Культура

Аркадзь Ліцьвін. Воўчая харугва, альбо Тэп-тэп-тэп!

з аповедаў ля канфэдэрацкага вогнішча

Якое гэта дабрадзейства Божае — вогнішча! І апоньча во — сухая, і сам… А было ж — абаіх хоць выкручвай! Нездарма продак мой Мікола казаў, што зь пісталетам і крэсіва не патрэбнае. Умомант распалілі. Зь іншага боку, Міколу ўзгадаўшы, як на тое глянуць! Расклаў бы сваім часам цяпельца, можа, і ня меў бы тых клопатаў, але ж, полымем здрадзіўшыся, і ў палон да маскалёў было недалёка.

А што ты, сыне-браце, узіраесься ў мяне як кот на подмазку? Цікава табе? А няма таго разуменьня, што чалавек у гадах, горла яму пашэрхла, у плечы сьцюдзёна і да гарачкі блізка? Біклажка, пэўна ж, не парожняя?.. Ну во! Зусім іначай сьвет глядзіцца: і зоркі буйнейшыя, і дым у вочы ня лезе, належыць і ад мяне ўдзячнасьць… Ай, які прысачак прападае! Сама рэпу ці карпа ў гліне запякаць. Але ж няма ні аднаго ні другога, дый гліну яшчэ шукаць давялося б…

Дык было так. Бліжэй Менску, а там ня так саксонцы, як маскалі дапякалі, мелася харугвачка памяняць дысьлякацыю. Занадта іх аблажылі. Мелі, значыць, нашы абозік на тры вазы. Стаялі ў добрым месцы: узьлесак сухога бору, побач палянка, якраз на выпас, але трэба сыходзіць. Каб зручней прасьлізнуць, камэндант вырашыў у суседнім маёнтку маскалёў пацерабіць. Мікола казаў — «вароты расчыніць».

Выбралася таварыства, а Міколу, дзеля раны ў сядло непрыдатнага, пры абозе пакінулі: ведалі — і адзін управіцца. А сярод усялякага вайсковага майна ды прыладзьдзя мелі на вазах некалькі барылачак гарэлкі. На рознае ўжывалася, але заўжды пад наглядам гаспадарчага. Быў ён дбайны і непітушчы, ды ад пэўнага ўжо часу, вярнуўшыся з сутычкі, пачаў заўважаць у барылцы чоп патурбаваны. І гарэлкі менела (на кожную барылку была ў яго заведзёнка на кіёчку адмысловы зарэз рабіць). І ніхто ня мог даўмецца, як гэта здараецца, бо вартавы цьвярозы і духу ў вуснах ня мае. Вырашылі, што прыдрэмваюць — хлопцы і нехта мімаходзь ласуецца. Так справа і не праясьнілася, аж пакуль мой продак пры абозе не застаўся самотным вартаўніком.

Вартаваць давялося доўга: дзень, ноч і яшчэ дзень, бо таварыства пасьля сутычкі мусіла параненых па дварах уладкоўваць. Але ўсе, богу дзякаваць, жывыя засталіся, толькі вось зь вяртаньнем у табар прыпазьніліся.

Ды, вярнуўшыся, табару на старым месцы не знайшлі і шукалі яшчэ дзень. А дарогай давялося па лесе коней зьбіраць, у табары пакінутых, гаспадарчых, бадзяліся яны па лесе бяз ладу і нагляду. Але настрой ва ўсіх добры, бо ворага патурбавалі, увагу ягоную ў патрэбны бок скіраваўшы, і мелі шлях адыходу надзейны і зручны. Ну, пакуль дзень, то і справы, а вечарам, звычаем, ля вогнішча. Хто шаблю вострыць, хто вопратку, у сечы распоратую, зашывае, хто проста ляжыць на гуньцы ды ў цёмнае неба ўзіраецца, пра пакінуты дом думаючы, каб сьвятлом вачэй не псаваць. Пасьля такой прыгоды хацелася таварыству адзначыць перамогу. Здабычу мелі — чару вялізную, срэбную, выключнай прыгажосьці. З магнацкіх сховаў да маскалёў трапіла, няйначай. Вось толькі гарэлкі ў табары засталося менш, чым у тую чару за адзін раз лезе. Тут і прыйшла пара Міколу расказаць усё па парадку.

Пачаў ён ад улюбёнай прымаўкі:

Я табе ку, пане-браце, прыгода нязвыклая! Ляжу гэта я вось гэтак жа тым вечарам, ужо зьмяркаецца, і раптам чую: «Тэп! Тэп! Тэп!» Падняў галаву: божа мілы, ідзе з гушчару ваўчыдла, з добрую цялушку, ня меншы. Аднаму дык даў бы рады, але ж за ім яшчэ вочы сьвецяцца! Ну, я з воза за галіну ўхапіўся ды на клён. Там не дастануць. Коні спудзіліся, заржалі ды ў галоп. Слабейшага гайня, дагнаўшы, на маіх вачах зарэзала. Але слухайце, што далей. Ідзе, я табе ку, той першы да воза, прынюхваецца. Чоп з барылкі зубамі выцягвае і смокча. Ды так, падла, смокча, што па лесе рэхам аддаецца! Напіўся, аблізаўся. Язык з паўаршына, ня меней, іклы ў пашчы ў мой палец. Аблізаўся, хвастом варухнуў і адступіўся. Рыкнуў па-свойму, то наступны тут жа. І так адзін за адным: насмокчацца, хвастом варухне, задаволены, і адыходзіць. І раптам, я табе ку, той першы задзірае галаву і кажа: «Злазь, Мікола! Я ж ведаю, што і табе хочацца. А пагрэбуеш нашым таварыствам, то мы цябе разам з тым жарэбчыкам на закусь пусьцім. Акурат на ўсіх пакаштаваць хопіць». Хіжакі тым часам сапраўды за каніну ўзяліся. Я ў адказ: «Не дастанеце!» Але і на гэта шэры меў сваё: «Не пагодзісься — горш будзе: зачаруем на ваўкалака і будзеш з намі бегаць!»

Спужаўся Мікола: што зь несьмяротнай душою стане? Які там чысьцец — проста ў апраметную на вечныя пакуты! А хто паручыцца, што гэтыя мачыморды не ваўкалакі? А ваўкам найперш ішло, каб другую барылку зручней пакласьці ды першую крыху нахіліць. Ваўчынай жа лапе гэта нязручна, ці нязлапна, калі дакладней казаць. Пакляўся воўк, што не зачэпяць, калі паслужыць па-людзку, і мусіў паверыць Мікола.

— Зьлез, я табе ку, проста ў зграю. Дрыжу так, што нагавіцы ледзь на пузе трымаюцца. Гэта ж табе не з чалавекам, зброю ў руцэ маючы, а зь цёмнай сілай дачыненьне! Крыж на сябе кладу ды іду да барылак як на драўляных нагах. Зьліў, што засталося, зь першай у вядзерца. Для анімушу сам прыклаўся раз, другі, можа, і трэці, ад страху не да лічбаў было. Нібы палягчала. Ну і пайшло сваім парадкам. А як другую высмакталі, то паселі наўкруга ды як завыюць! Бывае, вашмосьць, што і воўк сьпявае. А што я, пытаеш? З ваўкамі жыць, то, як кажуць… Асабліва калі побач той здаравенны заводзіць ды мяне падахвочвае. У нейкі момант жудасьць працяла страшэнная: падалося, нібы лапы ў мяне памякчэлі, і хвост заварушыўся. Памацаў неўпрыкмет, супакоіўся: пачакайце, думаю, будзе і на крапіву мароз! Пасьпявалі мы гэтак колькі часу і зноў прыклаліся. Мне дык нічога, бо страх стрымаў. А той ды гэты зь бяседнікаў, бачу, ужо і на лапах ня ўстоіць, і лабэціна яму цяжкая, да зямлі цягне. Паразбрыліся хто дзе, пападалі: ведама ж, для п’янай галавы ўсюды роўна, а нагам — адны ямы. Хутка золак, а ваўкі мае сьпяць як салому прадаўшы, затое ад поля барабаны грукочуць і каманды далятаюць: полк маскалёў зьявіўся і ў поўным складзе біваком расташоўваецца. А каб вас зямля не насіла!

Гэта ж як разьезды двары рабаваць разашлюць, то і на канфэдэрацкі абоз немінуча натрапяць. А што аднаму ды бяз коней? І раптам дапетрыў ды забыўся і на рану сваю! Кінуўся да ваўкоў, давай іх за лапы падцягваць ды ўкладаць між аглабель. Уходаўся добра, але пярэдыху ня браў. Па двое ў хамут, дуга на чацьвярых ды ў аглоблі. Гужы накінуў, супоні зацягнуў — гатова! Не патруць свае хібы за адзін раз.

Упрог воз, другі… Трэці так пайшоў, нібы век ваўкамі павозіў. А далей, балазе крыніца пад бокам, падхапіў вёдры ды давай зьвяругаў вадою ў прытомнасьць прыводзіць. Пачалі ачомвацца, на лапы ўставаць. А як адчулі, у якім становішчы апынуліся, то ня ўзрадаваліся, завылі шэрыя ў роспачы, а куды дзенесься: даўся запрэгчы — дасіся і паганяць. І суседа ў злосьці не ўгрызеш — так увязаныя!

Пасьля ўсяго ўчарашняга ваўкам не вазы цягаць, а кілішак ды чаго кіслага. Мікола гэтым пакарыстаўся. Накруціў на тычку анучу, квачык у вядзерцы з гарэлкай вымачыў ды правёў па пысах. Аблізваюцца, чакаюць. «А на дачаканьне запрацаваць трэба!» — кажа Мікола ды зь вядзерцам і квачыкам выступае сьпераду.

Ваўку аброць не накладзеш, то і лейцамі не пакіруеш. Як там чуецца, на лейцах і конь разумны, але ж і тут неяк управіцца трэба. Завурчэлі ваўчыдлы, заскавыталі дый рушылі за пахкай анучкай у спадзяваньні — вабіць іх той пах ня горш ад крыві. Першы воз заскрыпеў, за ім другі, пастронкам увязаны, а там і трэці. А з кожнага пярэдняга квачык на тычцы вытыркаецца. Проста перад пысамі, а ня ўхопіш, не пасмокчаш!

Ідзе Мікола дарогаю, час ад часу дзеля стараннасьці правядзе квачом па пысах, нібы пернік дасьць. Абліжуцца ваўкі, пякотка ў вантробах дакучае, млоснасьць у пашчах невыносная. Цягнуць.

Аж тут ззаду тупат: ня ўседзелі маскалі. Што рабіць? Хто з нас, можа, і ня скеміў бы, але не Мікола! Спыніў свой караван і над самай пысай галоўнага добра ўмачаную анучу трымае. Кроплі падаюць, але што на лоб, што яшчэ куды, а ў пашчу толькі зрэдку. Як завые зьвяруга ад крыўды! А за ім уся зграя — аж зайшлася ў спачуваньні. Ззаду ўжо ня мерны тупат, а дзікае ржаньне, катлаваньне вялікае ды вэрхал. Які ж гэта конь на зграю папрэцца — не ў ваду ж ад дажджу? Павярнулі маскалі, Мікола сунуў квач у пашчу, выцьцё і сьціхла. Ізноў рушылі, не баючыся пагоні.

Паціху-патроху аддаліліся ад небясьпечнай мясьціны. А як дарогаю Мікола не забываўся патаемныя знакі пакідаць, то і таварыства, як я казаў, знайшло яго яшчэ завідна. Па дарозе і спуджаных коней пазьбірала.

З таго дня разжылася харугва на воўчыя футры, і сталі яе называць Воўчай. Частку нават прадалі ды спражкі срэбныя парабілі адмысловага ўзору для ўсяго таварыства. Усё па той прымаўцы: валачыў воўк, павалаклі й воўка. Ну і што ты, сыне-браце, пазіраеш, як гусак на бліскавіцу? Куды ж іх выпускаць? І так воўк чалавеку не падарунак, а з п’яных вачэй чорт ведае што натворыць.

Чара срэбная (прызнаў, казаў Мікола, пасьля ў ёй знаўца ўлюбёны «пухар з трытонам» Радзівіла Рыбанькі) у ваеннай завірусе згубілася, а футры засталіся. Спражка дагэтуль во са мною. Што? Анічым яны ня горшыя за лямпартавы — абы сэрца было не заечае. Гэтага аніхто ў Вялікім Княстве не папусьціць, калі сапраўдны высакародны кляйнод шляхецтва ў душы носіць!

Аркадзь Ліцьвін — пісьменьнік. Жыве ў Горадні.

Каментары

Цяпер чытаюць

Азараў моцна пакрыўдзіўся на словы «псеўдалідаркі Ціханоўскай», што яго План Перамога быў памылкай34

Азараў моцна пакрыўдзіўся на словы «псеўдалідаркі Ціханоўскай», што яго План Перамога быў памылкай

Усе навіны →
Усе навіны

Аўтарам дызайну новага гродзенскага праязнога стаў 17‑гадовы хлопец8

Адключэнне «Старлінкаў»: як гэта паўплывала на ўкраінскую і расійскую арміі2

Спявак Ap$ent: У адрозненне ад вясёлкавых поні кшталту Калеснікавай я ніколі не забуду жэсць 2020‑2022 гадоў44

На вуду інтэрнэт-махляроў трапіла нават супрацоўніца банка

Кітай не будзе ўдзельнічаць ні ў якіх перамовах аб кантролі над ядзернымі ўзбраеннямі2

Хэйтарскія акаўнты аўтобусаў — новы трэнд беларускіх зумераў16

Першае пасяджэнне трампаўскай Рады міру хочуць правесці 19 лютага4

«Пабеглі мяняць даляры, а што рабіць». Беларусы расказалі, як і ў чым яны цяпер робяць ашчаджэнні1

Улады Венесуэлы паабяцалі вызваліць усіх палітзняволеных на наступным тыдні3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Азараў моцна пакрыўдзіўся на словы «псеўдалідаркі Ціханоўскай», што яго План Перамога быў памылкай34

Азараў моцна пакрыўдзіўся на словы «псеўдалідаркі Ціханоўскай», што яго План Перамога быў памылкай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць