Грамадства1313

«А я яшчэ дала канцэрт у санаторыі…». У вакалісткі «Верасоў» — каранавірус з цяжкай пнеўманіяй

Надзея Мікуліч

Заслужаная артыстка Беларусі, былая вакалістка гуртоў «Чараўніцы» і «Верасы», 67-гадовая сьпявачка і кампазытарка Надзея Мікуліч захварэла на каранавірус. Цяпер яна знаходзіцца ў 6-м шпіталі Менску, паведамляе «Радыё Свабода».

Аналіз на каранавірус узялі таксама ў яе мужа Барыса Белага, у мінулым адміністратара гурту «Верасы». Надзея Мікуліч распавяла «Свабодзе» па тэлефоне пра тое, што зь ёй адбылося.

«Муж, я думаю, таксама трапіць у шпіталь»

Надзея Мікуліч хварэе з 23 сакавіка.

— Лячылі антыбіётыкамі на ўсялякі выпадак, але тэмпэратура не зьніжалася. Я папрасіла, каб мне зрабілі здымак. Рэнтген паказаў, што ў мяне падазрэньне на левабаковую пнэўманію. На наступны дзень зрабілі кампутарную тамаграфію, якая паказала двухбаковую пнэўманіяю, У суботу мяне паклалі ў 2-гі шпіталь Менску. А перад гэтым зрабілі аналіз на каранавірус. У панядзелак мне пазванілі з санэпідэмстанцыі і сказалі, што ў мяне меркаваны каранавірус, і тады мяне перавялі ў 6-ты шпіталь. Цяпер у мяне пнэўманія двухбаковая і каранавірус. Лячуся.

Надзея Мікуліч кажа, што адчувае сябе больш-менш нармальна.

— Тут проста няма руху. Толькі ў палаце і да туалету дайсьці, нікуды нельга хадзіць. Калі я па вуліцы ішла, то задыхалася, не хапала паветра. Цяжка было дыхаць апошнія дні. І дагэтуль цяжка дыхаць. Кожны дзень правяраюць насычанасьць крыві кіслародам. У мяне крыху паніжаная — трэба 100%, а ў мяне 92%.

Сьпявачка распавяла, што ў аўторак аналіз на каранавірус узялі ў яе мужа.

— Сёньня прыяжджалі да мужа, прадэзынфікавалі ўсю кватэру. Праз тры дні будзе вынік. Муж таксама пачынае сябе дрэнна адчуваць. У яго вусны сохнуць. Але ўсё роўна зьбіраецца на дачу зьезьдзіць на некалькі дзён, а потым, я думаю, што ён таксама трапіць у шпіталь. Мы ж разам былі, у адной кватэры жывем.

«Я яшчэ адпрацавала 21 сакавіка канцэрт у санаторыі ў Ўзьдзенскім раёне»

Сьпявачка і рыбачка Надзея Мікуліч. Малюнак Анатоля Гармазы

Надзея дакладна ня ведае, дзе магла заразіцца.

— Муж хадзіў на працу, езьдзіў у мэтро, у грамадзкім транспарце. Можа, ён быў носьбітам. А можа, у гасьцях атрымала, бо я не адзін раз была ў гасьцях. Усе там здаровыя былі, але адна жанчына з той кампаніі, дзе мы былі, цяпер знаходзіцца ў рэанімацыі ў гэтым жа 6-м шпіталі, як і яе муж. Ці яна мужа заразіла, ці муж яе заразіў. Яна захварэла 21 сакавіка, а я — 23 сакавіка. А ў гасьцях мы былі 18 сакавіка. Я яшчэ адпрацавала 21 сакавіка канцэрт у санаторыі ў Ўзьдзенскім раёне. Тады адчувала сябе добра. А потым узьнялася тэмпэратура, была слабасьць, спаць хацелася ўвесь час. Млявасьць і абыякавасьць. Усе сымптомы дрэнныя.

Надзя Мікуліч кажа, што яна асьцерагалася каранавірусу, адчувала небясьпеку.

— Я нікуды не хадзіла, толькі выгульвала сабачку. На пошту мужа дасылала пасылку забраць. У краму не хадзіла. Праз інтэрнэт замаўляла. Я імкнулася моцна не кантактаваць зь людзьмі. Калі на вуліцы сустракаліся з сабачнікамі, была на адлегласьці, папярэджвала, што ў мяне тэмпэратура і я ня ведаю, што ў мяне.

Сьпявачка кажа, што разам зь ёй ляжаць усе людзі, хворыя на каранавірусную інфэкцыю.

— Тут, напэўна, шпіталь спэцыялізаваны. Маю суседку па палаце ў 2 шпіталі таксама сюды перавезьлі, бо мы разам ляжалі. Потым і ў яе каранавірус знайшлі. Я і яе заразіла. Такая вось гісторыя. У маёй палаце ляжыць жанчына, якую прывезьлі з 3-га шпіталю, і бабулька, якую ўчора з санаторыя «Пралеска» прывезьлі ўначы.

Усе мы ізаляваныя. Усе палаты закрытыя, ніхто ні зь кім не кантактуе. Выйсьці можна ў туалет ці душ. Тут агульныя душ і туалет, у палатах няма. Мэдсёстраў не дачакаесься, дактароў не дачакаесься. Нікога няма на паверсе ўвогуле. Там, дзе павінна сядзець мэдсястра, ляжыць запіска зь яе тэлефонам, каб, калі патрэбна, пазваніць. Была праблема, калі бабулі стала дрэнна з сэрцам, мы пазванілі мэдсястры, і яна прыйшла праз 40 хвілінаў. Тут памрэш і не дачакаесься доктара і мэдсястры. Яны зробяць сваю справу і ўцякаюць… Спачатку не хацела пра гэта расказваць, а потым усё ж вырашыла расказаць…

Каментары13

Цяпер чытаюць

Спевака з «Марафону адзінства» асудзілі за палітыку — прыгадалі каментары 2020-га. Бараніць у суд яго хадзілі сёстры Груздзевы16

Спевака з «Марафону адзінства» асудзілі за палітыку — прыгадалі каментары 2020-га. Бараніць у суд яго хадзілі сёстры Груздзевы

Усе навіны →
Усе навіны

Ціханоўская вітала ўвядзенне Зяленскім санкцый супраць Лукашэнкі3

Беларус зрабіў вінтажны рамонт у 178‑гадовай кватэры ў стылі «бабушатнік» і робіць на ёй бізнэс. Паглядзіце, як выйшла7

Зяленскі ўвёў санкцыі супраць Лукашэнкі33

Улады Швецыі лічаць Расію галоўнай пагрозай

Уначы тэмпература апускалася да мінус 28°С

Школьнік спалохаўся, што ў Беларусь прыляцяць дроны, і аддаў кур'еру $30 000. А той схаваў грошы ў падштаннікі2

У Беларусі пакажуць расійскую кінаагітку — здымалі ў Крыме, Данецку і Марыупалі14

Адзінаццацікласнік мінскай школы скончыў жыццё самагубствам4

Сем тысяч еўра на патрэбы сям'і Паўла Севярынца сабралі за лічаныя гадзіны5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Спевака з «Марафону адзінства» асудзілі за палітыку — прыгадалі каментары 2020-га. Бараніць у суд яго хадзілі сёстры Груздзевы16

Спевака з «Марафону адзінства» асудзілі за палітыку — прыгадалі каментары 2020-га. Бараніць у суд яго хадзілі сёстры Груздзевы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць