Грамадства1111

«Пацалавалі браму». Берасцейцы раскрытыкавалі арганізацыю сямейнага фэсту з Artik & Asti, арганізаванага «Савушкавым»

Канцэрт да 50‑годдзя кампаніі «Савушкаў» у Брэсце чакалі многія гараджане. Але частка гледачоў у выніку засталася за плотам, людзі таксама скардзіліся на цісканіну.

На свой юбілей і да Дня горада ў Брэсце «Савушкаў прадукт» зладзіў ужо традыцыйны фестываль з конкурсамі і актыўнасцямі для дзяцей і бацькоў, фотазонамі і канцэртам.

Сёлета хэдлайнерам мерапрыемства стаў папулярны гурт Artik & Asti — першапачаткова ўкраінскі дуэт, які цяпер працуе ў Расіі.

Мерапрыемства было бясплатным, са свабодным уваходам, і гэта па выніку і прывяло да праблемы, бо за плот стадыёна побач з паркам, дзе і разгарнулася вечаровая частка праграмы, змаглі патрапіць далёка не ўсе ахвотныя.

Частка жадаючых трапіць на канцэрт Artik & Asti Скрыншот з відэа ў Threads

«Мы прыехалі з іншага горада ў кампаніі з васьмі чалавек, адстаялі ў чэргах велізарную колькасць часу і пацалавалі браму», — падзялілася ўражаннямі ад арганізацыі фэсту адна з беларусак.

Па словах відавочцаў, ахова пры гэтым ніяк не спрабавала вырашыць пытанне.

«Гэта была проста жудасная цісканіна — немагчыма было ні зайсці, ні выйсці. Я звярнулася да аховы з просьбай разабрацца ў тым, што адбываецца, на што ў адказ пачула: «Разварочвайся і сыходзь». Я патлумачыла, што фізічна не магу выйсці з гэтага натоўпу».

Адна з маленькіх наведвальніц, па словах яе маці, атрымала на месцы траўму: «Хлопец спрабаваў праз падстрэшак пралезці, і яго АМАП здымаў. У выніку падчас затрымання павалілі маю пяцігадовую дачку. Меддапамога, дарэчы, была толькі на стадыёне. Мы дома, а заўтра ў шпіталь».

«Мы стаялі першымі і праходзілі практычна першымі, як пачалі пускаць у 20, але ўжо тады практычна ўсе месцы былі занятыя. І мы нідзе не селі», — расказваюць тыя, хто здолеў-такі трапіць за плот. «Але атрымліваецца, што першымі зайшлі працаўнікі «Савушкава», а ўсім іншым месца ўжо не хапіла. Так што гэта канцэрт выключна для супрацоўнікаў».

Частка людзей забралася на бытоўкі і глядзела канцэрт адтуль. Скрыншот з відэа ў Threads

Некаторыя лічаць, што наступстваў і негатыву можна было б пазбегнуць, калі б арганізатары прапанавалі анлайн-рэгістрацыю.

«Мы жывём у 21 стагоддзі. Можна арганізаваць анлайн-рэгістрацыю: хто паспеў, той і пайшоў на канцэрт. Свята анансавалася як частка Дня горада, а не як карпаратыў для набліжаных на віп-месцах ля сцэны.

Я заўсёды дзіўлюся, як хутка забыліся ўрокі Нямігі… Мы стаялі і не разумелі, ці будуць пускаць далей, ці ўжо ўсё. Мала таго, калі адной дзяўчыне стала дрэнна ў натоўпе, яе таксама не прапусцілі ўнутр, супрацоўнікі хуткай жа да яе не прыйшлі».

Іншыя ж мяркуюць, што прыйшоў час выходзіць на больш буйныя пляцоўкі, калі «Савушкаў» плануе далей запрашаць папулярных артыстаў: стадыён змяшчае ўсяго тры тысячы чалавек, і яго ўжо не хапае.

Хаця некаторыя беларусы заўважылі, што частка тэрыторыі стадыёна заставалася незапоўненай, але людзей усё роўна не пусцілі. Існуе меркаванне, што гэта было зроблена ў мэтах бяспекі падчас агнявога і лазернага шоу.

Разам з тым частка гараджан, хто трапіў на канцэрт, былі задаволеныя.

Запоўненыя трыбуны на стадыёне. Фота з Threads

«Зачынілі браму, мабыць, таму што больш гледачоў запускаць было небяспечна. Сярод людзей не каля сцэны былі звычайныя жыхары Брэста і госці. Мяркуючы па тым, што нават пад запрошанымі гасцямі каля сцэны на полі ляжала ахоўнае пакрыццё, то яго нельга было таптаць. Імпрэза класная, проста не ўсім пашанцавала трапіць», — сталі на абарону арганізатараў некаторыч гледачы.

Тут можна пабачыць, што футбольнае поле спецыяльна абаранялі ад вытоптвання. Фота з Threads.

Каментары11

  • Jean Jacques Stern
    25.07.2026
    в Бресте народ - особо потерпевший от социализма с человеческим лицом .
    На все советские юбилеи прёт , сбивая друг друга , сшибая всё на своём пути , ломая руки и ноги , топча газоны .
    И всё для того , чтобы хоть одним глазком глянуть на концерт ,,звёзд,,
  • пацалаваць у прабой
    25.07.2026
    «Пацалаваць прабой» (або «пацалаваць у прабой») — гэта беларускі фразеалагізм, які азначае застацца ні з чым, пайсці дахаты з пустымі рукамі, не застаўшы патрэбнага чалавека дома або пацэлаваць зачыненыя дзверы.

    Значэнне і паходжанне
    • Прабой — гэта металічная дужка ці пятля на дзвярах, у якую ўстаўляецца замок або клямка.
    • Выраз узнік у народным побыце: калі чалавек прыходзіць у госці ці да кагосьці па справах, а дома нікога няма і дзверы зачыненыя на замок, яму прыходзіцца «цалаваць прабой» і вяртацца назад.

    Падобныя выразы
    • Пацалаваць клямку.
    • Пацалаваць замок.
    • Зварочванне ні з чым.
  • Кнур
    25.07.2026
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Рэдкі выпадак: памілаваны беларускі палітвязень пайшоў на вайну супраць Украіны19

Рэдкі выпадак: памілаваны беларускі палітвязень пайшоў на вайну супраць Украіны

Усе навіны →
Усе навіны

Мінчанка з цяжкім захворваннем не можа вазіць сына ў школу — патрэбная дапамога4

Генпракурор: За паўтара года па палітычных крымінальных справах асудзілі 2500 чалавек14

Люксавы мінскі рэстаран Veras i Kolas, у якім працуюць зорныя шэф-кухары Навіцкі і Чарыеў, круціць рызыкоўныя аперацыі9

У Беларусі хочуць адмяніць штогадовыя дэкларацыі аб даходах чыноўнікаў8

Сібіга: У дзень нараджэння Пуціна расійскія генералы паднеслі яму ягоны любімы падарунак3

42‑гадовага Дзмітрыя Бакея асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»

Аляксандра Таратуту, якога тры гады таму асудзілі за забойства трохгадовага сына, расстралялі15

Новыя магістралі і мост цераз Дразды. Якой будзе дарожная сетка на поўначы Мінска

Статкевіч: Сапраўдная мэта вайны ва Украіне — ліквідацыя ўкраінцаў як нацыі24

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Рэдкі выпадак: памілаваны беларускі палітвязень пайшоў на вайну супраць Украіны19

Рэдкі выпадак: памілаваны беларускі палітвязень пайшоў на вайну супраць Украіны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць