Сетка: як Расія стварае ў Беларусі рэгіянальныя сайты на базе аўтараў з «Румола» і НОДа
Мы заўважылі, што адначасова ў некалькіх абласных гарадах з’явіліся сайты, якія мімікруюць пад лакальныя навінавыя рэсурсы. Усе яны не маюць уласных інфармацыйных матэрыялаў, а толькі перастаўляюць навінавы кантэнт іншых СМІ. Пры гэтым ува ўсіх іх чужы кантэнт у пэўнай прапорцыі разбаўляецца «аналітыкай» антыбеларускага ды антызаходняга зместу.
Мы сталі шукаць, хто выдае гэтыя рэсурсы. Аказалася, усіх іх аб’ядноўвае і тое, што ніякіх канктактаў і персаналізацыі ўласніка сайта няма. Пры спробе праверыць даменнае імя сайта высвятляецца, што яно зарэгістравана ў Расіі праз сэрвіс, які за грошы дазваляе хаваць імя ўладальніка.
Ёсць і яшчэ некалькі супольных рысаў. Усе яны актыўна праводзяць рэкрутынг падпісантаў у сацыяльных сетках у пэўным рэгіёне. Аналітыку для іх пішуць актывісты «Румола» і Национально-освободительного движения. І, з паглыбленага аналізу, вынікае, што за ўсімі гэтымі сайтамі стаяць сродкі з расійскіх фондаў.
Першым сярод іх утварыўся рэсурс з красамоўнай назвай «Наш Гомель», які знаходзіцца па адрасе sozh.info.
Праверка адраса паказвае, што рэгістрант сайта знаходзіцца ў Расіі і не хоча афішаваць сваё імя.
Наведвальнасць рэсурсу можна ацаніць праз параўнанне з іншымі гульцамі на рынку, якіх у Гомелі некалькі.
— Прыватны беларускі рэсурс «Моцныя навіны» — 3,2 млн праглядаў старонак сайта за красавік 2018 года паводле SimilarWeb.
— Сайт дзяржаўнай газеты «Гомельская праўда» — 269 тысяч праглядаў старонак.
— Сайт дзяржаўнай газеты «Гомельскія ведамасці» 106 тысяч праглядаў старонак;
— Сайт «Наш Гомель» — 346 тысяч праглядаў старонак. Больш, чым дзяржаўныя рэсурсы, але менш, чым «Моцныя навіны».
(Адзначым таксама сайт «ПраГомель», які мае мінімальную долю ўласных матэрыялаў. Але ягоны ўладальнік — Максім Шалянок, запэўніў нас, што пакуль сайт працуе ў тэставым рэжыме, бо чакае афіцыйнай рэгістрацыі.)
Такім чынам мы бачым, што рэсурс невядомай прыналежнасці хаця і не выглядае канкурэнтам незалежнаму сайту, але ўжо мае наведвальнасць сувымерную з двума дзяржаўнымі сайтамі разам узятымі і па папулярнасці займае другое месца ў рэгіёне.
Каля паловы трафіку ідзе на сайт з сацыяльных сетак — суполкі УКантакце (5800 удзельнікаў), «Аднакласнікаў» (5000 удзельнікаў), Фэйсбука (2 тысячы ўдзельнікаў).
Дзённая наведвальнасць — каля 6 тысяч «унікальных», паводле Google Analitycs.
Сайт пачаў працаваць у сакавіку 2016 года.
Сайты «Віцьбіч» і «Берасце News», якія працуюць на Віцебск і Брэст адпаведна, але створаны яны значна пазней (2018 год) і пакуль іх папулярнасць у зоне пагрэшнасці.
Асабняком у гэтым шэрагу стаіць Магілёў, дзе прарасійскім сайтам з'яўляецца «Магілёў.бай».
«Нягледзячы на забарону ўладаў, у Мінску адбыўся «Несмяротны полк», «Як правільна насіць георгіеўскую стужку», «Беларускія карнікі на Данбасе даўно не паміралі», «Нацыяналісты ва ўгары» — тыповыя публікацыі на згаданых рэсурсах, якія разбаўляюць нейтральныя інфармацыйныя матэрыялы. Імёны іх аўтараў лёгка гугляцца. Юлія Чырва ўсплывала як прэс-сакратарка Национально-освободительного движения і аўтарка партала sobor.by. Дзмітрый Перс — не толькі аўтар Politring.com і Mogilev.by, Imhoclub.by, Belvpo.com, але і намеснік кіраўніка «Румола». Дзмітрый Ісаёнак — аўтар таксама на Sonar2050.org і Teleskop-by.org, — іншых сайтаў, што выдаюць сябе за беларускія, але існуюць у расійскіх ланцужках. І гэтак далей.
Адкуль ногі растуць?
Імпульсы, у выніку якіх ствараюцца такія мясцовыя сайты, не заўсёды лёгка адсачыць.
У 2015 годзе ў Смаленску прайшла непрыкметная канферэнцыя беларускіх і расійскіх дзеячаў, на якой упершыню прагучала думка аб «неабходнасці стварэння стратэгіі інфармацыйнай бяспекі «Саюзнай дзяржавы», у падмурак чаго мусяць легчы традыцыйныя каштоўнасці і супольныя культурныя звычаі».
Арганізатарамі тады выступілі «Агенцтва аналізу інтэграцыйных ініцыятыў», Аналітычная асацыяцыя Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы і мясцовыя ўлады Смаленска.
З беларускага боку ўдзел бралі збольшага навукоўцы.
У прыватнасці, прарэктар на навуковай рабоце Магілёўскага дзяржуніверсітэта Аляксей Іваноў тады прапаноўваў сінхранізаваць універсітэцкія праграмы краін, бо «трэба арыентавацца на фарміраванне супольнага культурнага поля Расіі і Беларусі, адзінай базы даных, вобразаў і сімвалаў, якія выклікаюць у расіян і беларусаў падобныя інтэлектуальныя і эмацыйныя рэакцыі».
Лейтматывам стала думка, што «Захад атакуе каштоўнасці Расіі і Беларусі», а ў выніковай рэзалюцыі круглага стала прапаноўвалася «развіваць даследаванні формаў міжкультурнай камунікацыі прыгранічных рэгіёнаў РБ і РФ, ствараць інфармацыйныя парталы, ролікі і фільмы, якія транслююць агульныя падыходы ў культурна-гістарычнай сферы і супрацьдзейнічаюць распаўсюду нацыяналістычных настрояў сярод моладзі».
У 2016-м годзе на базе таго ж СмалДУ быў створаны цэнтр вывучэння беларуска-райсійскага памежжа, запрацавала праграма «Рэалізацыя трансгранічнай інфармацыйнай палітыкі», у рамках якой, пры падтрымцы смаленскіх уладаў, запрацаваў сайт «Расійска-беларускае інфармацыйнае агенцтва», якое пераважна піша пра тры ўсходнія вобласці Беларусі і дзве заходнія вобласці Расіі.
Піша ў даволі тэндэнцыйным, прарасійскім ключы, але ў выніку ад актыўнага прасоўвання гэтага агенцтва стваральнікі адмовіліся, абраўшы іншы кірунак.
У красавіку 2017 года спачатку ў Гомелі, а потым у Смаленску прайшоў моладзевы форум «Беларусь і Расія: супольная культурная спадчына», дзе сярод спікераў быў, у прыватнасці, Кірыл Авер'янаў — дзеяч шавіністычнага толку, якому забаронены ўезд у Беларусь.
Ён даволі шчыра і з мінімальнымі ўтойваннямі прадэклараваў намеры арганізатараў: «Апроч Фонду «Народнай дыпламатыі» у Беларусі, па сутнасці, ніхто не працуе ў кірунку прасоўвання расійскай «мяккай сілы». Мы сканцэнтраваныя на культурна-асветніцкай дзейнасці, выдаём кнігі і працуем з экспертнай супольнасцю. Мы сфарміравалі клуб беларуска-расійскіх экспертаў, якія ствараюць станоўчы інфармацыйны парадак, адстойваюць інтарэсы інтэграцыі дзвюх краін, выступаюць у СМІ. Асноўная мэта моладзевага форуму — прыцягнуць аўдыторыю да сюзнага будаўніцтва», — сказаў Авер'янаў таму самаму «Расійска-беларускаму інфармацыйнаму агенцтву».
У хуткім часе смаленскі «Цэнтр інтэграцыйных ініцыятыў» атрымаў грант прэзідэнцкага фонду Расіі, каб працаваць мэтава з прадстаўнікамі беларускіх СМІ, блогерамі і бізнэсам.
Гэтую задачу на сябе ўзяў «Смаленскі цэнтр развіцця журналістыкі», у 2018 годзе ўзнік яшчэ адзін праект для блогераў — «Медыяплатформа».
Глянем на іх актыўнасць. Напачатку 2018 года ў Смаленску арганізаваны «Клуб маладых экспертаў па памежжы», куды былі запрошаныя шэраг беларусаў, у асноўным — студэнтаў з усходу Беларусі.
Сімвалічна, што на першую сустрэчу з лекцыяй прыехаў расійскі прапагандыст Уладзімір Ляпёхін — сябра Зіноўеўскага клуба «Расія сёння», вядомы сваімі матэрыяламі пра «герояў Данбаса».
Лекцыю ён чытаў адпаведную — пра інфармацыйныя войны, а таксама «раскрываў таямніцы сусветнай геапалітыкі».
На аналагічныя лекцыі ў Смаленск масава пачалі запрашаць супрацоўнікаў дзяржаўных газет Оршы, Гомеля, Магілёва і драбнейшых гарадоў рэгіёна. Запрашаліся і дробныя чыноўнікі. А ў Віцебску мясцовая газета з «Агенцтвам інтэграцыйных ініцыятыў» ўвогуле падпісала «дамову аб супрацоўніцтве».
Уплыў такіх семінараў на мазгі ўдзельнікаў дазваляе ацаніць эвалюцыя асобна ўзятага гомельскага блогера Яўгена Валодчанкі.
Малады чалавек, адчуваючы прагу дзяліцца з гэтым светам уражаннямі, у 2016 годзе пачаў весці ютуб-канал, куды заліваў нейтральныя відэа, кшталту справаздач з Добрушскага святкавання «Дня моладзі», дабрачынных акцый і азотных шоу.
Пасля таго як блогера заўважалі са Смаленска і сталі туды запрашаць, ягонае светаўспрыманне рэзка мяняецца.
У сваіх відэа ён пачынае супрацьпастаўляць беларускую мову рускай, факусуе ўвагу на вайне ў Сірыі, а таксама абвінавачвае іншых гомельскіх блогераў.
Валодчанка ўступае ў «Румол» — арганізацыю рускіх нацыяналістаў у Беларусі, якой кіруе Сяргей Лушч.
Чытайце таксама: Ад неанацызму і змагання з «юда-хрысціянскай акупацыяй» да студыі Давыдзькі: спецматэрыял пра кіраўніка «Румола» Сяргея Лушча
Цяпер Валодчанка здымае відэаапытанкі для таго самага сайта «Наш Гомель».
Цікава, што пачатак работы гомельскага хлопца на расійскі праект супаў па часе са стартам работы брэсцкага сайта «Берасце News» — супадзенне ці павелічэнне фінансавання «з цэнтра»?
Хто ж кіруе «Нашым Гомелем»?
З дапамогай спецыяльных інструментаў мы выявілі адміністрацыю прынамсі суполкі сайта «УКантакце» — кіраўніком аказалася Таццяна Сыч.
Высветлілася, што яна — актыўная ўдзельніца семінараў па лініі «Цэнтра інтэграцыйных ініцыятыў» для журналістаў.
Яе муж Андрэй Сыч — таксама актывіст «Румола».
Выглядае, што асноўная работа «інтэгратараў» са смаленскага цэнтра вядзецца праз грамадскія аб'яднанні. У прыватнасці, пагадненне аб супрацы з «Цэнтрам інтэграцыйных ініцыятыў» мае магілёўскае сацыяльна-культурнае таварыства «Наследие».
«Наследием» кіруюць супрацоўнікі магілёўскага «Беларуска-расійскага ўніверсітэта» — Ірына Хадкевіч і Віталь Арцёмчык.
Расійская сімволіка ўвогуле суправаджае дзейнасць «Наследия» паўсюль. Так было, напрыклад, на сёлетнім святкаванні Дня перамогі ў горадзе — дзе б яны ні з'яўляліся, тут жа ў руках людзей з'яўлялася сімволіка суседняй дзяржавы.
Афіцыйныя СМІ рэгіёна пасля актывізацыі дзейнасці расійскіх структур павялічылі інфармацыйнае суправаджэнне падобных «міжнародных» мерапрыемстваў.
Цікавай таксама выглядае методыка наладжвання кантактаў расійскіх фондаў з беларускім бізнэсам.
Як прыклад — спроба знаёмства з кіраўніцтвам «Вітэкса» пад выглядам «узнагароджвання за годнае месца па выніках апытання».
Аналагічным чынам Расія дзейнічала ў Крыме і Данбасе, ствараючы і прасоўваючы арганізацыі, скіраваныя на размыванне нацыянальнай ідэнтычнасці.
Юрыдычны аспект
Сыходзячы з існага заканадаўства, работа ананімных сайтаў у Беларусі не забароненая.
Як патлумачылі «Нашай Ніве» у Міністэрстве інфармацыі, такая сітуацыя захаваецца нядоўга.
«Калі рэдакцыя зменаў у Закон (у патрэбнай частцы) будзе прынятая без зменаў, то там будзе такі пункт аб неабходнасці ўладальнікаў інфрамацыйных рэсурсаў пакідаць свае дадзеныя, нават калі яны знаходзяцца не ў даменнай зоне.by. І будзе так, што калі ананімны сайт, які размяшчае інфармацыю пра Беларусь, не апублікуе звестак аб уладальніках, то мы зможам абмяжоўваць да яго доступ», — сказалі нам у Міністэрстве.
Часнок у тэлескопе
Гаворачы пра сайты, якія кіруюцца людзьмі, што сябе хаваюць, і фінансуюцца з няясных крыніц, варта згадаць яшчэ некалькі.
Мяркуючы па ўсім, грошы на іх работу выдаюцца «па іншай лініі», але з той жа самай скарбонкі.
Напрыклад, «Часнок.бай» — рэсурс трымае ў фокусе Беларусь і піша толькі пра яе. Гэты сайт вядомы метадычным ачарненнем беларускай інтэлігенцыі ад Глеба Лабадзенкі да Святланы Алексіевіч. Рэсурс даволі спецыфічны, з выразным непрыманнем усяго беларускага, які, аднак, мімікруе пад беларускі сайт.
Хто ж яго вядзе?
Хаця сайт знаходзіцца ў даменнай зоне.by, уласнік сябе не афішуе. Праўда, яго асобу мы ўсё адно высветлілі — гэта расіянін Глеб Дзееў.
Чалавек заблытанага лёсу, які прыканцы 90-х паспеў папрацаваць на шэрагу маскоўскіх радыёстанцый, быў вядучым «Рускага радыё».
Потым захапіўся клубнай музыкай і стаў дыджэем, але пасля пажару, у якім загінуў яго сябар, сышоў у манастыр.
З манастыра, аднак, ён выйшаў хутка і падаўся… у Адэсу працаваць там настаўнікам рускай мовы і літаратуры.
Дзееў захапляецца шызоіднымі ідэямі «КОБ» — «Канцэпцыі грамадскай бяспекі». (Некалі мы ўжо пісалі пра прыхільнікаў «КОБа» — яны вераць у рэптылоідаў і «глабальны надіудзейскі прэдыктар», асобныя нават чытаюць лекцыі беларускім ідэолагам:
Чытайце: «З 1991 года наша краіна акупаваная». У інтэрнэт трапіла шакуючае ВІДЭА семінара для беларускіх ідэолагаў
Далей Дзееў вярнуўся ў Расію, стварыў сайт «Часнок.бай» пра Беларусь — хаця ў Беларусі быў усяго пару разоў, дый і тое па клубнай лініі, яшчэ дыджэем.
Якая яму справа да нашай краіны?
На гэтае пытанне «Нашай Нівы» Дзееў адказаў расплывіста: «Перад намі стаяць аднолькавыя выклікі», сваё кіраванне сайтам пацвердзіў.
За вярбоўку журналістаў унутры краіны, якія згодныя пісаць на «Часнок» у патрэбным духу, адказвае шэраг апалагетаў «КОБа» у Беларусі.
Фінансавая дзейнасць, пры гэтым, вядзецца даволі нязграбна — як расказала «Нашай Ніве» адна студэнтка журфака, якая ў маладосці напісала пару артыкулаў на «Часнок», ганарар пералічваецца наўпрост на карту без якой бы ні было дамовы.
Яшчэ адзін сайт з гэтага ж шэрагу — «Тэлескоп». Пра гэты сайт можна расказаць у адным сказе: яго рэдагуе той самы згаданы вышэй Кірыл Авяр'янаў.
Авяр'янаў адмовіўся ад беларускага грамадзянства і прыняў расійскае, што яскрава характарызуе і ідэалогію гэтага рэсурсу. Да рэдагавання ён прыцягнуў заходнерусіста-ветэрана Льва Крыштаповіча.
Наведвальнасць «Тэлескопа» знаходзіцца ў зоне пагрэшнасці, але ўласнікі маюць грошы, каб праплочваць рэкламу ў сацыяльных сетках.
Чытайце таксама: Шпакоўскі, Дзермант і «быдло шкловское» — як беларускія дзеячы клянчылі грошы ў Расіі
Варта адзначыць, што беларускіх патрыятычных арганізацый, кшталту ўмоўнай «Арт-сядзібы», у рэгіёнах Беларусі мала, сістэмнай дапамогі ім з боку дзяржавы няма.
Часам здаецца, што дзейнасць арганізацый тыпу «Румола» зводзіцца да раздачы георгіеўскіх стужак, а Цэнтры расійскай культуры і навукі абмяжоўваюцца прывозам расійскіх лектараў. Узнікненне ўсё новых інтэрнэт-сайтаў пэўнай скіраванасці паказвае, што не ўсё так ціха.
Каментары