Інвалід 1 групы з Мазыра, які не выходзіць з дому, атрымаў штраф за пераход вуліцы ў недазволеным месцы
Штраф за пераход вуліцы ў недазволеным месцы атрымаў інвалід 1 групы Віталь Кавалёў. Мужчына звярнуўся на гарачую лінію мазырскага тэлеканала, каб аднавіць справядлівасць. Па яго словах, ён не мог здзейсніць такое правапарушэнне, бо з хаты не выходзіць.
Віталь Кавалёў сустракае журналістаў у сваёй кватэры на вул. Прамысловай. Дакладней, не сустракае. Дзверы адчыняюцца з пульта. Сам Віталь хацеў бы быць гасцінным, але здароўе не дазваляе. Станцыя Мазыр, драўляны барак, другі паверх. Гаспадар у інвалідным вазку. Менавіта гэта сумная акалічнасць — сёння яго галоўнае алібі.
У пачатку верасня Віталь недалічыўся прыстойнай для яго пенсіі сумы. Аказалася, грошы з пенсіі адлічылі на пагашэнне штрафу ДАІ за пераход вуліцы ў недазволеным месцы. Прычым пра гэта сам так званы парушальнік даведаўся толькі праз 8 месяцаў. Пратакол быў складзены зімой. Ніякіх паведамленняў Віталь не атрымліваў, проста таму што ў пратаколе ўказаны яго стары адрас, дзе ён не жыве ўжо больш за 10 гадоў. Ды і само правапарушэнне, па словах Віталя, абсурднае. Мужчына сцвярджае, што па стане здароўя проста не мог яго здзейсніць.
Дарэчы, правапарушэнне адбылося на вул. Фрунзе. Гэта яшчэ адна неверагодная падзея. Бо мужчына самастойна не можа спусціцца нават у двор. Дапамогу ў побыце яму аказвае сацыяльны работнік.
Знайсці справядлівасць аказалася не так проста. На пісьмовы зварот у РАУС прыйшоў пісьмовы адказ. Яго сутнасць — абскардзіць пастанову праз суд.
У мазырскай Дзяржаўтаінспекцыі нам патлумачылі, што пратакол складалі калегі з Ельска. Такога ж правапарушальніка не ўспомнілі, але інспектар, які складаў пратакол, кажа, што дакладна не спыняў ні інваліда-вазочніка, ні чалавека на мыліцах. Памылка, тлумачаць, магла адбыцца на этапе апазнання, калі асобу парушальніка вызначалі не з дапамогай камп'ютарнай базы дадзеных, а па тэлефонным званку ў дзяжурную службу. Інакш кажучы, Віталём Кавалёвым мог назвацца іншы чалавек. Такія аргументы сапраўднага Віталя не задавальняюць.
У справе абяцалі разабрацца. Юрыдычную дапамогу Віталю Кавалёву гатовыя аказаць сацыяльныя службы. Вярнуць грошы з бюджэту цяпер не так проста. Віталю неабходна звяртацца ў пракуратуру для аднаўлення тэрмінаў абскарджання і адмены пастановы. Далей разбірацца з усімі нюансамі гэтай справы павінен будзе толькі суд.
-
Журналістка «Спутніка» звяртаецца да Лукашэнкі: яе сын паступіў у Вышэйшую школу эканомікі ў Маскве, а дома на яго завялі крыміналку
-
Былы супрацоўнік «Бетэры» запісаў вялікае відэа пра гэта анлайн-казіно. Цяпер у яго праблемы з міліцыяй
-
У Мінску развіталіся з паэтам Уладзімірам Карызнам, аўтарам слоў да цяперашняга дзяржаўнага гімна Беларусі
Каментары