Культура66

Настаўніцы топлес і азбука для курцоў: новая выстава ў Нацыянальнай бібліятэцы

Сёлета з падачы Нацыянальнай бібліятэкі адзначаем 400-гадовы юбілей першага буквара. Такі Буквар у 1618 годзе ў Еўі недалёка ад Вільні выпусціла праваслаўнае віленскае брацтва Святога Духа. І хай, па сутнасці, гэта быў не першы ў свеце буквар (раней была, напрыклад, львоўская азбука Івана Фёдарава 1574 года), але ж па назве — першы!

Нацыянальная бібліятэка ўжо паказвала беларускія буквары, а цяпер адкрыла выставу буквароў народаў свету. Зазірніце на паўгадзінкі, яно таго вартае.

Выстава створана на аснове гіганцкай калекцыі буквароў Юрса Цыбульса. Цыбульс — грамадзянін Латвіі, ураджэнец Латгаліі. Карэнне для яго грае першасную ролю, гэта відаць па ўсім. Напрыклад, у сваёй біяграфіі ўказвае дзве формы ўласнага імені: афіцыйную латышскую «Юрыс» (Juris Cibulis) і родную латгальскую «Юрс» (Jurs Cybuļs).

Фота з сайта Нацыянальнай бібліятэкі

 «Дыялекты, гаворкі — гэта палітычнае пытанне. Калі нешта аб’яўляюць дыялектам, то далей на падтрымку гэтага дыялекту дзяржава павінна даваць грошы, вось у чым справа», — кажа ён. На думку калекцыянера, усё гэта мовы, якія розняцца адно колькасцю носьбітаў. І ў кожнай мовы, канечне, свой буквар.

У носьбітаў малых моў могуць быць усяго дзве кнігі — буквар і Біблія, кажа Цыбульс. «Для многіх народаў Біблія — гэта нешта чужое, — кажа ён. — Чужыя сюжэты, прынесеныя чужынцамі на іх землі. А буквар — гэта мілае, роднае, сваё».

Фота з сайта Нацыянальнай бібліятэкі

На адкрыцці калекцыянер сыпле фактамі. Самыя складаныя мовы ў свеце: мова індзейцаў чыпева — бо мае 12 тысяч форм дзеясловаў, англійская — бо надта многа у ёй шматзначных слоў, мандарынская — бо сэнс прамоўленага заўжды залежыць ад інтанацыі — Юрс Цыбульс тут жа гэта дэманструе. Самыя кароткія алфавіты ў свеце: напрыклад, гавайскі — з 13 знакаў; у такіх мовах, аднак, надзвычай доўгія словы.

«А ў грузінскай мове няма вялікіх літар! Таму калі мы ўсе вучылі ў савецкай школе, што ў нас ёсць Латгалія — малая радзіма, і мы пішам яе з малой літары, і вялікая Радзіма, якая з вялікай — грузіны гэтага ўсяго не вывучалі!»

Буквар любога народу апісвае паўсядзённасць, традыцыі, звыклае атачэнне. У гэтым яго гістарычная і культурная значнасць. Выстава не дазваляе зазірнуць унутр — кніжачкі пад шклом — аднак і вокладкі самі па сабе ўжо вельмі красамоўныя.

Па буквары — часта нават па вокладцы — можна пабачыць, як у якіх народаў арганізаваны працэс навучання. Так, ёсць народы, весяліцца Цыбульс, у якіх настаўнік перад вучнямі заўжды топлес. Такі звычай — адпаведная і карцінка ў кнізе.

1400 буквароў занялі ўвесь Музей кнігі. Кніжкі расстаўленыя па кантынентах, унутры кантынентаў — па дзяржавах. Усяго прадстаўлена 587 моў і народаў. Сумная бедная Афрыка, яркая адкрытая Індыя, стрыманыя і мінімалістычныя буквары паўночнаамерыканскіх індзейцаў.

Такое падарожжа вакол свету.

Апрача замілавання разнастайнасцю, выстава выносіць навонкі мноства даследчыцкіх пытанняў. Што такое дзяцінства ў вымярэнні розных культур і эпох? Калі ў еўрапейскую культуру прыйшло дзяцінства ў сучасным разуменні? Як выхоўвалі буквары, створаныя метраполіямі для калоній? Як адукацыя становіцца палітычным інструментам пры навучанні дарослых у нашы дні?

Апрача буквароў сусветных, на выставе ёсць сабраныя і буквары беларускія — за апошнія паўтара стагоддзі. Гэта ўжо з фондаў Нацыяналкі. Тут таксама ёсць на што глянуць: настойлівыя 1910-я, дзёрзкія 1920-я, дзікія 1930-я… І зусім нядаўняе школьнае мінулае — наша і нашых бацькоў.

«Сёлета ўжо ў 50-ы раз беларускія школьнікі будуць вучыцца па буквары Анатоля Клышкі», — адзначае намеснік дырэктара бібліятэкі Алесь Суша. Факт прымусіў задумацца: традыцыя традыцыяй, але як жа асноўны букварны прынцып — адлюстроўваць звыклую паўсядзённасць? Ці ж мо ў нас за паўвеку нічога не змянілася?..

Выстава дзейнічае да 15 верасня ў Музеі кнігі (пакой 347) Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Каментары6

Цяпер чытаюць

«Лукашэнка на мінімалках». «Беларускі каханак усяе Русі» стаў кумірам жаночага тыктока1

«Лукашэнка на мінімалках». «Беларускі каханак усяе Русі» стаў кумірам жаночага тыктока

Усе навіны →
Усе навіны

Беспілотнік атакаваў консульства ЗША ў Дубаі ВІДЭА

Трамп заявіў, што вайскоўцы ЗША могуць пачаць суправаджаць танкеры ў Армузскім праліве2

Каля берагоў Лівіі загарэўся расійскі танкер3

У Калінінградзе дэмантавалі рэкламу па-беларуску. Кажуць, што за кампанію з іншай на замежных мовах10

Ананімнасці ў сеціве больш няма: ШІ знаходзіць рэальных людзей за хвіліны8

«Беларусы і ў Дубаі беларусы». Як суайчыннікі арганізавалі дапамогу тым, хто не можа вярнуцца дамоў праз закрытае неба3

Бізнэсмен, асуджаны за махлярства ў Мінску, адкрыў школу ў Варшаве. У пэўны момант бацькі забілі трывогу2

«Пад канец адпачынку даведаліся, што тут няма сховішчаў». Беларусы, што знаходзяцца ў ААЭ, расказалі, як ім там цяпер1

Трамп заявіў пра спыненне гандлю з Іспаніяй, бо тая не дазволіла карыстацца сваімі вайсковымі базамі18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Лукашэнка на мінімалках». «Беларускі каханак усяе Русі» стаў кумірам жаночага тыктока1

«Лукашэнка на мінімалках». «Беларускі каханак усяе Русі» стаў кумірам жаночага тыктока

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць