шоу, дзе гасцей прасілі адзецца па дрэс-кодзе13

Украінскі сцяг замест расійскага з'явіўся ўчора на вялізарным экране ў Астане ў часе візіту Пуціна

Ціханоўская: З мужам ужо больш за 600 дзён няма сувязі, але Сяргей — адзін з самых моцных людзей, якіх я сустракала19

Палітзняволенага журналіста Ігара Карнея зноў будуць судзіць

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць7

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Галоўнае
Усе навіны →