Грамадства55

«Марынка выйшла не на свой урок» — сваячка забітай у Стоўбцах настаўніцы

50-гадовая настаўніца сярэдняй школы № 2 Стоўбцаў Марына Пархімовіч загінула 11 лютага пасля нападу вучня той жа школы Вадзіма М. Пра жанчыну Свабодзе расказала яе траюрадная сястра Раіса.​

28 гадоў працавала настаўніцай у Стоўбцах

Марына Пархімовіч нарадзілася ў вёсцы Шашкі, за 20 км ад Стоўбцаў. Скончыла школу з залатым медалём, педагагічны інстытут скончыла таксама з адзнакай. У інстытуце яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Пэўны час ён таксама працаваў настаўнікам. У сям’і Пархімовічаў яна была малодшай з трох дачок. Маці ў розны час працавала на пошце, у пякарні і на ферме даяркай. Бацька быў трактарыстам, памёр больш за 15 гадоў таму. Мама жыве дагэтуль у роднай вёсцы.

Пасля атрымання дыплома Марына Пархімовіч выкладала ў сярэдняй школе ў Хатаве, каля Налібацкай пушчы. Апошнія 28 гадоў яна працавала настаўніцай гісторыі і французскай мовы ў Стоўбцах. Дзесяць гадоў таму Марына Пархімовіч была кіраўніцай «кадэцкага» класа, у якой рыхтавалі будучых міліцыянтаў. Усе яе вучні паступілі ў Акадэмію МУС і ўсе 13, як скончылі, вярнуліся потым працаваць у Стоўбцы.​

«Адна жанчынка захварэла і папрасіла Марыну выйсці замест яе»

Раіса Міхайлаўна

Побач са школай №2, дзе жанчына трагічна загінула, у ветэрынарнай аптэцы працуе яе траюрадная сястра Раіса. Вокны яе працоўнага месца выходзяць на вокны школы. Школа праз дарогу, за некалькі дзясяткаў метраў ад аптэкі.

«У панядзелак я во толькі прыйшла на працу, распаліла печку, звоніць тэлефон. І пытаюцца, ці ведаю я нешта. Называюць прозвішча Пархімовіч. А я ведаю, што ў школе тры настаўніцы з такім прозвішчам. Я зачыніла дзверы і сама пабегла пад школу. Хаджу, распытваю людзей там. Як сказалі мне, што па бацьку Міхайлаўна, то я ўсё зразумела, што гэта наш род, наша бяда».

Паводле сваячкі забітай настаўніцы, Марына Пархімовіч загінула ў панядзелак падчас урока, які не павінна была весці.

«Адна жанчынка захварэла і пайшла на прыём у паліклініку. І яна папрасіла Марыну выйсці замест яе. Гэта не быў яе ўрок», — кажа Раіса Міхайлаўна.

«Яна ўсім хацела памагаць»

У Марыны Пархімовіч засталіся муж і двое дзяцей. Сыну 30 гадоў, дачцэ 24. Нядаўна нарадзілася ўнучка.

«Дзеткі ў Марынкі вельмі харошыя. Мама яшчэ ж жывая, хавала ўчора дачушку сваю. Яе мама — мая хросная. Яна ж, бедная, ледзьве трывала гэтыя дні. Я была дома ў іх на дзень перад пахаваннем. Ёй дактары лекаў надавалі, яна выйсці не магла. Я на пахаванні вяла яе пад руку, бедная цёця Марыя. Марынка ж да мамкі часта ездзіла. Мамачка, кажа, я цябе дагледжу. Памагала ёй агарод садзіць, дбала, каб хораша было. Усё зіхацела ў яе. І суседкі плакалі ўчора, узгадваючы. Яна прыедзе ад маці і пытаецца ў суседак: «Мо ў цябе гурочкі не ўрадзілі ці памідоры. Я дам». Яна ўсім хацела памагаць».

Шлях Марыны з дома на працу вядзе акурат ля вокнаў аптэкі, дзе працуе сястра.

«Яна ж кожны дзень бегла па гэтай во вуліцы. Я яе бачыла праз акно кожны дзень. Перагаворымся з ёй, як там мамка, як дзеткі. Перадавай, кажа, маме прывет. Яна была настолькі добры чалавек. Я ўзімку раблю з зачыненымі дзвярыма, а з красавіка па восень дзверы ў мяне адчыненыя. Яна ў школу бегам-бегам. Да яе вучні самі ішлі натоўпамі. Як нейкае свята, дык дзеці самі ідуць. Нядаўна быў вечар сустрэчы. Яна ж нарад сабе купіла. Такая задаволеная пайшла сустракацца з вучнямі».

«Яна аддавала дзецям усё. А цяпер, высвятляецца, і жыццё»

Праз чатыры дні пасля здарэння Стоўбцы ўсё яшчэ жывуць гэтай трагедыяй. Мясцовыя жыхары абмяркоўваюць гэтае здарэнне і яго прычыны наўпрост на вуліцы. Як паведаміў Следчы камітэт, згодна з вынікамі медыцынскага агляду, падазраваны не знаходзіўся ні ў стане алкагольнага ап’янення, ні пад уздзеяннем наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў.

«Я сёння прачнулася ў 3 гадзіны ночы і малілася. Прашу: Божачка, дай рассудзіць па справядлівасці. Дай нам праўду. Чаму гэтае дзіцё так нарабіла? Людзі ж гавораць рознае. Што яго прымусіла? І яго ж хваляць многія, што добры, спакойны быў. Божачка, дай розум, каб справядліва рассудзіць. Чаму гэта ўсё так жорстка? А ўсіх жа шкода. Але Марынкі нашай ужо ўсё роўна ніхто не верне».

У школе нумар 2 заняткі аднавіліся ўжо на наступны дзень пасля трагедыі. Але і вучні, і настаўнікі яшчэ доўга не забудуць той трагічны панядзелак, калі абарвалася жыццё Марыны Пархімовіч, гаворыць Свабодзе яе калега з гімназіі Людміла Назаранка.

«Я ніколі не бачыла, каб яна не ўсміхнулася. Прыгожая жанчына. Яна была настолькі адкрытая. Я ўяўляю, як дзецям было добра каля яе. Мы былі не так даўно на конкурсе вучнёўскіх даследчых прац па краязнаўстве і гісторыі. Яна была сёлета кіраўніком журы, праявіла незвычайны інтарэс. Яна глядзіць дзіцяці ў вочы і пытанне за пытаннем. А потым кажа: «Ты не думай, я цябе не пытаю як сябра журы. Мне і самой цікава. Ці мог бы ты прыйсці ў нашу школу і расказаць нам?» Яна не глядзела, што ёсць адна школа, і другая, ці трэцяя, што нейкая канкурэнцыя паміж імі. Для яе галоўныя былі дзеці. Яна аддавала ім усё. А цяпер, высвятляецца, і жыццё».

11-класнік, які загінуў у школе ў Стоўбцах, быў актывістам ТБМ, размаўляў па-беларуску і насіў майку з Пагоняй ФОТЫ

Сотні людзей сабраліся на развітанне з забітымі настаўніцай і вучнем ФОТЫ

Вучань, паранены ў Стоўбцах: «Я хацеў абараніць настаўніцу і клас. Амаль абараніў…» ВІДЭА

«Цэліў у горла»: сталі вядомыя падрабязнасці здарэння ў Стоўбцах, дзе школьнік зарэзаў настаўніцу і вучня 

Каментары5

Цяпер чытаюць

Да найбуйнейшай сеткі аўтахаусаў Butikavto прыйшоў ДФР. Уласнік затрыманы1

Да найбуйнейшай сеткі аўтахаусаў Butikavto прыйшоў ДФР. Уласнік затрыманы

Усе навіны →
Усе навіны

17‑гадовага беларуса затрымалі за стварэнне вядомага віруса-траяна Mamont1

Супербабуляй Беларусі стала жыхарка Скідзеля. Пасля перамогі яна звярнулася да залы па-беларуску: «Будзе жыць вечна!»11

Трайное забойства ў Столінскім раёне — 33‑гадовы вясковец забіў двух сабутыльнікаў і іх маці5

Польшча лічыць блогера Леаніда Мышленніка пагрозай для бяспекі дзяржавы і збіраецца пазбавіць абароны33

Дзве жанчыны танчылі ў Гомелі проста пасярод дарогі2

Памёр Кастусь «Кузя» Іваноў2

Мастак арганізаваў у Мінску бясплатную сталовую, якая існуе ўжо амаль 30 гадоў3

Загінуў беларускі добраахвотнік Віталь «Вітушка» Трыгубаў13

Два вайсковыя самалёты сутыкнуліся на Філіпінах. Загінулі чатыры пілоты

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Да найбуйнейшай сеткі аўтахаусаў Butikavto прыйшоў ДФР. Уласнік затрыманы1

Да найбуйнейшай сеткі аўтахаусаў Butikavto прыйшоў ДФР. Уласнік затрыманы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць