Сяргей Гудзілін: Хачу, каб мяне абвінавацілі ў гей-прапагандзе пасля выхаду кнігі пра войска
Фатограф Сяргей Гудзілін распавёў сайту Baj.by пра здаровы панк у журналістыцы, стратэгічнае ўменне мыць посуд і пра сваю самую вялікую амбіцыю.
Фота Таццяны Ткачовай.
«Людзям 30+ мяняцца не так проста»
Каб разумець розніцу пакаленняў, трэба ведаць, як жывуць маладзейшыя. У іх ёсць інтэрнэт, у нас яго не было. Наша адукацыя адбывалася па-іншаму. Спосабы запамінання і камунікацыі адрозніваюцца. І я не ведаю, што лепш, каму больш пашанцавала: нам, якія жылі ў дадыгітальную эпоху, альбо ім, у каго ёсць «Вікіпедыя» і няма патрэбы запамінаць.
Стылі жыцця, камунікацыя — мы цяпер у адным лічбавым асяроддзі. Гэта выклік для нас — разумець такое пакаленне. І гэта выклік для іх, для адукацыі.
Мы больш сталыя, у нас больш досведу. У іх больш магчымасцяў пачаць усё нанова.
Мы засталі перыяд палітызацыі, жылі ў беларускамоўнай супольнасці, перажывалі момант супраціву. На нас моцна паўплывалі прапаганда, змагарская журналістыка, пратэстныя настроі. Я памятаю, як там было — на Плошчы 2006-га года.
У маладога пакалення гэтага не было. Яны жывуць у больш свабодным і кліпавым свеце. І, што самае праблемнае для нацыянальнага поля, у іх вялікі ўплыў замежных культур, яны больш глабалізаваныя, гатовыя да зменаў свайго жыцця.
«Я змяняюся наўмысна»
Калі пачынаю паўтарацца, альбо рэчы, якія я рабіў, становяцца алгарытмічнымі, разумею, што ўсё: «Чувак, трэба нешта мяняць». Тут шмат варыянтаў: здымаеш іншай камерай альбо замест фота пішаш відэа ці наогул карыстаешся тэкстам як медыя. Калі не падабаецца структура працы, то мяняеш структуру, калі не падабаецца праца — мяняеш працу.
Або я проста бяру вялікі перапынак і займаюся зусім іншымі справамі.
Такі перапынак у мяне цяпер. Я выйшаў са складу рэдакцыі «Нашай Нівы», бо зразумеў, што інфармацыйныя нагоды штогод аднолькавыя. Я пераключыўся на рэкламу, дызайн, на камерцыйную працу. Мне сумна рабіць адно і тое ж.
Я перастаў здымаць навіны, бо захацеў больш свабоды. Зрабіў гэта, каб выйсці з зоны камфорту. Ты ніколі не зробіш круты праект, класную гісторыю па заданні рэдакцыі. Таму не важна, дзе ты працуеш: на «Нашай Ніве», ці на Tut.by. Так адбываецца з усімі добрымі рэчамі: па заданні немагчыма атрымаць нейкі круты профіт.
З «Нашай Нівай» мы працягваем супрацоўнічаць, але я штодзённа не ўключаю кампутар і не пачынаю свой дзень з прагляду навін.
Цяпер я атрымліваю досвед рознапланавых фотаздымкаў. Іду туды, дзе мне трэба падвышаць свой тэхнічны ўзровень.
Ёсць куратарская праца, праца з архівам, праца з прынтамі — вось, чым я займаюся. Хачу быць шматпланавым аўтарам, які здымае не толькі навіны, аўтарам, які дзейнічае на розных узроўнях у фатаграфічным працэсе.
Інфармацыі і фатаграфіі стала шмат, патрэбныя асаблівыя каналы і ўмовы для ўзаемадзеяння матэрыяла і гледача.
У сучасным свеце ад чалавека патрабуецца больш скілоў і ўменняў. Гэта тычыцца і журналістыкі. Спробы выйсці з зоны камфорту я раблю наўмысна. Такім чынам я вырашаю свае задачы ў развіцці.
Я займаўся спортам, калі зразумеў, што мне не падабаецца, то спыніў гэта і пачаў чытаць кніжкі.
Пасля быў перыяд грамадзянскай журналістыкі, актывізму, потым жыццёвыя абставіны змяніліся — мяне выклікалі ў войска. Я падумаў, што гэта прыкольная рэч і чаму б яе не зафіксаваць. Такім чынам я прыйшоў у журналісцкую сферу.
Фатаграфіяй я крышачку і раней займаўся. Але ў сур’ёзную журналістыку я прыйшоў менавіта праз праект пра войска.
Books як пераасэнсаванне войска
Books на сайце пустая, бо пакуль складаецца кніжка. Гэта праект пра войска, які я раблю разам з Ігарам Юхневічам.
Хочацца не лінейнае, а нешта больш маштабнае і канцэптуальнае, не проста фотаздымкі з карцінкамі. Цяпер ідзе верыфікацыя маіх ведаў, праца з матэрыялам і пошук мовы, формы, каб гэта ўсё распавесці.
Працоўная назва кнігі «547/760» — гэта колькасць дзён службы, лічбавы код. Мне падабаецца глядзець на тэму праз прызму мужчынскага калектыву. Увогуле я хацеў бы, каб пасля выхаду гэтай кнігі мяне абвінавацілі ў гей-прапагандзе.
У мяне не брутальны падыход да войска, гэта пяшчотны погляд на тое, як хлопчыкі становяцца альбо не становяцца мужчынамі. І, якая роля ў гэтым войска, закрытых калектываў.
На пытанне, ці становяцца мужчынамі ў арміі, пэўных адказаў няма. У савецкі час маладыя людзі адразу пасля школы прыязджалі ў вайсковую частку, яна была інстытутам сацыялізацыі. Цяпер войска не ўдзельнічае ў працэсе сацыялізацыі. Я разважаю над гэтымі тэмамі.
Я думаю, што будзе паступовы пераход ад фатаграфіі факта да новай фатаграфіі. Фатограф будзе самастойнай адзінкай і аўтарам, які зможа напісаць тэкст, сабраць фатаграфіі ў мультымедыя, зняць відэа.
Тут пытанне ў тым, як рэдакцыя зможа адаптаваць гэты досвед і наколькі ён будзе запатрабаваны. Раней мы адрознівалі фатаграфіі навінаў і дакументальныя праекты, цяпер такой розніцы няма.
Я разумею, што гэта праблема. Як яе вырашаць? Я не магу зразумець, якім чынам фатаграфіі будуць размяжоўвацца ў медыя.
Прафесія фатографа будзе трансфармавацца. Фатографам будзе чалавек з вялікім бэкграўндам. Гэта будзе чалавек, які не проста стварае прыгожую карцінку і крута яе апрацоўвае, але і абірае тэму, спосаб апісання, зможа ўсё прыгожа ўпакаваць, прыдумаць тэкст і яшчэ нейкім чынам гэта прэзентаваць.
Яшчэ пытанне, дзе будзе жыць фатаграфія: у Instagram ці ў стужцы навінаў, альбо гэта будзе лонгрыд, які збярэ больш праглядаў, чым навіна пра пажар? У такіх умовах будзе больш адказнасці і гуманнасці ў тым, што і як чалавек здымае.
Мы з табой і змяняем фатаграфію ў Беларусі. Так і напішы. У мяне заўсёды было жаданне прынесці ў журналістыку такі здаровы вясёлы панк. Калі ты ідзеш рабіць фотарэпартаж з якога-небудзь панылага паседжання, а прыносіш адтуль трэнд пра начосы. Канешне, гэта быў правакатыўны рэпартаж. Я заўсёды разумею, што раблю.
А дыскусія — яна на тое і дыскусія, каб людзі абураліся.
Мяне больш здзівіла, што ўзровень беларускай дыскусіі не вельмі цывілізаваны. У нас ёсць людзі, якія хейцяць, хайпяць, але не аргументуюць і не спасылаюцца.
«АЛІМПІЯ» і «MI(E)NSK«
«Алімпія» нараджалася як праца для навінаў — здымкі парадаў. Я хацеў проста фіксаваць гэту традыцыю масавых святаў, якую мы маем ужо доўгі час. У Беларусі яна пачыналася ў савецкі перыяд і дагэтуль працягваецца.
У іншых краінах такога фармата даўно няма. На дадзены момант «Алімпія» — гэта звычайная дакументацыя. У мяне ёсць архіў, з якім я працую. Разумею, што мне патрэбна больш медыяў, не толькі фатаграфія, бо так атрымліваецца вельмі плоска.
«MI(E)NSK» — зусім іншы жанр. Гэта стрыт-фатаграфія, якой я пачаў займацца, калі была патрэба выйсці з зоны камфорту.
Я проста пачаў здымаць стрыт і нейкім чынам перажываць публічную прастору горада, тое, як чалавек ў ёй паводзіцца. Да нейкага часу ў Мінску не было гарадскога жыцця. Яно не фіксавалася. Магчыма таму, што не было гарадской культуры.
Дзесяць год таму вуліцы Мінска былі пустыя і неабжытыя. І ўвогуле не было прынята бавіць час на вуліцы. Гэта рыса, якая падкрэслівае развіццё горада.
Цяпер зусім іншая гісторыя. У праекце «MI(E)NSK» я назіраю за тым, як у беларусаў пачынае фармавацца гарадская культура. Мінск чакае застой у плане развіцця, калі не будзе зменаў у эканоміцы, геапалітыцы. Але тое, што мы бачым цяпер, можа стаць памінальным перыядам, калі Мінск яшчэ не быў глабалізаваны. У Мінск ужо можна без візы прыяжджаць на 30 дзён, гэта ўсё ўплывае на горад.
«Калі ты ўпэўнены ў чалавеку, пачуваешся ў бяспецы, то ўсё — можаш яго любіць»
Мы пазнаёміліся з Марыяй (Марыя Колесава-Гудзіліна — жонка Сяргея. — Аўт.) на дні народзінаў. Нам было па 18. Я прыйшоў туды, як незапрошаны госць, быў вельмі сціплым чалавекам і проста папрасіў каву, калі ўсе калдырылі. Так мяне запомнілі. Потым быў вялікі перыяд адносінаў.
Канешне, я ідэнтыфікаваў яе як прыкольнага чалавека, бо яна стала маёй жонкай. Прыкольны чалавек — гэта той, хто можа мысліць сітуатыўна, нестандартна, з вялікім культурным бэкграундам. Прыкольны чалавек мае сучаснае мысленне без ідэалагічных штампаў.
Было некалькі гадоў флірту, рамантычных адносінаў, якія лагічна скончыліся шлюбам. Мы неяк рана пасталелі, бо разумелі, што нам трэба займацца сваімі кар’ерамі.
Звычайна хтосьці адзін на першых ролях у плане публічнасці, кар’еры, а ў нас так лагічна атрымліваецца сумяшчаць свабоду кожнага і даваць магчымасць развівацца. Ёсць перыяды, дзе мне трэба больш актыўна працаваць, яна гэта разумее і ўключаецца ў сям’ю. А потым мы мяняемся месцамі.
Часам атрымліваецца так, што на нейкія івэнты мяне запрашаюць, як плюс адзін да яе. То бок я проста яе публічнае прыкладанне. Бываюць сітуацыі наадварот. Але мы неяк лагічна ўсё падзяляем, хаця гэта не проста. Галоўнае — нейкія банальныя агульнасці — узаемапаразуменне, роўнасць, падтрымка, супраца, дапамога ў побыце, пастаянная дыскусія, пачуццё гумару.
Канешне, у нас бываюць канфлікты. Мы жанатыя сем год.
Сям’я — гэта біялагічны фактар сужыцця. Калі ты ўпэўнены ў чалавеку, пачуваешся ў бяспецы, то ўсё — можаш яго выбіраць і любіць.
У нас з Машай вельмі кантрастныя тэмы. Яна — добры адвакат, я — фатограф. Гэта абсалютна розны спосаб мыслення, камунікацыі і ўзаемадзеяння. І я не ведаю, як мы ўжываемся, але атрымліваецца.
Яшчэ важна мець здольнасць мыць посуд. У мяне гэта атрымліваецца, жонка вызваленая ад гэтай пакуты. Мыццё посуду для мяне — медытатыўная практыка.
«Я — прыкольны тата»
Помню дзень, калі я першы раз стаў татам. Я ехаў у цягніку ў Гродна нешта здымаць. Калі ў цябе нараджаецца дзіця, гэта вельмі круты экспіерынс.
Вялікі стрэс ад таго, што жыццё будзе іншым. З’явіўся яшчэ адзін чалавек, пра якога трэба клапаціцца, ёсць страх адказнасці. Але гэта мабілізуе, адчуваеш нейкі шок сталення.
Другі раз гэта ўжо не шок, а дзеянне, якое ты ўжо перажыў. Цёшча мне сказала, што нарадзілася дачушка. Я сказаў «окей» і лёг спаць. А на наступны дзень паехаў у радзільню перадаваць нейкія рэчы.
Я — прыкольны тата. Дазваляю сваім дзецям выбіраць, што развівае іх. Заўсёды спрабую размаўляць з дзецьмі на роўных. Я разумею, што сталенне, выхаванне — вялікі працэс.
Для дзіцяці нашмат цяжэй, калі не атрымліваецца скласці кубікі, чым для мяне, калі на фатаграфіі фокус не там, дзе трэба. Выхаванне — гэта доўгі працэс паўтарэння.
У мяне дзве дачкі. Яны абсалютна розныя.
Старэйшая Сафія мае больш жончын розум, больш эмацыйная. Малодшая Стэфанія псіхалагічна больш падобная на мяне. Але яшчэ рана казаць адназначна. Ім сем і шэсць год адпаведна.
Патрэба ў прыватнай прасторы можа быць рознай. Канешне, я хацеў бы мець свой працоўны кабінет. Але я не хацеў бы спаць у розных пакоях. Мы нават канапу не набываем пасля пераезда, бо нам спадабалася спаць на падлозе. Перыяд падрыхтоўкі да сямейнага жыцця існуе, каб наладзіць узаемадзеянне вашых прыватных прастор
Мая асабістая прастора змяшчаецца на маю паліцу з кнігамі і месца, дзе я працую.
Кароткія пытанні:
— Дзень альбо ноч?
— Раней была ноч. Цяпер — раніца. Дзяцей трэба вадзіць ў сад і ў гімназію. Магчыма я пасталеў і ў мяне з’явіўся здаровы больш асэнсаваны лад жыцця.
— Сябар — гэта?
— Сябар — гэта чалавек, з якім ты можаш здзівіцца сітуацыі, рашэнню, ідэі. Сяброўства можа цягнуцца тыдзень, месяц, год. Яно не залежыць ад прасторы і часу.
— Апошні рамантычны ўчынак?
— Мы адпачывалі ў Італіі. Гадзіна ночы. Я паехаў на ўзбярэжжа за марозівам, купіў два ражкі. Кручу педалі, а яно ўсё растае. Прыехаў па локці ў марозіве, але я яго прывёз.
— Радзіма — гэта?
— Радзіма — гэта месца, якое не дае табе разумець глабальнасць свету.
— Мора альбо возера?
— Мора. Возера — гэта лакальная рэч, з яго нікуды не выплывеш.
— Самая вялікая амбіцыя цяпер?
— Трэба дарабіць раздзел сайта Books.
— Калі табе кажуць, што твае фатаграфіі цёмныя?
— Прашу, каб дадалі яркасці на маніторы.
Каментары