У «Мінск-Свеце» адкрылася новая школа, якую пабудавалі за $24 мільёны
8 студзеня ў мікрараёне «Мінск-Свет» адкрылася школа №228, якая вылучаецца сваёй яркай і творчай архітэктурай. Забудоўшчык не стаў чакаць верасня і паспяшаўся хутчэй здаць установу, да якой была звернутая ўвага і горада, і жыхароў мікрараёна, піша «Анлайнер».

Першыя вучні ўжо занялі свае парты — пачатак новага года ў іх рэальна стаў пачаткам новага жыцця.
У іх распараджэнні аказаліся не толькі свежыя навучальныя класы, але і тое, пра што ў іх узросце можна толькі марыць: басейн, зоны адпачынку, вулічныя пляцоўкі для гульняў і многае іншае.
Новая школа пасялілася па адрасе Жарэса Алфёрава, 20. Тэрытарыяльна яна знаходзіцца ў квартале «Родная краіна», які складаецца ўсяго з двух камерцыйна-жылых дамоў-двайнятак «Нясвіжскі замак» і «Мірскі замак». Будынкі пакуль не здадзеныя ў эксплуатацыю, ды і тэрыторыя вакол іх выглядае так сабе — усё ў працэсе пераўтварэння. У будучыні паміж новабудоўлямі і школай з'явіцца невялікая зялёная зона.

Увогуле гэта трэцяя па ліку школа ў «Мінску-Свеце». Квартал забудоўваецца і абжываецца навасёламі так хутка, што першыя два аб'екты літаральна перапоўненыя і працуюць на мяжы магчымасцяў. Многім мясцовым дзецям усё адно даводзілася ездзіць на вучобу ў іншыя школы, хоць і размешчаныя не вельмі далёка ад дома, але ўжо не ў крокавай даступнасці. А шмат дамоў яшчэ не здадзена, таму неабходнасць трэцяй навучальнай установы была відавочная.

Будынак школы відаць здалёк. Па-першае, ён пафарбаваны ў прыкметныя колеры: насычана-чырвоны і прыглушана-аранжавы. Па-другое, фасады вытрыманыя ў духу супрэматызму: геаметрычныя ўзоры, «скразныя» кругі і адсылкі да творчасці Казіміра Малевіча.

Школа атрымалася сапраўды вялікай. Мала таго, што сам будынак займае 25 000 «квадратаў», дык яшчэ і вакол яго пабудаваная маштабная інфраструктура ў выглядзе пляцовак для ўсіх магчымых гульнявых відаў спорту: ад стрытбола да вялікага тэніса. Пакуль усё гэта засыпана снегам, так што ацаніць выгоды такога двара можна будзе толькі вясной.


Унутры сёння ажыўлена. Першыя вучні надзелі форму, начапілі заплечнікі, завязалі коскі, прычасаліся і прыйшлі асвойваць свой другі «дом» на найбліжэйшыя гады. Ацаніць умовы запрасілі прадстаўнікоў гарадскіх уладаў.



Дырэктар ЗТАА «Дана Астра» Пётар Пятроў уручыў сімвалічны ключ дырэктару школы Алене Каратчэні і сказаў пару прывітальных слоў.

Затым госці разышліся па калідорах, а дзеці — па вучэбных класах. Вестыбюль даволі прасторны — 530 метраў, і хутка трапіць сюды можна будзе толькі праз турнікеты. Сцены ў агульных зонах паўсюдна пафарбаваныя ў кантрасныя адценні.

У кабінетах пачатковых класаў малыя ўжо сядзяць за партамі, а на дошцы з'явіліся першыя надпісы. Крэслы і сталы тут створаныя як адзіная канструкцыя: нахільныя стальніцы перашкаджаюць горбіцца, а вышыню сядзенняў можна рэгуляваць. Яшчэ ёсць шафкі для асабістых рэчаў, а таксама рукамыйніца.



Ёсць спецыяльныя кабінеты, прызначаныя для вывучэння англійскай мовы. Прадугледжаныя памяшканні для працоўнага навучання. Хлопчыкі будуць працаваць на станках, вучыцца працаваць з дрэвам і металам. Для дзяўчынак прыдуманыя заняткі шыцця, вышыўкі, гатавання ежы. Кабінет інфарматыкі лаканічны:

А гэта пакой адпачынку для першакласнікаў. Тут будзе знаходзіцца група падоўжанага дня: у чаканні бацькоў можна і пагуляць, і павучыцца, і нават паспаць

У калідорах ёсць усё неабходнае, каб расслабіцца падчас перапынкаў. Дзесьці на падлозе намаляваныя класікі, дзесьці стаіць паўнавартасны шахматны куток. Можна пагойдацца ў крэслах-мяшках або пагуляць у настолкі.



Сталоўка прасторная і светлая, а побач працуе буфет для тых, хто хоча дадаткова перакусіць. Булачкі, печыва, напоі — асартымент пакуль невялікі, але выбраць ёсць з чаго. Дырэктарка Алена Каратчэня адзначае:
«Нашы дзеці сёння ўжо наведалі цудоўную шыкоўную абедзенную залу, у якой размешчана 350 пасадачных месцаў. Гэта нямала. Блок харчавання абсталяваны сучасным тэхналагічным абсталяваннем. І я як дырэктарка вельмі радая, што там ёсць два класныя варачныя катлы, некалькі электрычных пліт. Гэта дазволіць хутка і якасна гатаваць здаровую ежу для дзяцей».



Размінацца, займацца, нарошчваць цягліцы і гэтак далей дзеці будуць аж у некалькіх залах: трэнажорнай на 70 «квадратаў», гімнастычнай на 275 і вялікай гульнявой зале на 630 метраў. Дарэчы, гімнастычная зала асаблівая — вокны ў ёй браняваныя. Гэта самае бяспечнае месца, у якім школьнікі змогуць схавацца ў выпадку надзвычайнага здарэння.
«Для заняткаў фізічнай культурай і спортам у школе адкрытая вялізная спартыўная зала з сучасным падлогавым пакрыццём, выдатнай трыбунай, — кажа дырэктарка. — У гэтай зале, мы спадзяемся, будуць праходзіць спаборніцтвы не толькі сярод вучняў нашай школы, але і іншых дзяцей з раёна і горада. Таксама ў школе ёсць абсталяваная трэнажорная зала. Закупленая велізарная колькасць лыжаў. Адкрытая лыжная база для заняткаў зімовымі відамі спорту».



У актавай зале хлопчыкі і дзяўчынкі будуць не толькі збірацца на школьныя мерапрыемствы, але і займацца творчасцю:
«Гэта наша музычная актавая зала з сучаснай інтэрактыўнай панэллю. Устаноўлена гукавое і светлавое абсталяванне, якое дазволіць дзецям выступаць, рэпетаваць, займацца музыкай. Ёсць электроннае піяніна, гітары».

Басейн размешчаны ў прыбудове, якая злучаная з асноўным будынкам крытай галерэяй. Маецца і асобны ўваход з вуліцы для ўсіх жыхароў «Мінск-Свету», якія вечарамі і на выходных змогуць браць платныя сеансы.
Будынак басейна самы прыкметны — ягоны фасад упрыгожаны зашклёнымі кругамі рознага памеру. Гэта і прыгожа, і функцыянальна. Унутры — адразу два басейны: паўалімпійскі памерам 25×10 метраў і малы памерам 5×10 метраў. Яны запрацуюць пазней.


Будаўніцтва і абсталяванне новабудоўлі цалкам ляжала на плячах камерцыйнага забудоўшчыка «Дана Астра». На ўсё пайшло каля 70 мільёнаў рублёў. Адзначаецца, што шмат чаго давялося прывозіць з Еўропы праз механізмы абыходу санкцый.

Новая школа разлічаная на 1020 чалавек. У гэты момант тут вучацца толькі вучні малодшых класаў — ад 1 да 4. Набор у іншыя класы будзе рабіцца летам, а паўнавартасна школа зажыве толькі ў верасні.
Усе дзеці на гэты момант — выключна жыхары «Мінск-Свету». Далей набор таксама будзе праходзіць у межах гэтага мікрараёна.
«А ты служыў?» Віталь Карпанаў адслужыў на Раство ў царкве
У цэнтры Мінска зносяць гаражы — унікальны помнік даваеннага канструктывізму
У Мінску вырашаюць пытанне з пусткамі ў Каменнай Горцы і Дамброўцы — замест іх могуць з'явіцца паркоўкі
Маркі з работамі Рубенса і хатнія музеі. Беларускія энтузіясты збіраюць незвычайныя калекцыі
Каментары