Піша на «Беларускіх навінах» пісьменнік Анатоль Івашчанка.
1. Праўда
Вестку пра пераход «Нашай Нівы» на «школьны» правапіс сустрэў з супярэчлівымі эмоцыямі. І вось чаму. З аднаго боку, мяркую, што пэўны пазітыўны эфект (пашырэньне аўдыторыі) гэтым крокам можа быць дасягнуты. Сапраўды, як адзначаецца ў рэдактарскай зацемцы, «псіхалагічны бар’ер абмяжоўваў аўдыторыю» газеты.
Самы гэты факт зьмены правапісу на пэўны час прыцягне ўвагу да выданьня з розных бакоў (адразу адзначу, што не лічу вычын «нашаніўцаў» «ані кан’юнктурным, ані прадыктаваным эмоцыямі», а — выключна дбаньнем пашырэньне «кола актыўных носьбітаў беларускай культуры» і Мову).
Зь іншага боку, на маю думку, «Наша Ніва» (а разам зь ёй і шматлікія іншыя носьбіты беларускай культуры) робіць памылку, кідаючыся з скрайнасьці ў скрайнасьць, не жадаючы прызнаваць наяўнасьць сярэдзіннага (кампраміснага) варыянту. Але перш як выкласьці сваё бачаньне праблемы, колькі слоў пра ўласныя «стасункі» з рознымі варыянтамі правапісу, то бок пра асабісты выбар аднаго зь іх.
Упершыню з «тарашкевіцай» я сутыкнуўся класе ў 11-м, калі настаўнік беларускай даў пачытаць «Сьцяну» Быкава. Памятаю, як мае бацькі тады адмоўна выказваліся супраць класічнага правапісу, маўляў, тлумяць людзям галовы, у такога правапісу няма персьпектываў сярод паспалітага люду.
Навучаючыся на філфаку (1998 — 2003 гг.), першыя тры курсы карыстаўся «наркамаўкай» (дарэчы, Алесь Разанаў прапануе такі, як на мяне, сімпатычнейшы варыянт гэтага слова: «нармаванка»). Выданьні з «тарашкевіцай» трапляліся мне спарадычна й выклікалі, па шчырасьці, болей негатыву, чымся пазітыву.
Найперш — праз нязвыкласьць да фанетыкі словаў іншаземнага паходжаньня кшталту «кляса, клюб, філязофія, пазыцыя, рэжысэр, пэрспэктыва, Эўропа, артаграфія» й да т. п. Пасьля, пазнаёміўшыся з суполкай людзей, што вызнавалі «тарашкевіцу», пачаў і сам карыстацца ёй.
Вось жа, у жывой гаворцы я быў змушаны, вобразна кажучы, пераступаць празь сябе, калі справа тычылася, скажам, лацінізмаў (зь мяккім [л]) альбо «філялёгіяў», «праспэктаў» ды іншых «рэжысэраў». Пэўны час, у залежнасьці ад суразмоўцы, я абіраў тую (скажам, каб не выглядаць «саўком» — «тарашкевіцкую») ці іншую словаформу.
Ужо тады мне стала відавочным, што «тарашкевіца» — болей за варыянт правапісу. Проціпастаўленьне «наркамаўкі» й «тарашкевіцы» — болей за праблему выбару правапісаў. Бо іх адрознасьць праяўляецца на розных узроўнях мовы — і граматычным (напрыклад, у родзе альбо сістэме скланеньня назоўнікаў), і, вядома, фанетычным. «Тарашкевіца» — гэта іншы варыянт мовы. Патлумачу для тых, хто, раптам, ня ў курсе.
Справа ня толькі ў спрашчэньні фанетычнага прынцыпу, што прынесьлі рэформы 1933 і 1957 гадоў (асаблівасьцях перадачы асіміляцыйнай мяккасьці сьвісьцячых ды першага складу перад націскам). Напрыклад, словы «зьвер», «сьнег», «зь вераю», «бязь веры» — якім бы правапісам не пісаліся гучацьмуць аднолькава. У гэтых і падобных прыкладах з асіміляцыяй ды аканьнем адрозьненьне напраўду выключна арфаграфічнае. Лексемы ж кшталту «кляса, філязофія, артаграфія» і інш., што прыводзіліся вышэй, уяўляюць зь сябе зусім іншыя словаформы.
Па маім абсалютным перакананьні (прыклады будуць ніжэй), ня мяккія знакі ды перадача першага складу перад націскам ствараюць «псіхалагічны (ці «псыхалягічны») бар’ер» для тых, чыё вывучэньне беларускай абмяжоўваецца школай, а перадусім словаўтварэньне запазычанай лексікі (а менавіта: лацінізмы зь мяккім [л], сьвісьцячыя у пазіцыях перад [і], дыферэнцыяцыя гукаў [ф] і [т], перадача ўласных імёнаў і інш.). Тут і ў саміх адэптаў «тарашкевіцы» поўна супярэчлівых поглядаў...
Бясспрэчна, рэдакцыя «Нашай Нівы» мае рацыю, кажучы пра звужэньне чытацкай аўдыторыі праз «тарашкевіцу». Няпраўда заключаецца ў тэзе пра тое, што «правапісаў два», бо насамрэч іх... як мінімум тры.
2. Няпраўда
На чацьвертым курсе мне трапіўся першы нумар часопісу «Дзеяслоў», друкаваны сярэдзінным між «наркамаўкай» і «тарашкевіцай» варыянтам, які сёньня часам называюць «дзеясловіцай».
«Дзеясловіца» рэалізоўвае перадачу асаблівасьцей беларускага вымаўленьня (фанетычнага прынцыпу, які вядомы пад слоганам «як чуецца, так і пішацца») на аснове нормаў афіцыйнага варыянту мовы. Адрозьненьне «дзеясловіцы» ад «наркамаўкі» ў асноўным адбываецца на арфаграфічным узроўні — г. зн. у абодвух варыянтах адзін і той жа тэкст чытаецца аднолькава. Вынятак — канчаткі назоўнікаў ІІ скланеньня ў родным склоне, а таксама поўныя канчаткі ў формах роднага склону множнага ліку, накшталт «задачаў, паэмаў, пазіцыяў і г.д.», што насьледуе прынцыпы класічнага правапісу).
Недахоп «дзеясловіцы» перадусім у непасьлядоўнай перадачы асіміляцыйнай мяккасьці сьвісьцячых (у прыназоніках яна не перадаецца), пра што я сказаў рэдактару падчас адной зь першых сустрэчаў. Але гэты недахоп лёгка выпраўляльны. У астатнім жа з таго моманту, як я пабачыў «дзеясловіцу», зразумеў, што гэты правапіс — «мой» (і ня з прынцыпу «кожны кулік на сваім полі вялік»).
Цяпер яшчэ пра псіхалагічны бар’ер. На занятках беларускай я (паводле праграмы) распавядаю студэнтам адной тэхнічнай ВНУ, дзе выкладаю, пра класічны правапіс, рэформу 1933 г. і тыя спрашчэньні фанетычнага прынцыпу, што яна выклікала (не чапаючы праблемы запазычаньняў).
За два з паловай гады выкладаньня магу запэўніць:
99 адсоткаў (а мне пераважна трапляліся сьпецыяльнасьці зь вялікім праходным балам) ня ведаюць ня тое што слова «тарашкевіца»(ну, хтосьці, бывае, скажа: «А, гэта тая мова, якой апазіцыйныя ўлёткі друкуюцца»), але й таго, што паводле нормаў «без веры» трэба чытаць як «бязь веры» (пры тым, што каля паловы цэнтралізаванае тэставаньне пісалі па-беларуску).
Хапае паўзанятку, каб патлумачыць пра аканьне й асіміляцыю, каб дасягнуць добрага выніку ў чытаньні, пасьля чаго студэнты кажуць: «Дык сапраўды ж школьны правапіс недасканалы».
У адной з інтэрнэт-дыскусіяў, дзе я выказваў думку што да мэтазгоднасьці «дзеясловіцы», мне адразу пачалі пярэчыць: нам бы з двума правапісамі разабрацца, а ён яшчэ ўскладняе — з трэцім лезе. Пры гэтым выявілася, што мая гісторыя пра пакуты ў выбары правапісу ня ёсьць выключэньнем, а хутчэй наадварот. У часе гутарак многія людзі, што карыстаюцца «тарашкевіцай», пацьвярджалі, што запазычаньні для іх ёсьць фактарам раздражняльным. Некаторыя пераходзілі на аналаг «дзеясловіцы» ня ведаючы пра яе існаваньне. Каб жа «тарашкевіца» карысталася шалёным попытам... Дык жа не, сьведчаньнем чаму, напрыклад, кніга «Беларускі клясычны правапіс», што выйшла больш як два гады таму, але дасюль лёгка дасяжная ў продажы (кажуць, — нібыта празь вялізны наклад...).
Я не прэтэндую на апошнюю праўду й не кажу цяпер пра тое, што нейкі правапіс лепшы, а нейкі горшы. Гэта асабісты (й няпросты) сьведамы выбар кожнага чалавека беларускай культуры. Гаворка напраўду пра пашырэньне аўдыторыі беларускамоўных выданьняў (чытай: пашырэньня сьвядомасьці). Мяркуючы па водгуках на сайце, НН хаця й згубіць пэўную частку прынцыповых адэптаў тарашкевіцы, што палічылі-такі крок рэдакцыі кан’юнктурай і амаральным учынкам, большасьць інтэрнаўтаў паставілася да гэтага талерантна. Кажу ўсё гэта без аніякае зласьлівасьці й шчыра радуюся вяртаньню газеты ў шапікі.
Дарэчы, у адным з карпусоў, дзе я выкладаю, месьціцца шапік Белсаюздруку. Як сказала прадавачка, «Нашу Ніву» расхапалі там у першы дзень. Гэта месца, ізаляванае ад людзей «з вуліцы» — то бок пакупнікамі НН маглі быць выключна студэнты-»тэхнары» (праўда, ня будзем тут выключаць пэўнага ўплыву невялічкай рэкламнай кампаніі, зробленай адным сьціплым выкладнікам беларускай, што да вяртаньня НН у шапікі, ну ды ладна...).
Я, вядома ж, усьведамляю, што рэдакцыя «Нашай Нівы» не магла б абраць «дзеясловіцу». Сярэдзінны варыянт папросту не разглядаўся. Ва ўсіх дыскусіях вакол новага закону пра правапіс і мажлівым пераходзе незалежных выданьняў на «наркамаўку» ніхто й нідзе нават словам не абмовіўся аб існаваньні «дзеясловіцы» (і гэта нягледзячы на тое, што на сёньня выйшла 36 нумароў, а выданьне мае індывідуальную падпіску, што ня сьнілася дзяржаўным).
Дваццацігадовая гісторыя спрэчак вакол правапісаў высьвечвае такія архетыповыя рысы беларускае існасьці, як зацятасьць (хтосьці, вядома, назаве тое прынцыповасьцю) і любоў да скрайнасьцяў. Уперціся рогам і не саступаць, каб потым... здаць усё, за што змагаліся як за вышэйшую каштоўнасьць.
Дык якая ж мэта была першаснай пры звароце да «тарашкевіцы» — маргіналізацыя мовы (сьцьвярджэньне пэўнай тусоўкі інтэлектуалаў уласнае элітарнасьці) альбо асьвета (вяртаньне гістарычнае справядлівасьці й нормаў беларускага вымаўленьня, што зьніклі ў рэпрэсаваным правапісе)? Падазраю, што ўсё ж другая.
У рэкламшчыкаў ёсьць каронны прыём, які, здаецца, называецца «прынцыпам яблыку», калі ў спажыўца пытаюцца: які яблык вы выбераце — чырвоны ці зялёны? Вядома ж, усе хочуць зьесьці чырвоны, г. зн. сасьпелы. Але сасьпелы яблык не абавязкова чырвоны. Ён бывае і жоўтым, і... зялёным.
Дык вось. Перакананы, што яшчэ ня позна (бо ніколі нічога ня позна) абраць залатую сярэдзіну. Прынамсі — пачаць абмеркаваньне кампраміснага правапісу, дапрацоўка й прыняцьце якога магло б стаць напраўду прымірэнчым актам. Вуніяй!
Пагатоў важкі плацдарм створаны й эфектыўна дзейнічае больш як шэсьць год на старонках «Дзеяслова», даносячы да чытача найлепшыя творы сучаснай літаратуры.
У сярэдзіне 1920-х гадоў Язэп Лёсік актыўна выступаў за спрашчэньне «тарашкевіцы». Яго словамі з «Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі» (1927) хацелася б завяршыць гэты зварот да ўсіх, каму не абыякавы лёс мовы: «Мы ўсе прымаем прынцыпы Тарашкевічаўскага правапісу; трэба толькі выправіць тыя недакладнасьці і труднасьці, якія робяць наш правапіс маладаступным шырокім масам і якія часам зьбіваюць з толку і нас, сталаграматных інтэлігентных людзей».
Меркаванні калумністаў могуць не супадаць.
***
Анатоль Івашчанка. Паэт, літаратуразнаўца. Нарадзіўся ў Менску ў 1981 г. Выкладчык беларускай мовы. Супрацоўнік рэдакцыі часопісу "Дзеяслоў". Аўтар кніг: "Вершnick", "Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй". Гадуе дзетак Яну й Даніка.
Каментары