Апазыцыя павінна дзякаваць уладам за датэрміновае галасаваньне. Піша Барыс Тумар.
Апазыцыя павінна дзякаваць уладам за датэрміновае галасаваньне. Піша Барыс Тумар.
Сацыёлягі адсочваюць цікавы парадокс: колькасьць людзей, якія лічаць, што выбары ў Беларусі фальсыфікуюцца, намнога, амаль удвая большая, чым колькасьць тых, якія катэгарычна адмоўна ставяцца да лукашэнкаўцаў, падтрымліваюць апазыцыю штодзень ці галасуюць за кандыдатаў ад нацыянальна-эўрапейскіх сілаў. Гэта значыць, што многія галасуюць за лукашэнкаўцаў і ўсё адно перакананыя ў фальшывасьці рытуалу з камісіямі, роўнымі ўмовамі ў выглядзе плякатаў, назіральнікамі ад БРСМ, экзыт-поламі ад КГБ і жрыцай багіні непадкупнасьці, гадоўлі Калінінградзкага юрфаку на чале не дае чаканага эфэкту.
Ці ў тым заслуга свабодных СМІ? Сумняюся, бо яны даступныя ўсяго пары працэнтаў грамадзянаў. Улёткі і незарэгістраваныя выданьні таксама даходзяць толькі да невялікай групы. Сама сыстэма, безь ніякае на тое падказкі збоку, падаецца людзям ашуканскай.
Нязвыклае да палітычнага плюралізму і грамадзянскага кантролю насельніцтва не канечне зьвяртае ўвагу на такую тонкасьць як ідэалягічная вэртыкаль — фактычна, напаўпартыя і напаўспэцслужба ў выключным распараджэньні адной палітычнае сілы, ды яшчэ й аплачаная з кішэні падаткаплатніка. Або на такі казус як фармаваньне выбарчых камісій — уявіць сабе, што судзьдзяў матчу падбірае і аплочвае адна з камандаў. Але людзі чуйна адзначаюць аднабаковую прапаганду дзяржаўных СМІ, якія ніколі не даюць слова палітычным праціўнікам і ніколі не абмяркоўваюць А. Лукашэнку, і асабліва выяўна адцемліваюць загон на датэрміновае галасаваньне.
Улады так і не змаглі ўцямна патлумачыць, для чаго трэба галасаваць заўчасу. Гэтаму сапраўды няма ніякіх апраўданьняў — у суседніх краінах датэрмінова галасуе 1—2 % выбарцаў, а ў некаторых краінах з падобнай да беларускай «крэдытнай гісторыяй» барацьбы за ўладу гэтая лічба нават адмыслова абмежаваная законам. Нават у савецкія часы ніякага датэрміновага галасаваньня не было.
Лічбы выбарцаў, што прагаласавалі датэрмінова, ізноў рэкордныя, большыя, чым у 2004 і, магчыма, нават у 2006 гадах. Як тая савецкая курыца вымушана была, можаш ня можаш, штогод павялічваць яйцаноскасьць, так і Лідзія Ярмошына. Абвесткі пра абавязковасьць датэрміновага галасаваньня вісяць у многіх прадпрыемствах і ўстановах. Сьпісы тых, хто прагаласаваў, правяраюць. Людзі адчуваюць сябе кантраляванымі і абавязанымі — у такіх псыхалягічных сытуацыях яны галасуюць як трэба. Але галасуючы за, яны пры гэтым не ўспрымаюць выбары як чэсныя.
Гэта прычынаю такой хісткасьці лукашэнкаўскай сыстэмы ўлады, якая ўдае сябе маналітам.
Людзі пакорліва ўдзельнічаюць у працэдурах легітымізацыі ўлады, пакуль «альтэрнатывы няма». Гэта значыць, пакуль у паветры не зьяўляецца адчуваньне імавернасьці пераменаў. І тады сыстэма рушыцца, як замак зь пяску.
Пэўная група палітычных аглядальнікаў любіць разважаць пра легітымнасьць, разумеючы пад ёю фармальнае прызнаньне вынікаў законнымі з боку краінаў Захаду і міжнародных арганізацый заходняга сьвету, забываючы, што галоўная легітымнасьць — гэта ацэнка палітычнага факту законным і справядлівым самімі грамадзянамі. Выбары, на якіх датэрмінова галасаваць загналі траціну выбарцаў, ніколі ня будуць прызнаныя тымі загнанымі як нармальныя.
Як жа дзейнічаць у такой сытуацыі грамадзянам? Апраўдана рабіць найбольш сумленны выбар з магчымых нават у сытуацыі, калі адкрыты пратэст немагчымы. Калі ў акрузе няма нацыянальнага і дэмакратычнага кандыдата, трэба такія выбары байкатаваць ці галасаваць супраць усіх. Калі такі ёсьць, трэба аддаць голас яму. На абвешчаны вынік працэнту ўдзелу і галасоў за лукашэнкаўскі сьпіс гэты байкот ці ўдзел, ясная рэч, не паўплывае — ілюзій тут ня трэба — але маральны ціск на камісіі і ўладны клан будзе, і гэта ўжо важна.
Каментары