Грамадства5555

Навуковец Акадэміі навук распавядае, як выжывае на месячны заробак у $137

Фота з сацыяльных сетак

Навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі Віталь Ашэйчык апублікаваў у фэйсбуку разліковы лісток за верасень. Заробак маладога навукоўца-археолага, спецыяліста па каменным веку, — 269,81 рубля, пасля вылічэння падаткаў — 244,12. Гэта ў 2017 годзе, «Годзе навукі ў Беларусі». Па словах Віталя, размясціў разліковік у сеціве ён проста, «каб падзяліцца». 

Еўрарадыё: Калі вы ўладкоўваліся на працу ў Інстытут гісторыі, вы ведалі, колькі будзеце зарабляць?

Віталь Ашэйчык: Заробак у бюджэтных арганізацыях вядомы. І я ўяўляў, што будзе так. Адзінае, што ў рэальным вылічэнні ў 2014 годзе, калі я прыйшоў працаваць, у доларавым эквіваленце заробак быў большы. Графік працы у нас фармальна фіксаваны. Працоўны дзень — з 9.00 да 17.45, абед — паўгадзіны. Гэта калі не ў камандыроўцы, у якіх я і мае калегі-археолагі праводзім даволі шмат часу. Асноўная функцыя навуковых супрацоўнікаў — навукова-даследчая праца. Калі казаць агульна, я вывучаю каменны век Беларусі. Калі больш канкрэтна — на дадзены момант займаюся перш за ўсё даследаваннем тэхналагічных аспектаў адаптацыі старажытнага насельніцтва эпохі мезаліту ў час пераходу ад ледавіковай эпохі да геалагічнай сучаснасці. Якая праца за гэтым крыецца? Архіўныя і бібліяграфічныя даследаванні, праца з археалагічным матэрыялам, напісанне навуковых артыкулаў, падрыхтоўка прэзентацый і выступленне на канферэнцыях. Таксама кожны археолаг даволі шмат часу праводзіць у экспедыцыях, а потым рыхтуе навуковыя справаздачы аб палявых даследаваннях. На нас, у тым ліку і на мне, ляжыць і фондавая праца, бо інстытут захоўвае калекцыі археалагічнага матэрыялу, якія атрыманыя падчас раскопак. Акрамя гэтага, увесь час даводзіцца займацца і звычайнай офіснай працай: падрыхтоўка рознай дакументацыі, перапіска з калегамі, зносіны з рознымі ўстановамі ў Беларусі, арганізацыйная праца і іншае.

Еўрарадыё: Як вы жывяце на такі невялікі заробак? Не праводзілі эксперымент «Як выжыць на 269 рублёў» (на сёння каля 137 долараў)?

Віталь Ашэйчык: Эксперымент не праводзіў. На што хапае заробку, сказаць складана, бо, безумоўна, даводзіцца падзарабляць. Праца ў інстытуце дае магчымасці падпрацовак, хаця яны вельмі нерэгулярныя. Напрыклад, мы ўдзельнічаем у выратавальных раскопках, якія праводзяцца не за бюджэтныя сродкі. Калі ў зону будаўніцтва трапляюць археалагічныя аб’екты, згодна з законам, яны мусяць быць даследаваныя. І наш інстытут праводзіць такія раскопкі, якія папярэднічаюць інвестыцыйным праектам. Але ў кожным выпадку, тое, што зарабляю «на лапаце», не вельмі змяняе агульную карціну — да сярэдняга заробку па Мінску ці хаця б сярод бюджэтнікаў усё роўна далёка. 

Еўрарадыё: Не плануеце змяняць працу?

Віталь Ашэйчык: Безумоўна, я і многія мае калегі думаем пра тое, што ў нейкі момант трэба гэта зрабіць, таму што няма перспектываў ні ў кар'ерным росце, ні ў і павелічэнні заробку. За тыя грошы, якія можна зарабіць у нас у археалогіі, пражыць у любым выпадку праблематычна. 

Еўраардыё: Дзе яшчэ могуць працаваць археолагі ў Беларусі, калі не ў Акадэміі навук? 

Віталь Ашэйчык: Можна займацца ўсім, чым заўгодна, апроч археалогіі (смяецца). У мяне ёсць вышэйшая адукацыя, некалькі дыпломаў, я ведаю дзве замежныя мовы. Думаю, што з тым функцыяналам, з якім мне даводзіцца сутыкацца на працы ў Інстытуце, знайсці якую-небудзь звычайную працу можна без асаблівых праблем. Але хацелася б дарабіць дысертацыю. А гэта зойме яшчэ прынамсі паўгода-год. А там паглядзім.

Еўрарадыё: На што вы патраціце свой вераснёўскі заробак у 269 рублёў?

Віталь Ашэйчык: Палову я ўжо патраціў на ежу, праязны, інтэрнэт. 

Еўрарадыё: Такі заробак атрымліваюць толькі маладыя вучоныя?

Віталь Ашэйчык: Гэта стандартная стаўка навуковага супрацоўніка. За 40-гадзінны працоўны тыдзень мы атрымліваем вось гэта. Калі прыдумаеш сабе нешта дадатковае, будзеш мець больш. Старэйшыя калегі атрымліваюць больш, бо ў навуцы ёсць даплаты за вучоныя ступені. Я не маю ніякай вучонай ступені на дадзены момант, толькі рыхтую дысертацыю. Але даплата за вучоную ступень складае каля 80-100 рублёў. То бок, калі заробак навуковага супрацоўніка без ступені 245 рублёў чыстымі, то 320-340 рублёў мае навуковы супрацоўнік са ступенню. Гэта падаецца як стымул для таго, каб абараняцца. Розніца паміж стаўкамі малодшага навуковага супрацоўніка і навуковага супрацоўніка складае каля 10-15 рублёў. І адпаведна, такая ж розніца паміж заробкамі навуковага супрацоўніка і старшага навуковага супрацоўніка. Магу сказаць, што мой асноўны заробак як навуковага супрацоўніка летам быў 253 рублі. Гэта на 12 рублёў менш, чым мінімальны заробак у Беларусі. І мне даплачвалі гэтую розніцу, каб заробак дацягваў да мінімальнага.

Еўрарадыё: Як адчувае сябе чалавек, заробак якога меншы, чым мінімалка?

Віталь Ашэйчык: Мы жывем у цывілізаваным грамадстве, у цывілізаванай краіне, і на дзяржаўным узроўні гаворыцца, што навука — гэта прыярытэт, што мы стаім на інавацыйным шляху развіцця. А ў рэальнасці людзі, якія знаходзяцца на перадавой гэтай самай навукі, атрымліваюць заробак на стаўку меншы, чым прыбіральшьчыца ў нашым інстытуце, гэта непрыемна». Тым больш, што каб займацца тым, чым займаюся я і мае калегі, трэба пяць гадоў вучыцца ва ўніверсітэце, потым год у магістратуры, тры ў аспірантуры. 

Еўрарадыё: Апублікаваўшы разліковы лісток, вы не думаеце, што будуць прэтэнзіі з боку кіраўніцтва?

Віталь Ашэйчык: Натуральна, перажываю, бо выдатна ведаю, што яны будуць. Але што рабіць, гэта ж праўда! Мне няма чаго саромецца. Я чалавек публічны, бо ўсе мае працы публікуюцца ў навуковых часопісах, кожны можа паглядзець і ацаніць, ці вартае тое, чым мы займаемся. Калі параўноўваць нашы заробкі з заробкамі навукоўцаў іншых краін, то канкрэтных лічбаў я не прывяду, але ў іх у кожным разе больш. Трэба разумець, што асноўнае фінансаванне фундаментальнай навукі, да якой адносіцца мая галіна, адбываецца з дзяржаўнага бюджэту ў кожнай краіне. Але на Захадзе больш магчымасцяў для правядзення даследаванняў. Таму што фундаментальная навука патрабуе не толькі заробку вучоным, але і затрат на пакупку абсталявання, правядзення дарагіх аналізаў. Мы гэтых грошай ад нашай дзяржавы не атрымліваем.

Каментары55

«Вісіць на валаску». Падзенне рэжыму Асада ставіць пад пагрозу расійскія аперацыі ў Афрыцы2

«Вісіць на валаску». Падзенне рэжыму Асада ставіць пад пагрозу расійскія аперацыі ў Афрыцы

Усе навіны →
Усе навіны

Нобелеўскі лаўрэат Муратаў крэатыўна абверг выдумкі прапагандыстаў ФОТАФАКТ1

Пасля смерці Прыгожына наймітам з ампутаванымі канечнасцямі перасталі плаціць пенсіі5

У Беларусі з'явіўся народны паэт12

У Мінску назвалі самыя папулярныя сёлетнія дзіцячыя імёны1

Расійскія настаўнікі на загад беларуса спалілі джынсы, партрэты нобелеўскіх лаўрэатаў і дыскі з Windows4

Расія ў найбліжэйшыя дні можа зноў ударыць «Арэшнікам» па Украіне2

У сірыйскай Латакіі спалілі труну з целам бацькі Башара Асада22

На «востраве педафілаў» у Вялікабрытаніі манахі згвалцілі больш за 50 дзяцей7

Сувязь 5G хутка прыйдзе ў Беларусь, але часу спатрэбіцца шмат1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Вісіць на валаску». Падзенне рэжыму Асада ставіць пад пагрозу расійскія аперацыі ў Афрыцы2

«Вісіць на валаску». Падзенне рэжыму Асада ставіць пад пагрозу расійскія аперацыі ў Афрыцы

Галоўнае
Усе навіны →