«Праблема «саўкоў» не ў тым, што яны хочуць назад у СССР»
Досыць перагледзець савецкія ж кінафільмы, каб успомніць, якім панылым было савецкае жыццё, піша чытач НН Міка.
Праблема «саўкоў» не ў тым, што яны хочуць назад у СССР. Праблема «саўкоў» у тым, што яны хочуць, каб і астатнія зноў жылі гэтак жа, як яны.
А лепш — усё-ткі крышачку горш: і за сценку давалі зверху стольнік, а яны толькі пяцьдзясят, і ў святы б елі «малочную», а яны — сыравэнджаную, і ездзілі б на «масквічах», а яны — на «жыгулях», і марозіва б куплялі малочнае, а яны — сметанковае…
Яны выдатна ўсведамляюць, што свет тады быў шэры, панылы і ўбогі — досыць перагледзець савецкія ж кінафільмы, якія зусім не паклёпнічалі на рэжым.
«Іронія лёсу»: мэблевы гарнітур толькі за хабар, французскія духі — гэта нешта неймавернае, Іпаліт хваліцца — у яго ёсць дублёнка і машына.
«Самая чароўная і прывабная»: джынсы 150 рублёў у спекулянта, «жыгулі-сямёрка» — супермашына, але затое газіроўка бясплатная і ў пінг-понг можна гуляць хоць да пасінення: праца не воўк, нікуды не збяжыць.
«Вакзал для дваіх»: калі ў цябе ёсць відэамагнітафон — ты кароль, жыццё ўдалося. Але ў рэстаран — ці «на лапу» швейцару, ці па знаёмстве.
Пральную машыну купіць — па знаёмстве ці па запісе. Потым яшчэ пашанцуе, калі яна працаваць будзе, як мае быць.
Тэлевізар — або з вітрыны, killed in assembly і падшаманены наўпрост у краме, або чакай па запісе. Зноў жа, калі паламаць — дзе ўзяць запчасткі, бо нашто ж рабіць запчасткі, якія не ідуць у план, калі з іх можна сабраць яшчэ адну адзінку тавару «ў план»?
Але затое можна было ганарыцца. О так! Не космасам, не мірнымі ініцыятывамі і ўжо, вядома, не дапамогай усякім брацкім Самалі і Еменам, якія нават не заўсёды на карце знойдзеш. Я вас малю — гэтым ганарыліся толькі ў «Праўдзе» і навінах па першым (і шмат дзе адзіным) канале.
Ганарыліся — джынсамі, імпартным ботамі, усякай дэфіцытнай фігнёй тыпу нейлонавых кашуль, якія добра калі раз апранаў, усякай неайчыннай мэбляй — і яна рэальна выглядала як мэбля, а не кашмар дызайнера, усім, што можна было памацаць, на стол паставіць — але так, каб у астатніх не было, а было толькі ў цябе.
Дэфіцыт прайшоў, а жаданне памерацца нікуды не дзелася, у адрозненне ад магчымасцяў. Што робіць нармальны чалавек? Змяняе стаўленне да сітуацыі. Што робіць «савок»? Спрабуе спіхнуць навакольных у бруд, каб самому ў белым красавацца.
P.S. 1979 года нараджэння, вялікай сталовай лыжкай, вядома, не сёрбаў, але так, чайная таксама дасталася. Вось жонка, родам з закрытага горада — паспела пасёрбаць і вялікай — чаго варты хоць бы дазвол на тое, каб купіць білет на цягнік? Сур'ёзна. Без дурняў. Няма дазволу — з горада тупа не з'едзеш.
Каментары