У Маскве ФСБ затрымала польскага гісторыка Генрыка Глэмбоцкага і загадала яму пакінуць Расію цягам 24 гадзін, піша Радыё Свабода.
У Расіі Глэмбоцкі працаваў у архівах і паспеў прачытаць дзве лекцыі пра так званую польскую аперацыю НКВД, у выніку якой на тэрыторыі СССР у 1937-1938 гадах было забіта ад 111 да 200 тысяч палякаў.
«Затрыманне адбылося ў пятніцу каля апоўначы пасля майго вяртання з Санкт-Пецярбурга ў Маскву. Пасля выхаду з цягніка на вакзале мяне затрымаў патруль і завёў у памяшканне, дзе чакала вялікая група супрацоўнікаў ФСБ. Яны здымалі ўсё на камэру і зачыталі мне пастанову ФСБ. З гэтага дакумента вынікала, што я павінен цягам сутак пакінуць тэрыторыю Расіі» — распавёў Глэмбоцкі Польскаму агенцтву друку.
Пастанова ФСБ была падпісаная 21 лістапада. У той самы дзень Генрык Глэмбоцкі прачытаў лекцыю ў Польскім Інстытуце ў Санкт-Пецярбургу пра рэпрэсіі НКВД супраць палякаў у СССР.
Гісторык дадаў, што супрацоўнікі ФСБ прымушалі яго падпісаць дакумент, але ён адмовіўся.
«Я ім сказаў, што ў ПНР, калі мяне ў такіх абставінах затрымлівала Служба бяспекі, я нічога не падпісваў, і што цяпер без польскіх дыпламатаў нічога не падпішу».
Прафесар Ягелонскага ўнівэрсытэту з Кракава ўжо вярнуўся ў Польшчу.
Каментары