Меркаванні2727

Віктар Марціновіч пра Тарашкевіча: Трэба тады ў Польшчы і Шагала забараніць

Дырэктар Інстытута нацыянальнай памяці Польшы Яраслаў Шарэк прапанаваў беларускім гісторыкам уключацца ў дыскусію вакол асобы Браніслава Тарашкевіча, пытанне аб перайменаванні вуліцы якога ў Бельску-Падляшскім раней было абвешчанае «канчаткова закрытым». Польскі бок абяцаў прадставіць «дакументы», пасля якіх «цяжка будзе пазытыўна ацаніць асобу Тарашкевіча». У дужках удакладняецца, што пад «дакументамі» маюцца на ўвазе ўсяго толькі выказванні Тарашкевіча.

Беларускія гісторыкі ўжо адгукнуліся на прапанову, але вось што: акрамя гісторыкаў Браніслава Тарашкевіча мусяць бараніць мовазнаўцы, лінгвісты і пісьменнікі. Бо Тарашкевіч быў не толькі «камуністам» (даказана) ці «прыхаваным антыкамуністам» (не даказана), але пакінуў пасля сябе правапіс, які стаўся сцягам антысавецкасці. Знішчаючы імя Тарашкевіча з назвы вуліцы, доктар Мацей Коркуць не ўлічыў гэтага факту.

Тарашкевіцай пісалі тыя, хто выступаў за незалежнасць Беларусі. Артыкулы пра Курапаты ўкладаліся тарашкевіцай, а калі савецкія рэдактары пачалі выпраўляць правапіс аўтараў на наркамаўскі, з’явіўся знакаміты адкрыты ліст «Рэпрэсаваны правапіс» (ЛіМ, 1988). Газета «Свабода», якая стотысячным накладам умацоўвала беларускую незалежнасць, выходзіла на тарашкевіцы. Васіль Быкаў у пачатку 1990-х пісаў тарашкевіцай, і я не магу выключаць, што для яго карыстанне класічным правапісам было менавіта антысавецкай жэстурай. Класічным правапісам дагэтуль карыстаецца беларуская служба Радыё Свабода — інстытуцыі, ролю якой у дэсаветызацыі рэгіёна, я так думаю, доктар Мацей Коркуць прымяншаць не будзе.

Ці чулі дактары Мацей Коркуць і Яраслаў Шарэк такое спалучэнне словаў: «першая кадыфікацыя беларускай мовы»? Ці яны ўсведамляюць, што той быццам не такі ўжо і важны падручнік беларускай граматыкі — дарэчы, першы школьны падручнік беларускай граматыкі, — напісаны Браніславам Тарашкевічам, стаўся не проста кніжкай? Ці знайшлі яны ў польскамоўных крыніцах згадку пра тое, што кадыфікацыя беларускай мовы, зробленая на аснове падручніка Тарашкевіча (яшчэ разглядаліся «Bielaruski prawapis» Луцкевіча і «Hramatyka bielaruskaj mowy» Пачопкі) адбылася ў кантэксце абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе? Ці, можа быць, трэба тлумачыць, чаму правапіс БНР каштоўны для любога зацятага антысаветчыка?

А як тут не згадаць, што яшчэ да таго, як самога Браніслава Тарашкевіча забілі камуністы ў 1938-м (пра тое, як яго забівалі, можна прачытаць тут), граматыка Тарашкевіча была старанна вынятая з ужытку ў савецкай частцы сучаснай Беларусі ў выніку так званай «рэформы правапісу 1933 года». Што з нагоды гэтай антытарашкевічнай рэформы навуковае таварыства Вільні 31 кастрычніка 1933-га прымала спецыяльную рэзалюцыю, дзе прызнавала «русіфікатарскую скіраванасць» наркамаўскага правапісу і яе «слабы навуковы фундамент». І дасёння ў мовазнаўчай літаратуры можна прачытаць, што антытарашкевіцкая рэформа кіравалася найперш палітычнымі меркаваннямі, імкнулася наблізіць беларускую мову да мовы камуністычнай метраполіі. А пасля 1933 года тарашкевіца зрабілася мовай антысавецкай (іншай — не было!) беларускай эміграцыі. Дык ці тую вы абралі асобу для практыкаванняў у дэкамунізацыі, шаноўныя зберагальнікі памяці?

Давайце ўсе разам патлумачым польскім калегам, што ў 2007 годзе тарашкевіца была «рэпрэсаваная» зноў, бо паводле вынікаў прыняцця Палатай прадстаўнікоў праекта «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» аказалася па-за законам і па-за ўжыткам (тут да месца будзе прыпомніць афіцыйнае папярэджанне, вынесенае за карыстанне тарашкевіцай Камітэтам па друку газеце «Наша ніва» ў 1998-м).

Што для генерацыі несавецкіх беларусаў пытанне, ці ставіць мяккі знак у першым складзе слова «сцяг», дагэтуль ёсць пытаннем палітычнага выбару і нават дагэтуль на запыт без «беларускі сцяг» Гугл выдае чырвона-зялёны сімвал, на запыт «беларускі сьцяг» — бел-чырвона-белы.

Так часцяком бывае — асабліва ў Беларусі: чалавек, які нібыта з’яўляецца адданым членам партыі, робіць працу, што ператварае яго ў галоўнага разбуральніка здабыткаў гэтай партыі. І на такога чалавека магчымыя два погляды: як на рэтраграда і як на рэвалюцыянера. Міхаіл Гарбачоў быў не толькі пачынальнікам перабудовы, але ж і топавым камуністычным чыноўнікам. Дык што тут важнейшае: тое, што Якуб Колас — член партыі з 1945 года, ці тое, што ён — аўтар беларускіх вершаў, якія зберагаюць у сабе беларускі фальклор, мову, уяўленні пра годнасць і героіку?

Прыбіраць імя Тарашкевіча з назвы вуліцы за ягоную датычнасць да камунізму — гэткая ж бязглуздзіца, як спроба даказаць, што Альгерд быў часткай рускага свету (у Маскву ў паходы хадзіў з сябрамі пабачыцца, ага).

Тады можна Леха Валенсу называць паслядоўным камуністам, бо ён жа сустракаўся з міністрам унутраных спраў камуністычнай Польшчы ў 1988-м! Бэсціць Тарашкевіча за камунізм — тое самае, што бэсціць Дуж-Душэўскага за сімпатыі да ленінізму. Бо ва ўжо згаданым бел-чырвона-белым сімвале ёсць чырвоненькае! І яно па цэнтры!

«Камунізм» Тарашкевіча і іншых — вынік збегу трагічных абставін і пакручастых лёсаў жыхароў краіны, заціснутай паміж дзвюма геапалітычнымі цвярдынямі. Пасля таго як у 1939-м годзе Заходнюю Беларусь уз’ядналі з Усходняй, тут проста не засталося зацішку, у якім можна было б спакойна практыкаваць антыкамунізм. Касцёл тут не быў настолькі моцным гульцом, як у Польшчы. У той самы час менавіта ХХ стагоддзе было вельмі важным для выспявання нашай культуры, сталення народа. Дык ці можна рабіць настолькі павярхоўную вівісекцыю памерлых, адбіраючы з іх вартых павагі ці не вартых толькі па фармальнай прыкмеце наяўнасці партбілета?

Марк Шагал у Віцебску ў 1918-м знаходзіўся на адказнай камуністычнай пасадзе, займаўся візуальнай прапагандай. Трэба забараніць у Польшчы і Шагала?

Калі паважаныя польскія калегі не ведалі нюансаў, выкладзеных у дадзеным допісе, я буду шчаслівы, што дазволіў ім даведацца пра гэта. Калі ж сябры камісіі па перайменаванні і адміністрацыя Інстытута нацыянальнай памяці абазнаныя ў прыведзенай тут фактуры, то, знішчаючы памяць пра Тарашкевіча, яны робяць вялікую несправядлівасць.

Каментары27

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж17

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі і Расіі распрацуюць штучны інтэлект з традыцыйнымі каштоўнасцямі4

Асудзілі за «садзеянне экстрэмізму» былога дырэктара школы

Вучоныя знайшлі агромністае радовішча золата, якое змяшчае 99,999% усяго золата планеты8

У Польшчы адбылося ДТЗ з аўтобусам, поўным беларусаў2

Макрон заявіў пра гатоўнасць адправіць ва Украіну 50 тысяч вайскоўцаў5

У Навагрудку падпісалі дамову аб стварэнні Беларускага музея Халакосту4

Застрэлены ў Кіеве палкоўнік СБУ кіраваў групай, якая ліквідавала «Матаролу»1

Канапацкая едзе ў Літву на аўтобусе падаваць заяву ў Дэпартамент дзяржбяспекі ФОТАФАКТ66

Памерла Ірына Яскевіч

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж17

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць