Грамадства55

«Самым сінім быў Генадзь». Як экс-падпалкоўніка збілі за ўдзел у пратэстах

Генадзь Майсейчык больш за дваццаць гадоў праслужыў у міліцыі: пачынаў участковым, працаваў з непаўналетнімі, даслужыўся да падпалкоўніка і пасады намесніка начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Маскоўскага РУУС Мінска. А ў ліпені 2023 года сам апынуўся ў руках былых калег — збіты, з паламанымі рэбрамі, у перапоўненым карцары на Акрэсціна.

Генадзь Майсейчык

Менавіта там яго сустрэў былы журналіст і палітвязень Ігар Карней. Яны спалі побач на бетоннай падлозе, уціснутыя паміж іншымі вязнямі. Карней узгадаў пра свайго былога сукамерніка ў фрагменце сваёй будучай кнігі.

«Паўтараў, што ніколі не даруе»

17 ліпеня 2023 года Ігар Карней пасля ператрусу, затрымання і допыту трапіў у ізалятар на Акрэсціна. Карцар, разлічаны на аднаго чалавека, быў перапоўнены: на пяці з паловай квадратных метрах знаходзіліся дзесяць вязняў.

У некаторых на целе заставліся сляды збіцця. Але найбольш пацярпелым, паводле ўспамінаў Карнея, выглядаў Генадзь:

«Самым сінім быў Генадзь, які пры кожным уздыху з балючай грымасай хапаўся за пераломаныя рэбры».

Паводле таго, што Майсейчык расказваў у камеры, яго затрымлівалі цэлым аўтобусам «касманаўтаў». Падчас затрымання сілавікі збілі ягонага сына, а калі бацька кінуўся яго абараняць, пачалі біць і самога Майсейчыка — дубінкамі, нагамі і кулакамі.

«Паўтараў, што ніколі не даруе — разам на горкі яблык збілі і безабароннага сына-інваліда», — узгадвае Ігар Карней расповеды сукамерніка.

Пасля збіццё працягнулася ў будынку РУУС, у кабінеце, дзе некалі працаваў сам Майсейчык.

Больш за дваццаць гадоў у міліцыі

Генадзь Майсейчык нарадзіўся 25 мая 1974 года і прыйшоў у міліцыю не пазней за 1994-ы. Большая частка ягонай кар’еры, па інфармацыі з базаў Belpol, была звязаная з аховай грамадскага парадку і працай з непаўналетнімі.

У жніўні 1994 года Майсейчык працаваў участковым інспектарам Ленінскага РУУС Мінска. Праз год перайшоў у інспекцыю па справах непаўналетніх. Быў участковым, пасля старшым участковым інспектарам, а ў 2001 годзе ўзначаліў інспекцыю па справах непаўналетніх Ленінскага РУУС.

Пазней Майсейчык перайшоў у Маскоўскае РУУС. На пачатак 2015 года ён займаў пасаду намесніка начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі і меў званне падпалкоўніка міліцыі.

Яго звольнілі з працы ў чэрвені 2015 года. У базах запісана, што падставай стаў прагул.

У архіве сайта адміністрацыі Маскоўскага раёна захаваўся ягоны каментар пра хатні гвалт. Ад імя міліцыі Майсейчык заклікаў пацярпелых не маўчаць і папярэджваў, што сямейныя канфлікты могуць заканчвацца асабліва цяжкімі злачынствамі.

«Ніякі гвалт у сям’і не можа быць апраўданы», — гаварылася ў той публікацыі.

Гену зламалі насавую перагародку

Паводле пераказу Ігара Карнея, у 2020 годзе Генадзь Майсейчык выходзіў на акцыі пратэсту. Яго нібыта зафіксавалі відэакамеры, але прыйшлі па былога міліцыянта толькі праз тры гады: яго затрымалі ў Мінску 12 ліпеня 2023 года. 

Праз пяць дзён пасля затрымання Майсейчыка ў той жа карцар на Акрэсціна трапіў Ігар Карней. «Гену, мяркуючы па ўсім, зламалі і насавую перагародку, храп на вышэйшых дэцыбелах», — згадвае ён.

Паводле Карнея, пасля Акрэсціна Майсейчыка адправілі ў Жодзіна, а пазней сукамернікі зноў пабачыліся на Валадарцы.

21 верасня 2023 года суд Першамайскага раёна Мінска прызнаў Генадзя Майсейчыка вінаватым па народным артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу і прызначыў яму тры гады хатняй хіміі.

Праз год пазбавілі звання

Але прысудам гісторыя не скончылася. У лістападзе 2024 года прозвішча Майсейчыка з’явілася ва ўказе Лукашэнкі аб пазбаўленні былых сілавікоў воінскіх і спецыяльных званняў.

Улады заявілі, што людзі са спіса ў 2020 годзе здзейснілі дзеянні, «несумяшчальныя са статусам вайскоўца». Генадзя Майсейчыка пазбавілі звання падпалкоўніка міліцыі запасу.

Каментары5

  • Так!
    25.07.2026
    Пра гэта нада трубіць з кожнай вежы. Сьвет не павінен забываць пра фашысцскую хунту лукашэнкі.

    [Зрэдагавана]
  • хм
    25.07.2026
    [Рэд. выдалена]
  • Хм
    25.07.2026
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Беларускі кладаўшчык са свастыкай на плячы лячыўся ад алкагалізму ў Сібіры і пайшоў ваяваць за Расію, а застаўся без выплат і працы4

Беларускі кладаўшчык са свастыкай на плячы лячыўся ад алкагалізму ў Сібіры і пайшоў ваяваць за Расію, а застаўся без выплат і працы

Усе навіны →
Усе навіны

«Стамілася ад Польшчы — еду ў Германію». Беларуска жыве ў адной краіне, але кожны дзень ходзіць на пары ў іншую6

Цэлае мора журавін. Як на Палессі збіраюць ураджай2

Гэты малады беларус стаяў ля вытокаў ChatGPT. Вось што ён зрабіў9

Ідэю запаволіць працу Starlink ва Украіне прапанаваў Трампу Маск — Telegraph13

Агуркі па 20 рублёў, баравікі — па 100. Ці варта ехаць на Камароўку ў кастрычніку?2

Беларускую пару на роўным месцы аштрафавалі на французска-швейцарскай мяжы на 17500 еўра29

Шыкоўны гатэль у Мінску прапаноўвае імерсіўную вячэру са старажытнымі беларускімі стравамі — як гэта выглядае?8

«Атрымліваю 10 тысяч за месяц, але ўсё роўна мару аб кватэры»2

На фронце загінуў былы гулец зборнай Украіны па футболе Раман Максімюк

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларускі кладаўшчык са свастыкай на плячы лячыўся ад алкагалізму ў Сібіры і пайшоў ваяваць за Расію, а застаўся без выплат і працы4

Беларускі кладаўшчык са свастыкай на плячы лячыўся ад алкагалізму ў Сібіры і пайшоў ваяваць за Расію, а застаўся без выплат і працы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць