Культура22

Археолагі запрашаюць на пошукі паўночнага золата

Бадай, усе чулі пра славуты шлях з варагаў у грэкі, адзін з асноўных маршрутаў якога ішоў па Дзвіне і Дняпры ды злучаў Балтыйскі і Чарнаморска-Міжземнаморскі рэгіёны ў рамантычныя часы вікінгаў і Полацкага княства. А ці ведаеце вы, што падобны шлях існаваў за тысячы гадоў да яго, калі моры з рэкамі мелі зусім іншыя назвы? Было гэта ў 3—2-м тысячагоддзях да нараджэння Хрыста. Асноўным таварам, які рухаўся з поўдня ў Прыбалтыйскі рэгіён, былі соль і, пазней, медныя ды бронзавыя вырабы. А ў абмен, далёка, ажно да Старажытнага Егіпту і першых гарадоў Урадлівага Паўмесяца, плыло паўночнае золата, сонечны камень — бурштын.

Што такое бурштын? Гэта выкапнёвая акамянелая смала, узростам у дзясяткі мільёнаў гадоў, якая патрапіла ў адмысловыя ўмовы і захавалася да нашага часу ў выглядзе мядова-жоўтых, памаранчавых, чырвона-памаранчавых каменьчыкаў памерам ад некалькіх міліметраў да гігантаў у 50 сантыметраў. Існуе шмат яго радовішчаў па свеце, у тым ліку на нашым Палессі, аднак у старажытнасці чалавеку быў дасяжны толькі балтыйскі бурштын. Бо ў Балтыйскім моры склалася ўнікальная сітуацыя — гіганцкія донныя напластаванні, якія ўтрымліваюць бурштын, паступова размываліся, і каштоўны камень выносіўся хвалямі на бераг, дзе яго збіралі першабытныя людзі і ператваралі ва ўпрыгожанні.

І пры чым тут тарфяніковыя паселішчы? А ўсё пры тым жа. Хоць бурштын і называюць каменем, ён — арганічнага паходжання. І ў звыклых мінеральных глебах з часам паступова раскладаецца, рассыпаецца і знікае бясследна, як яго ніколі тут і не было. А ў культурных адкладах тарфяніковых паселішчаў ён захоўваецца ў закансерваваным стане, і выглядае акурат як тады, калі яго выкарыстоўвалі.

Самыя раннія бурштынавыя вырабы на паселішчах Крывінскага мікрарэгіёна датуюцца першай паловай 3-га тысячагоддзя да н.э. і выкарыстоўваліся носьбітамі ўсвяцкай археалагічнай культуры. Большасць з іх уяўлялі сабой сплюшчаныя фрагменты каменю, уся апрацоўка якіх зводзілася да свідравання франтальных адтулін для мацавання і, месцамі, невялікіх падправак граняў. У невялікай колькасці сустракаліся адмысловыя плоска-сферычныя гузікі-ўпрыгожанні.

З сярэдзіны 3-га тысячагоддзя і да сярэдзіны 2-га тысячагоддзя на Крывінскіх паселішчах, ужо ў носьбітаў паўночнабеларускай археалагічнай культуры, з’яўляюцца дасканалыя бурштынавыя ўпрыгожанні розных геаметрычных формаў. Сярод іх разнастайныя падвескі, пацеркі, пранізкі, гузікі. Некаторыя з іх дадаткова аздобленыя наразным арнаментам.

Што цікава, на помнікі Крывінскага тарфяніка ўсе бурштынавыя вырабы патрапілі ўжо ў гатовым выглядзе з поўначы, па Дзвіне, з тэрыторыі сучаснай Латвіі. Ні аднаго фрагмента неапрацаванага сонечнага каменю да сёння выяўлена не было. Аднак пашкоджаныя вырабы шматразова рамантаваліся, што пацвярджае іхнюю каштоўнасць для тагачасных жыхароў.

На сённяшні дзень на паселішчах Крывінскага тарфяніка выяўлена больш за 70 бурштынавых вырабаў, з іх 31 быў выяўлены ў 2008—2018 гадах валанцёрамі асавецкай экспедыцыі. Дарэчы, існуе ўжо нават экспедыцыйна-валанцёрскае павер’е, што бурштын знаходзяць толькі новыя ўдзельнікі, якія яшчэ ні разу не капалі на Асаўцы.
З 15 ліпеня па 4 жніўня 2019 года плануецца чарговая экспедыцыя па даследаванні гэтага паселішча.

Запрашаюцца ахвотныя на валанцёрскі ўдзел у раскопках, шчыра вітаецца фінансавая дапамога для падтрымання валанцёрскай часткі экспедыцыі (сродкі збіраюцца на Талацэ).

Каментары2

Цяпер чытаюць

Планавалі вяселле, але не вярнуліся з адпачынку. Што вядома пра 21‑гадовага Глеба і 20‑гадовую Настассю, якія загінулі ў аварыі ў Грузіі5

Планавалі вяселле, але не вярнуліся з адпачынку. Што вядома пра 21‑гадовага Глеба і 20‑гадовую Настассю, якія загінулі ў аварыі ў Грузіі

Усе навіны →
Усе навіны

«Яна гадамі цярпела, а пасля адзін раз ударыла мужа нажом — гэтага хапіла, каб забіць»18

Краўцоў расчараваны, што беларусы забылі Калеснікаву. «А яна становіцца ледзь не тварам №1»79

У Жлобінскім раёне кіроўца збіў насмерць 17‑гадовага падлетка і ўцёк з месца ДТЗ2

Коўл зноў даў надзею на вызваленне беларускіх палітвязняў6

У мінскім парку імя Уга Чавеса з'явіцца адкрытая лядовая арэна2

Беларуса, які, падобна, жыў у Кракаве і ездзіў часам на радзіму, судзяць за «распальванне варожасці»5

У Італіі знайшлі скрадзеныя шэдэўры Рэнуара, Сезана і Маціса. Затрыманыя дзевяць грамадзян Малдовы1

Расія атакавала Кіеў балістыкай, на Запарожжа скінулі авіябомбы2

У Пецярбургу беларус папрасіў тэлефон. А пасля адмовіўся аддаваць і збіў гаспадара за тое, што не сказаў пароль3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Планавалі вяселле, але не вярнуліся з адпачынку. Што вядома пра 21‑гадовага Глеба і 20‑гадовую Настассю, якія загінулі ў аварыі ў Грузіі5

Планавалі вяселле, але не вярнуліся з адпачынку. Што вядома пра 21‑гадовага Глеба і 20‑гадовую Настассю, якія загінулі ў аварыі ў Грузіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць