Такой масавай беларускай маніфестацыі Вільня яшчэ не бачыла: тысячы людзей, тысячы сцягоў на пахаванні Каліноўскага ФОТЫ
У Вільні прайшла цырымонія перапахавання Нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага.
17:32
Адкрыты доступ для ўсіх ахвотных у капліцу, дзе былі пахаваныя Кастусь Каліноўскі і 19 ягоных паплечнікаў.
Дзякуй за тое, што былі з намі.
Падчас анлайну былі выкарыстаныя скрыншоты стрыму радыё «Свабода», а таксама фоты Надзеі Бужан.
Жыве Беларусь!
17:18
Беларусаў жа чакаюць наступныя пункты ўрачыстай праграмы. Пасля сканчэння цырымоніі перапахавання адбудзецца ўручэнне медалёў у гонар стагоддзя БНР.
17:14
Прэзідэнты апошні раз падышлі да трунаў.
17:10
Вайскоўцы робяць ганаровыя залпы ў гонар паўстанцаў.
17:07
17:02
Труны пачынаюць устаўляць у адмысловае месца ў сцяне, дзе яны будуць пахаваныя.
16:59
16:56
Нягледзячы на тое, што лідары беларускіх калон прасілі не скандаваць каля Вострай Брамы, людзі не вытрымлівалі, і «Жыве Беларусь» гучала нават там.
16:53
Варта адзначыць, што арганізатары пахавання з максімальнай павагай паставіліся да беларусаў. Нягледзячы на адсутнасць кіраўніка Беларусі, беларуская мова на роўных прысутная на цырымоніі.
Мужчынскі хор выконвае малітву па-літоўску.
16:52
У капліцы прысутнічаюць каталіцкія, грэка-каталіцкія і праваслаўныя святары.
16:44
Труны ўносяць у капліцу. Прагучаў артылерыйскі залп.
Прадстаўнікі беларускага, літоўскага і польскага духавенства суправаджаюць іх у апошнюю дарогу.
Прэзідэнты Літвы і Польшчы ды віцэ-прэм'ер Беларусі з непакрытымі галовамі назіраюць за падзеяй у спецыяльным павільёне каля ўваходу на Росы. Тысячы людзей і тысячы сцягоў расцягнуліся на дарозе трохі ніжэй, у іх на вачах, перад гіганцкім экранам, на якім ідзе трансляцыя цырымоніі.
Гучыць памінальны гімн на лацінскай мове. Яго выконвае мужчынскі хор.
16:36
Труны з парэшткамі паўстанцаў прыносяць на могілкі.
16:19
Картэж дасягнуў могілак Росы.
16:13
У Вострай Браме гучаць малітвы на беларускай, літоўскай і польскай мовах.
16:04
Каліноўскі паяднаў у калоне людзей розных палітычных поглядаў. Хрысціянскія дэмакраты і лібералы, нацыяналісты і сацыялісты ідуць разам.
Звяртае ўвагу поўная адсутнасць чырвона-зялёных сцягоў, толькі нацыянальныя.
16:00
Працэсія падышла да Вострай Брамы, там яна прыпынецца на некалькі хвілін, дзе адбудзецца невялікае набажэнства. А потым ужо скіруюцца да могілкі Росы.
15:49
Побач з карэспандэнтам Нашай Нівы ідуць 38-гадовы Аляксей і Ула і 10-гадовы Уладзік з Мінска. «Гэты дзень мой сын запомніць на ўсё жыццё».
Айцішнік Аляксей Глушко прыехаў на пахаванне, апрануты ў строй 19 стагоддзя.
15:40
Галава калоны мінула Ратушу. Хвост яшчэ застаецца на плошчы Гедыміна.
15:38
У калоне ідуць таксама кіраўніцы Згуртавання беларусаў свету Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская.
Людзі спяваюць «Пагоню».
15:33
Колькасць удзельнікаў шэсця можна ацаніць у 10 тысяч чалавек. У калоне ідуць вядомыя дзеячы культуры, грамадства.
Прысутныя пісьменнік Уладзімір Арлоў, старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, мастак Аляксей Марачкін, спявачка Кася Камоцкая, прадпрымальнікі і грамадскія дзеячы Павел Белавус і Зміцер Дашкевіч, палітыкі Уладзімір Някляеў і Павел Севярынец.
15:25
Прэзідэнты ідуць за лафетамі
Літоўцы адказваюць на скандаванні Жыве Беларусь сваім скандаваннем Летува, але тут іх меней, вядома
15:20
Пад барабанны бой і звон званоў сабора працэсія рушыла. Наперадзе парэшткі Каліноўскага і Серакоўскага. Працэсія пройдзе па вуліцах Урублеўскага, Святарога, Замкавай і Астрабрамскай панясуць да Вострай Брамы.
15:10
Пачынаюць выносіць труны. Агулам на Плошчы сабралася некалькі — каля пяці — тысяч чалавек. Абсалютную большасць складаюць беларусы.
14:48
Скрыншот відэа Радыё Свабода
Зараз распачнецца ўрачыстае шэсце на могілкі Росы. Усяго 3 км. Выстройваецца калона. Людзі скандуюць: «Жыве Беларусь!».
14:37
Віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка выступае па-беларуску. Знакава, што паролем пастаўнцаў Каліноўскага было: «Каго любіш? Люблю Беларусь». Асоба Каліноўскага назаўжды ўпісана ў гісторыю Беларусі, а яго памяць увекачана ў назвах вуліц, мастацкіх творах.
«Упэўнены, што капліца на Росах будзе месцам, куды будуць прыходзіць усе супольна: беларусы, літоўцы, палякі, украінцы, латышы», — кажа Петрышэнка
А вось яго словы пра тое, каб не выкарыстоўваць асобу Каліноўскага ў палітычных мэтах, прысутныя сустрэлі словамі «Ганьба».
Петрышэнка таксама дадаў, што беларускія ўлады прыклалі шмат высілкаў, каб ідэнтыфікаваць парэшткі ў Свіслачы, а таксама для супрацоўніцтва з літоўцамі.
14:12
Выступае прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа. Сімвалічна, што гара Гедыміна адкрыла магілы паўстанцаў.
Затым выступіў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. «Мы ніколі не забываліся на памяць пра паўстанцаў», — кажа ён.
Дуда ў сваёй прамове чатыры разы згадаў Беларусь.
14:10
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч назваў Каліноўскага героем Беларусі. Яго вітаюць словамі «Жыве Беларусь»
14:04
Імша заканчваецца. Хутка пачнецца ўрачыстае шэсце.
13:49
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч чытае частку малітвы па-беларуску
13:35
«Вельмі важная гістарычная падзея. Хто ведае, ці будуць яшчэ такія знаходкі ў нас? Таму і прыехала», кажа адна з беларускіх суддзяў. Просіць не называць яе імя
13:32
90% сцягоў на пахаванні — беларускія
13:30
На развітанні ёсць неафіцыйная група беларускіх сілавікоў. Яны трымаюць беларускую нацыянальную сімволіку.
13:12
У саборы пачалася імша.
13:05
Каталіцкія іерархі вітаюць удзельнікаў мерапрыемства. Ад Беларусі дэлегацыю каталіцкага касцёла ўзначальвае арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
12.50
У саборы пачынаецца святая імша. Прысутнічаюць таксама былыя кіраўнікі Літвы.
12.40
Да сабора прыбылі прэзідэнты Польшчы і Літвы з жонкамі
12.20
Віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка.
11:57
11:57
11:39
11:39
11:37
11:36
Прыехала старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, яна запрошана на ўрачыстасці афіцыйнымі ўладамі Літвы.
11:28
Засталіся адныя беларускія бел-чырвона-белыя сцягі. Адзін ці два польскія, і тое адзін, які прывезлі палякі з беларускай Ліды.
11:23
Хутка пачнецца ўрачыстая імша з удзелам кіраўнікоў Літвы і Польшчы.
11:06
11:06
10:55
10:49
10:27
Сярод СМІ таксама абсалютна пераважаюць беларускія.
10:27
10:26
10:19
Людзі ўваходзяць праз цэнтральныя дзверы ў сабор, абыходзяць труны і выходзяць з адваротнага боку сабора. Людскі паток не змяншаецца. Але, зноў-такі, вонкава пераважаюць беларусы.
10:17
На відэа ў саборы — палітык Рыгор Кастусёў, паэт Уладзімір Някляеў, пісьменнік Уладзімір Арлоў, журналіст Максім Клімковіч, праваабаронца Алесь Бяляцкі, журналісты Алесь Баразенка і Ірына Козлік.
Вонкава бел-чырвона-белых сцягоў працэнтаў 80. Літоўскія толькі афіцыйныя (пераважна ў людзей у вайсковай форме), польскіх амаль няма.
10:07
Людзі масава ідуць у сабор, каб развітацца.
10:03
10:01
Зараз будзе адкрыты доступ у сабор для развітання.
9:52
Трэба таксама ўлічваць, што яшчэ сотні беларусаў дабіраюцца да Вільні цягнікамі, аўтобусамі, машынамі. Стаяць на мяжы. Частка прыехала ўчора.
Сёння ў Вільні, як і ў Мінску, вельмі халодна.
9:46
У саборы іграе арган, звіняць званы. Іх ставяць каля алтара.
Нясуць труны з парэшткамі паўстанцаў. Іх заносяць у сабор, дзе пройдзе развітанне.
9:43
Вельмі шмат людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі (некалькі дзясяткаў, калі не сотня), што сцякаюцца да Катэдральнага сабора.
Каліноўскі быў публічна павешаны 22 сакавіка 1864 года на гандлёвай плошчы Лукішкі ў Вільні на загад расійскіх уладаў. Смерцю былі пакараныя два дзясяткі паўстанцаў. Іх пахавалі на гары Гедыміна, а магілы зраўнялі з зямлёй.
Падчас раскопак у 2017 годзе парэшткі былі выяўлены і ідэнтыфікаваны. Літоўскія ўлады вырашылі ўрачыста перапахаваць паўстанцаў на могілках Росы.
Чытайце:
Як расійскія салдаты пахавалі Кастуся Каліноўскага — рукі звязаныя за спінай, цела засыпанае вапнай
Цырымонію наведаюць сотні альбо нават тысячы беларусаў. Афіцыйную дэлегацыю прадстаўляе віцэ-прэм'ер Ігар Петрушэнка.
Праграма развітання
9.30 (Тут і далей указваецца беларускі час, у Літве на гадзіну меней) — Вынас трунаў з унутранага двара Палаца кіраўнікоў Вялікага княства Літоўскага.
9.40 — Унясенне трунаў у Кафедральны сабор-базіліку Св. Станіслава і Св. Уладзіслава
10.00 — 12.30 — Грамадскае развітанне
12.45 — Прыбыццё афіцыйных асобаў і замежных дэлегацыяў у Кафедральны сабор-базіліку Св. Станіслава і Св. Уладзіслава
13.00 — Святая Імша ў Кафедральным саборы-базіліцы Св. Станіслава і Св. Уладзіслава. Імшу служыць арцыбіскуп-мітрапаліт Гінтарас Грушас, удзельнічаюць біскупы і ваенныя капланы Літвы, Польшчы, Беларусі.
14.20 — Вынас трунаў з Кафедральнага сабора-базылікі Св. Станіслава і Св. Уладзіслава. Жалобная працэсія накіроўваецца на могілкі Росы. Парэшткі Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага павязуць на лафеце, іншых паўстанцаў — на катафалках.
(Маршрут жалобнай працэсіі: вул. Врублёўскё, Швентарагё, Пілес, Дзіджойі, Аўшрос Варту, Пелесос, Росы)
~ 15.00 — Спыненне жалобнай працэсіі каля Вострай брамы.
~ 15.30 — Прыбыццё жалобнай працэсіі на могілкі Росы.
15.40 — Унясенне трунаў у капліцу старых могілак Росы, апошняе развітанне. Памятны салют у гонар паўстанцаў 1863—1864 гадоў, а таксама ўсіх, хто змагаўся і загінуў за Свабоду.
17.00 — Капліцу на Росах, у якой пахаваюць паўстанцаў, адкрыюць для грамадскага наведання.
Спіс забітых удзельнікаў паўстання. У дужках — узрост на момант смерці:
- Станіслаў Ішора (24)
- Раймунд Зямацкі (53)
- Баляслаў Колышка (25)
- Юльян Ляснеўскі (31)
- Зыгмунт Серакоўскі (36)
- Аляксандр Раўкоўскі (27)
- Юзаф Раўкоўскі (36)
- Караль Сіповіч (19)
- Юзаф Яблонскі (20)
- Ян Бянькоўскі (26)
- Генрык Макавецкі (27)
- Уладзіслаў Нікаляй (26)
- Альберт Лясковіч (23)
- Казімер Сычук (Сацэвіч) (36)
- Мечыслаў Дарманоўскі (27)
- Ігнат Здановіч (23)
- Цітус Далеўскі (23)
- Якуб Чэхан (Чэхановіч, Цехановіч) (40)
- Канстанцін Вінцэнт Каліноўскі (26)
- Эдвард Чаплінскі
- Ян Марчэўскі (24).
Каментары