Грамадства22

«Я адразу закахалася ў ягоныя вочы». Жонка-украінка і сябар расказваюць пра загінулага беларускага добраахвотніка Васіля «Дзіра» Рапіцкага

Васіль Рапіцкі прыехаў на адпачынак у Крым і больш адтуль не вярнуўся ў Беларусь. Пайшоў на вайну, бо не мог інакш. Захапляўся матацыкламі, рэканструкцыяй Другой сусветнай вайны і пошукам скарбаў.

Жонка Васіля Святлана Рапіцкая расказала Радыё Свабода, што беларус загінуў на Запарожскім напрамку 4 сакавіка. Ён быў кіроўцам. У машыну Рапіцкага трапіў FPV-дрон. Яго пабрацім быў паранены, а Васіль атрымаў траўмы, несумяшчальныя з жыццём. Яму было 40 гадоў.

Святлана даведалася пра смерць мужа апоўдні 4 сакавіка — ёй патэлефанаваў яго камандзір. Яшчэ раніцай 4 сакавіка Васіль даслаў ёй апошняе паведамленне. Дзе і калі пахаваюць Васіля, пакуль невядома. Пабрацімы распачалі збор сродкаў на дапамогу сям’і загінулага.

Пазнаёміліся ў Крыме

Святлана паходзіць з Жытоміршчыны, працуе выхавальніцай у дзіцячым садку. Сям’я Рапіцкіх жыла ў Кіеве. Яны купілі там кватэру. У пары двое сыноў — 9 і 11 гадоў.

Святлана расказвае, што пазнаёмілася з Васілём у ліпені 2012 года ў Кактэбелі, у яшчэ не акупаваным Крыме. Яна прыехала туды адпачываць з Кіева, а Васіль — з Беларусі. Ён адтуль ужо ніколі не вярнуўся жыць на радзіму.

«Калі я прыехала туды, мой першы дзень адпачынку быў яго апошнім днём. Ён на наступны дзень ужо з’язджаў. Мы ўвечары пазнаёміліся. У нас была дыскатэка, мы танцавалі, размаўлялі. Я, відаць, яму вельмі спадабалася, як і ён мне. На наступны дзень ён павінен быў з’язджаць на машыне з сябрамі. Але ён сказаў: «Я нікуды не еду». Дзеля мяне ён застаўся», — успамінае Святлана.

Васіль тады ўжо патраціў грошы на адпачынак. Каб утрымліваць сябе ў Кактэбелі, уладкаваўся ахоўнікам на базе адпачынку, працягвае суразмоўніца. Так яны разам правялі адпачынак Святланы. Потым яна вярнулася ў Кіеў.

У жніўні, на доўгія выхадныя да Дня незалежнасці Украіны, дзяўчына зноў паехала да Васіля ў Крым, дзе ён працягваў працаваць. Ужо ў верасні ён прыехаў да яе ў Кіеў. У 2013 годзе пара пажанілася, у той жа час яны купілі кватэру, а ў 2014 годзе ў іх нарадзіўся першы сын.

«Гэта было адразу. Доўгіх рамантычных адносін не было. Я адразу закахалася ў яго вочы, ён — у мае. У яго вельмі прыгожыя вочы, ён сам прыгожы, вельмі прыгожа танцаваў. У яго заўсёды быў добры настрой. Ён заўсёды быў жыўчык, пазітыў. У яго быў цудоўны характар, ён быў вельмі лёгкі на пад’ём», — успамінае Святлана.

Яна не любіць сюрпрызы, таму, кажа, Васіль звычайна іх не рабіў. Але нядаўна, падчас адключэння ацяплення ва Украіне, ён замовіў для жонкі плюшавы камбінезон. Аднойчы ён сам выбраў для Святланы духі — запытаўся ў незнаёмай жанчыны на аўтазапраўцы, якімі яна карыстаецца, бо той водар яму спадабаўся.

Любіў вёску

Васіль вельмі любіў ездзіць у вёску да бацькоў Святланы. Там яны збіраліся ўсёй сям’ёй, смажылі шашлыкі. Святлана кажа, што ён быў вясковым хлопцам.

«Там усё лета трэба было працаваць па гаспадарцы: нешта ў агародзе, або паехаць у лес па дровы, або пасекчы дровы», — дзеліцца суразмоўніца.

У вёсцы Васіль высадзіў вялікую плантацыю грэцкіх арэхаў — хацеў на пенсіі заняцца арэхавым бізнэсам, кажа жонка.

Рапіцкія штогод ездзілі на радзіму Васіля ў вёску Прошыка Крупскага раёна. Ён сам ездзіў яшчэ часцей. Апошні раз Рапіцкія прыязджалі ў Беларусь на Новы 2022 год, расказвае Святлана. Пераязджаць у Беларусь жыць яны не хацелі.

«Ён не падтрымлівае той рэжым, які там цяпер», — тлумачыць суразмоўніца.

«Усё зроблена яго рукамі»

Васіль займаўся рамонтамі і будаўніцтвам. Спачатку ўцяпляў фасады, а паступова набраўся больш вопыту і навучыўся іншым кірункам будаўнічых работ, расказвае жонка.

«У гэтай кватэры, якую мы купілі, усё зроблена яго рукамі. Чаго ён не ўмеў, за ўсё браўся, вучыўся, і ў яго ўсё атрымлівалася», — расказвае суразмоўніца.

Святлана кажа, што Васіль быў цудоўным бацькам. Асабліва з пачаткам поўнамаштабнай вайны ён пачаў яшчэ больш цаніць час, які мог правесці з сям’ёй. Падчас сваіх адпачынкаў прапаноўваў паехаць то на мора, то ў горы, то на экскурсіі — «хацеў паказаць дзецям прыгожы свет».

«Ён цудоўны бацька. Я кожны раз глядзела, як ён з дзецьмі праводзіць час, і разумела, што іншага такога няма. Ён быў лепшым бацькам, прыклад якога я магла бачыць. Ён пастаянна праводзіў з імі час, ён усё для іх рабіў. Ён быў жыццярадасны. Яны хадзілі ў дзіцячыя пакоі, у паркі. Ён катаў іх на веласіпедах, на матацыкле. Ён іх вельмі забаўляў», — успамінае жонка.

Гістарычная рэканструкцыя вайны

Акрамя захаплення матацыкламі, Васіль любіў шукаць скарбы з металашукальнікам.

«У яго ёсць невялікая калекцыя розных манет розных перыядаў. Яны, магчыма, не вельмі каштоўныя і не ў вельмі добрым стане. Але ён заўсёды радаваўся, калі знаходзіў цвік або кавалак гузіка», — расказвае жонка.

Васіль меў яшчэ адно захапленне да вайны — рэканструкцыю часоў Другой сусветнай.

«Гэта ролевая рэканструкцыя, дзе ўмовы максімальна набліжаныя да баявых дзеянняў, дзе ў цябе адно жыццё. Мы рэканструявалі 82‑ю паветрана-дэсантную дывізію арміі ЗША, нашымі праціўнікамі былі нямецкія падраздзяленні. Калі гэта быў амерыканскі дэсантнік, то ў яго была летняя форма, зімовая форма, цыгарэты Lucky Strike у мяккай упакоўцы, якія тады былі, такі ж сняданак, абед, вячэра, такая ж жвачка», — расказвае сябар Васіля Сяргей Піліпенка, які ведаў беларуса больш за 10 гадоў.

«Яны дзяліліся на дзве каманды: адны нібыта фашысты, а другія — амерыканцы. Праводзілася гульня: яны выязджалі за горад, недзе ў палях бегалі, пераапраналіся, са зброяй», — расказвае Святлана. Для гэтай рэканструкцыі трэба было прыдумаць сабе пазыўны. Васіль выбраў «Джон Дзір» (John Deere) — гэта амерыканскі каваль, які ў 1837 годзе стварыў кампанію па вытворчасці сельскагаспадарчай і будаўнічай тэхнікі.

«Вася казаў: ён просты і надзейны, як трактар. Што першае прыдумаў, тое і сказаў. Але гэта характарызуе Васіля. Ён быў просты, надзейны, без лішняга. Ён быў для мяне як брат, якога ў мяне ніколі не было. Ён быў справядлівы, шчыры», — расказвае Сяргей.

Потым гэты пазыўны скараціўся проста да «Дзір». Гэты ж пазыўны Васіль узяў і на вайну.

«Я іду абараняць сваю сям’ю»

Ваяваць Васіль пайшоў адразу ў пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе. Ён не меў украінскага грамадзянства і не меў абавязку ісці на фронт, але пайшоў добраахвотнікам. Яго не адразу хацелі браць, бо было шмат ахвотных, але няшмат людзей з досведам ваеннай службы.

«Калі раніцай пачалі бамбіць Кіеў, я выклікала бацькоў, яны забралі нас на Жытоміршчыну. Там было больш спакойна. А Васіль застаўся тут. Праз два-тры дні ён даведаўся, дзе бліжэйшы ваенкамат, і пайшоў туды. Пешшу ішоў па трасе да Святошына (прыгарад Кіева. — РС). Транспарт ніякі не хадзіў, усе выязджалі з Кіева. Яго паліцыя падвозіла, калі даведалася, куды і навошта ён ідзе», — успамінае Святлана.

Рапіцкі служыў у Палку Каліноўскага ў батальёне «Волат», потым у Другім інтэрнацыянальным легіёне, кажа жонка.

«Ён заўсёды казаў: «А хто, калі не я? А хто абароніць? Я іду абараняць сваю сям’ю». Калі ў яго пыталіся: «Чаму ты там служыш? Ты ж можаш разарваць кантракт у любы момант», ён адказваў: «А што, вайна ўжо скончылася, каб я разрываў кантракт?» Я разумела яго матывы. Ён па-іншаму не змог бы», — кажа жонка.

Святлана мужа не адгаворвала ісці на вайну. Кажа, што калі б не дзеці, яна б сама далучылася да Узброеных сіл.

«Ён з першых дзён далучыўся да «Азова», быў штурмавіком падчас рэйдаў на Херсоншчыне, потым на Данецкім напрамку. У яго не было баявога досведу, таму давялося за гэтым пабегаць, бо жадаючых было шмат, але не ўсіх бралі, а Вася праявіў сябе. Потым ён быў у батальёне «Волат», пакуль не страцілі Севераданецк і не загінуў іх камандзір», — успамінае сябар Васіля Сяргей.

Пазней Васіль перайшоў у структуру Галоўнага ўпраўлення разведкі. За час вайны ён змяніў розныя спецыяльнасці: ад штурмавіка да камандзіра ПТРК — супрацьтанкавай абароны, а ўжо напрыканцы служыў кіроўцам.

«Я так разумею, што за тры гады ён моцна выматаўся бегаць па гэтых акопах. Потым яны перайшлі ў іншы падраздзел, у іх змяніўся камандзір, бо ранейшага нешта не задавальняла, і Вася стаў кіроўцам. Там крышку лягчэй было, і з камандаваннем усё было ў парадку», — расказвае жонка.

«Ён завозіў і вывозіў хлопцаў з пазіцый, прывозіў боепрыпасы, выконваў лягістычныя заданні», — дадае сябар пра апошнія вайсковыя абавязкі Васіля.

«Як я ўсё пакіну? А хлопцы?»

У апошні час Васілю давалі адпачынак двойчы на год, тады ён прыязджаў у Кіеў да сям’і. Святлана таксама ездзіла да мужа на перадавую, на Новы год або калі ў дзяцей былі вакацыі, і іх можна было пакінуць у яе бацькоў. Васіль апошні раз быў дома ў адпачынку менш за месяц таму — паехаў на пазіцыі 11 лютага. Па тэлефоне яны гаварылі пра побытавыя рэчы, пра дзяцей.

«Я часам прасіла яго пагаварыць з дзецьмі, бо яны мяне не слухаюцца. Штодня камунікавалі. «Як твой дзень?» — «А як твой?» Часам тэлефанаваліся, часам перапісваліся, бо невядома, ці ён заняты. Калі вольны — адказвае», — расказвае Святлана.

З пачаткам поўнамаштабнай вайны, расказвае Святлана, Васіль стаў пераходзіць на ўкраінскую мову — выходзіла сумесь з беларускай, раней гаварыў па-расейску.

«Вася быў простым хлопцам. Для мяне простыя хлопцы — эталон для пераймання. Ён быў свой. Не мог прайсці міма, калі была праблема. Ён дапамагаў бабулям, дзядулям, абяздоленым. Чалавек заўсёды гатовы ахвяраваць сабой, дапамагаць», — расказвае сябар Сяргей.

Незадоўга да смерці Васіль казаў сябру, што на вайне «капец, с*ка пачалася», складаная лагістыка, расказвае Сяргей.

«Я яму кажу: «Колькі ты ўжо гадоў ваюеш? Ты ўжо аддаў гэтай краіне больш, чым многія з тых, хто тут нарадзіўся і павінен быў ахвяраваць для яе». А ён казаў: «Ну як так, я ваяваў, а зараз усё пакіну? А хлопцы? А каманда?» Ты нешта пачаў, не скончыў, і вярнуцца, быццам нічога не было, — ён не мог. У яго не было пафасу. Ёсць задача — мы яе робім. Ён быў просты, надзейны, без пантоў. Калі сказаў — гэта гарантыя, што зробіць», — кажа сябар Сяргей.

Каментары2

  • Ёсік
    07.03.2026
    "Ты ўжо аддаў гэтай краіне больш, чым многія з тых, хто тут нарадзіўся і павінен быў ахвяраваць для яе." І тут беларус загінуў не за сваю Радзіму. Сьпі спакойна, ваяр, ты годна пражыў сваё жыцьцё.
  • хм
    07.03.2026
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Новы мастацкі кіраўнік Купалаўскага — расіянін з правінцыйных тэатраў23

Новы мастацкі кіраўнік Купалаўскага — расіянін з правінцыйных тэатраў

Усе навіны →
Усе навіны

Былыя палітзняволеныя аб’ядналіся дзеля ўзаемнай падтрымкі ў арганізацыю «Побач»3

Прэм'ер-міністрам Непала павінен стаць былы рэпер. Ён перамог на выбарах пасля пратэстаў пакалення Z1

Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі: Мы самі вызначым, калі скончыцца вайна

Трамп пачаў дарыць сваім чыноўнікам туфлі — усе аднаго брэнду7

Трамп: Размова з Пуціным была пазітыўнай

Пяць шляхоў, якімі дэмаграфія трансфармуе сусветную эканоміку3

«Грыша жыве тут, будзе яму кампанія». Сям'я з Бабруйска прытуліла на падворку пяць лебедзяў, якія трапілі ў бяду3

У Мінску прадаюць арэхі па 250 рублёў за кілаграм. Што за далікатэс?1

Трамп: Вайна ў Іране «практычна скончаная»20

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Новы мастацкі кіраўнік Купалаўскага — расіянін з правінцыйных тэатраў23

Новы мастацкі кіраўнік Купалаўскага — расіянін з правінцыйных тэатраў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць